Наталля ВАЛОШКА
Трыялет
М. Багдановічу
Агнём пяклі людзей радкі паэта,
Здаецца, лёд расплавіць сэрцам мог.
І на жыццёвых ростанях дарог
Агнём пяклі людзей радкі паэта.
І без сумнення я сцвярджаю гэта:
Хоць быў не чараўнік ён і не Бог,
Агнём пяклі людзей радкі паэта,
Здаецца, лёд расплавіць сэрцам мог.
БОГАМ ДАДЗЕНЫ БЕЛАРУСІ
Ён разам з Купалам, Коласам, Цёткай стаяў ля вытокаў сучаснай беларускай літаратуры. Максім БАГДАНОВІЧ — вечны гонар Беларусі.
На магіле паэта
Было 27 лютага 1986 года. Я адпачываў у пансіянаце “Місхор”. Гэта быў не першы мой прыезд у Крым. Неаднойчы выпала бываць і ў Ялце. Экскурсаводы ахвотна расказвалі пра Чэхава і яго сям’ю, пра сучасных пісьменнікаў, але варта было запытацца пра Багдановіча, як яны толькі паціскалі плячыма. Не маглі дапамагчы і карэнныя жыхары.
На гэты раз я наведаў музеі Канстанціна Транёва і Пятра Паўленкі, якія месціліся ў адным будынку. Маю ўвагу прыцягнуў лісток з запісной кніжкі. Невядомы аўтар напамінаў Паўленку, што магіла класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча ў непрыглядным выглядзе і прасіў дапамогі навесці парадак.
Я падвёў да стэнда экскурсавода. Жанчына сазванілася з Інстытутам літаратуры ў Сімферопалі, і скора я ведаў дакладны адрас: Багдановічава магіла месціцца на Старых гарадскіх могілках у адным квадраце з пісьменнікам Мікалаем Біруковым ды сям’ёй Чэхавых.
На аўтобусным прыпынку ля могілак бабулька прадавала ландышы. Я быў упэўнены, што сёння мне пашанцуе, і купіў букецік. На адной з дарожак, якія дзялілі вялізныя могілкі на квадраты, убачыў указальнік да магіл Бірукова і Чэхавых. Вось я ля шыкоўнага помніка Бірукову, а вочы слізнулі ўбок і выхапілі два словы: “Максім Багдановіч”. Паволі падыходжу да сціплага, шэравата-белага абеліска нашаму паэту. На ім — радочкі з “Санета”. А крыху ніжэй — гады жыцця.
…Вось і сустрэўся я з табою, Максіме. Змог пастаяць побач, пакласці на тваю магілу белыя кветкі-званочкі, пакланіцца за ўсё, што ты зрабіў для нашай літаратуры. Пакланіўся і за тое, што ты, часта жывучы далёка ад Беларусі, любіў і аберагаў матчыну мову. І крыху ў гэты час пашкадаваў, што не было ў маёй руцэ палявога васілька, так хораша апетага табою.
Богам дадзены Беларусі
9 снежня 2006 года ў абласной бібліятэцы імя Горкага праходзіла літаратурная вечарына, прысвечаная 115-й гадавіне з дня нараджэння Максіма Багдановіча. У ёй бралі ўдзел госці з Мінска: Алесь Пашкевіч ды Эдуард Акулін — малады чалавек з добрым, светлым і адкрытым абліччам. Гэта ён, Эдуард Аляксандравіч, калі падышла пара выступаць, выйшаў з гітараю да мікрафона. Гэта ён назваў Багдановіча “дадзеным Богам для Беларусі”. Гэта ён праспяваў пад гітару дзве песні, матывы якіх былі падказаны творчасцю незабыўнага Максіма, і прамовіў:
— Сёння дзень нараджэння прарока Максіма. Бачыце, якое яркае сонца. Я заўважыў, што ў гэты дзень не бывае ні снежна, ні хмарна — заўсёды светла і сонечна. Гэта Максім адтуль усміхаецца нам, радуецца за нас.
Усе міжволі зірнулі ў акно, дзе хораша, зусім не па-зімоваму, свяціла сонца…
Усе мы вучымся ў яго
Багдановіч намнога апярэдзіў свой час, і сёння ён наш сучаснік: у яго імкнуцца вучыцца маладыя, пачынаючыя паэты. Максіму было крыху болей за дваццаць, калі ён заклікаў аўтараў “з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, абрабіць яго трэба з цярпеннем”, каб твор, прыйшоўшы да чытача, закрануў самыя патаемныя струны яго душы.
Пасля выхаду майго зборніка “Тры свечкі” прэзентацыя прайшла ў Брэсцкім дзяржуніверсітэце. Выкладчыца Ніна Борсук даказвала калегам і студэнтам, што мае творы працягваюць лепшыя традыцыі Багдановічавай паэзіі: часта “пераклікаюцца” матывы, у кнізе прачытаеш актавы, санеты ды трыялеты — любімыя Максімавы жанры.
Хаця ў зборніку быў толькі адзін верш, прысвечаны Багдановічу, але Ніна Мікалаеўна, мабыць, мела рацыю: пазней напішуцца вершаваны “Трыпціх вяртання” і апавяданне “Праездам” пра мінскі перыяд Максімавага жыцця. Пра апошнія дні жыцця ў Ялце раскажа ў вершы паэт-зямляк Іван Арабейка.
Памятаецца, як група літаратараў з Мінска пабывала ў Жабінцы, выступала ў трэцяй гарадской школе і ў раённай бібліятэцы. Леанід Дранько-Майсюк сярод вершаў прапанаваў і пра любімага паэта, а Эдуард Акулін прызнаваўся, што пачынаў пісаць па-руску, але знаёмства з творчасцю Багдановіча павярнула да беларускай мовы. І цяпер назаўжды.
Літаральна кожны “плыневец” сказаў сваё слова пра слыннага паэта. У гэтыя снежаньскія дні нарадзіліся Наталля Валошка (Аляксейчык) ды Алесь Каско. Апошняму сёлета споўнілася б 70. Хіба маглі яны не напісаць шчырае і вабнае слова пра слаўнага папярэдніка? Дый, думаецца, наступныя пакаленні не забудуцца аб ім. Бо назаўсёды застаюцца з намі тыя, хто аддаў сябе спаўна маці-Беларусі.
Расціслаў БЕНЗЯРУК
