45-ы сезон за штурвалам камбайна

Алёна НІКАНЧУК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Такі своеасаблівы рэкорд мае ў сваёй працоўнай біяграфіі камбайнер ААТ “Арэпічы” Іван Дубіна (на здымку). Іван Мікітавіч прыйшоў у гаспадарку (тады калгас “Усход”) у 1968 годзе і ўвесь час рупіўся трактарыстам-машыністам. Тэхніка была розная: МТЗ-50, 80, 82, а падчас уборачнай кампаніі, пачынаючы з 1974-га, кожны год сядаў за руль камбайна. Ураджай даводзілася ўбіраць на СК-4, “Ніве”, “Кейсе”, “Лідзе”, зараз — на “Палессі 1218”. Менавіта за штурвалам гэтага зернеўборачнага камбайна мы ўбачылі Івана Дубіну, калі пад’ехалі з фотакарэспандэнтам на поле за вёскаю Вярхі, дзе актыўна ішла ўборка яравога ячменю. У кароткай размове (а падчас жніва дарагая кожная хвіліна) Іван Мікітавіч расказаў, што дзякуючы добраму надвор’ю, якое ўсталявалася, уборка набірае тэмпы. Адзначыў якасць і камфорт сучаснай тэхнікі, на якой прыемна працаваць. Другі год запар памочнікам у яго зяць Ігар Марчук, раней дапамагаў і ўнук Дзмітрый. Да слова, жонка Івана Дубіны Любоў Дзмітрыеўна працавала ў гаспадарцы аператарам машыннага даення. Дзве дачкі таксама звязалі сваю працоўную дарогу з сельскай гаспадаркай. Так, Ларыса і Ганна — аграномы, адна рупіцца ў “Вазнясенскім”, другая — ў “Жабінкаўскім”. І толькі Алена — юрыст.
Летась Іван Дубіна адзначыў круглую дату — 70-годдзе. Але не забываюць у гаспадарцы шчырага рупліўца, запрашаюць на ўборку. Іван Мікітавіч удзячны кіраўніцтву таварыства, што і цяпер, нягледзячы на ўзрост, ён застаецца ў працоўным страі і ўносіць свой пасільны ўклад у агульны хлебны каравай раёна.