Сёння адзначаецца Міжнародны дзень школьнай гульні. А таму мы завіталі ў Крыўляны, каб даведацца, як інтэлектуальныя гульні дапамагаюць вясковым школьнікам лепш вучыцца, рашаць праблемы і ўзаемадзейнічаць паміж сабой і дарослымі.

Крыўлянская школа, якую амаль сорак год узначальвае Аляксандр Казюра, вядома сваімі выпускнікамі. Цяпер тут займаецца ўсяго сотня навучэнцаў, якія працягваюць ранейшыя традыцыі. І галоўная з іх – вучыцца старанна, з любоўю да роднага краю.
Нездарма, калі летась раёнка абвяшчала конкурс “Прыходзіць з дабром газета ў кожны дом” творчыя работы адразу трох юных крыўлянцаў былі адзначаны і ўзнагароджаны. Свае падарункі (да якіх дадаваліся цёплыя словы) атрымалі васьмікласніцы Насця Сахарчук і Яна Грыцук, а таксама першакласнік Арцём Алізарук, які толькі з гэтага навучальнага года пачаў, як гаворыцца, грызці граніт навук. Канкурсанты добра вучацца і пры гэтым не забываююць пра гульні.
Даўно заўважана: чалавек з маленства праз гульню спазнае свет, набывае навыкі і веды ў працы і мастацтве, навуцы і спорце, а галоўнае – у адносінах з іншымі людзьмі.
Педагогі, якія зразумелі гэта, прапавалі ў першую сераду лютага адзначаць Міжнародны дзень школьнай гульні. Такім чынам, у 2015 годзе адбыўся першы такі дзень, і за дзесяцігоддзе да яго святкавання далучыліся сотні тысяч вучняў на ўсіх кантынентах (акрамя Антарктыды, дзе могуць гуляцца хіба толькі маленькія пінгвіны…).
Так атрымалася, што і ў Крыўлянскай сярэдняй школе ёсць дзеці, якім цікава гэтае свята. Дарэчы, Сусветны дзень школьных гульняў з самых пачаткаў быў арыентаваны ў першую чаргу на вучняў, аднак прызначаны ён не толькі для дзяцей. Многія дарослыя любяць бавіць час за настольнымі гульнямі, крыжаванкамі ды галаваломкамі. Мо нездарма нават дырэктар Аляксандр Казюра ахвотна пачаў гуляць у шахматы з васьмікласніцай Маргарытай Лахміцкай. І трэба было бачыць, з якім спартыўным азартам Аляксандр Іванавіч рухаў па дошцы шахматныя фігуры!
Пагэтаму, як маеце жаданне адсвяткаваць Сусветны дзень школьных гульняў з класам, калегамі, сябрамі або ўсё сям’ёй – гэта кожнаму будзе на карысць і ў радасць. Бо на той час, пакуль ідзе гульня, вы адключыце тэлефоны, а замест гэтага атрымаеце асалоду ад жывых зносін з аднагодкамі і аднадумцамі.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
