
АЗЯЦКІ
Як запэўніла дырэктар Старасельскай сярэдняй школы Надзея Шкіп, у навучальнай установе, дзе дзейнічае “Школа міру”, робіцца шмат для выхавання ў вучняў пачуцця любові да Радзімы. Зараз у школе праходзіць дэкада патрыятычных спраў. У яе рамках ладзілася святкаванне Дня юнага героя-антыфашыста, які адзначаецца 8 лютага. Вучні 5 – 11 класаў разам з педагогам-арганізатарам Янай Кавальчук успомнілі біяграфіі дзяцей, што аддалі свае жыцці ў барацьбе за мір і свабоду, праявілі смеласць і стойкасць у змаганні з нацызмам. На сустрэчы падкрэслівалася роля захавання міру і подзвігу юных землякоў у справе вызвалення роднага краю. Сярод іх – ветэран вайны Іван Аляксандравіч Алексіевіч, які зусім маладым удзельнічаў у партызанскім руху на Жабінкаўшчыне, дапамагаючы байцам Старасельскага атрада імя Міхаіла Чарнака.
ЖАБІНКАЎСКІ
Пра важнасць захавання парадку на зямлі і добраўпарадкаванне вёсак у Жабінкаўскім сельсавеце ішла размова на пасяджэнні сельскага выканаўчага камітэта, які правёў старшыня сельвыканкама Аляксандр Апекуноў. З удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Андрэя Юруця і начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Аляксандра Казака былі падведзены вынікі за мінулы год і намечаны планы на сёлетні. Год добраўпарадкавання краіны ставіць важныя задачы перад вяскоўцамі. Сярод стараст за актыўную грамадзянскую пазіцыю быў адзначаны стараста вёсак Бабры і Панцюхі Аляксандр Цалюк. Шмат увагі было ўдзелена пытанню падрыхтоўкі да 80-годдзя Вялікай Перамогі. Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна рэкамендаваў звярнуць асаблівую ўвагу на стан гістарычных помнікаў і воінскіх пахаванняў у сельсавеце, а таксама прапанаваў атуліць увагай людзей пажылога веку, найперш тых, каго мы завем “дзецьмі вайны”.
СЦЯПАНКАЎСКІ
Нядаўна ў Жабінцы і наваколлях пабывала здымачная група вядомай турыстычнай тэлепраграмы “Маршрут пабудаваны”, якая выходзіць на канале “Беларусь 1”. За пяць гадоў стваральнікі праграмы пабывалі ў многіх кутках краіны. Чатыры гады таму Жабінка ўжо трапляла ў іх аб’ектыў. Аднак наш край настолькі багаты на дзівосы, што цяпер зноў прыйшла чарга расказаць гледачам пра Жабінкаўшчыну. Між іншым, тэлевізійшчыкаў зацікавіў лёс “вогненнай вёскі” Драмлёва. Таму яны наведалі мемарыяльны комплекс у Сцяпанкаўскім сельсавеце, дзе ўвекавечаны ахвяры трагедыі, што адбылася 11 верасня 1942 года. Выхад перадачы плануецца на вясну. Сачыце за праграмай перадач!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
