40 год чарнобыльскай трагедыі: «Няпроста вяртацца ў мінулае»

40 год чарнобыльскай трагедыі: «Няпроста вяртацца ў мінулае»

“Сорак год таму я быў зусім малады”, – пачынае свой расповед жабінкавец Ігар Капусцін (на здымку) і воляй-няволяй згадвае былое – той трагічны дзень 26 красавіка 1986 года, калі чорная быль атруціла цудоўныя палескія мясціны і прымусіла развітацца з родным краем. Няпроста бывае нават у думках вяртацца ў мінулае, зноў і зноў перажываць расстанне з роднай зямлёй, закранутай той страшнай бядой.

Хлебная зямля радзіць не магла

Вясна восемдзесят шостага года была для яго часам вялікіх спадзяванняў. Ігар заканчваў выпускны дзясяты клас у роднай Карме. У памятны суботні дзень, 26 красавіка, калі выбухнуў рэактар на Чарнобыльскай атамнай станцыі, юнак у гарадскім пасёлку здаваў іспыты на вадзіцельскія правы ў Добраахвотным таварыстве садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту. Суразмоўца ўспамінае, як было прыемна і вельмі радасна ў той дзень. І не дзіўна, бо атрымалася паказаць свае навыкі і прадэманстраваць добрыя веды. Здавалася, што наперадзе – усё самае лепшае, ажыццяўленне юначых надзей…

Тады і блізка ў думках не было, што ў гэты самы час кіламетраў за 150 ад Кармы здарыўся выбух. Хоць адлегласць была вельмі значнай, ды гэты раён усё ж моцна папакутаваў ад тэхнагеннай катастрофы, якая ў выніку моцна паўплывала на лёсы кармянцаў.

Толькі ў пачатку мая, ужо пасля святаў, людзі загаварылі пра тую бяду. Ігар бачыў непрыхаваны неспакой на тварах бацькоў. Сяргей Рыгоравіч і Тамара Мікалаеўна найперш моцна перажывалі за дзяцей – Ігара і яго брата Мікалая.

Да слова, сёння яны абодва жывуць і працуюць у Жабінцы: старэйшы – на камбікормавым заводзе, а малодшы – у аддзяленні Дэпартамента аховы. Калі браты збіраюцца разам, часам згадваюць юнацтва, апаленае Чарнобылем, і тату з мамай, што абое памерлі ў 2013 годзе. На працягу ўсяго трох месяцаў Сяргей Рыгоравіч і Тамара Мікалаеўна сышлі ў магілу адзін за адным. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграла аварыя на ЧАЭС…

Ігар Сяргеевіч на хвіліну спыняецца ва ўспамінах, быццам у думках зноў аглядае сваё жыццё, пачынаючы з памятнай даты 26 красавіка 1986 года:

– Наш Кармянскі раён апынуўся ў зоне адчужэння. Адсялялі, бадай, усе вёскі, што знаходзіліся за ракою Сож. Гэтыя паселішчы тады хутка абязлюдзелі. Іх жыхары раз’ехаліся літаральна па ўсёй Беларусі шукаць прытулак і новае месца для жыцця, бо родныя краі аказаліся назаўсёды атручанымі ды забруджанымі. Некалі шчодрая зямля больш не магла расціць бяспечныя для чалавека хлеб, садавіну ды агародніну.

Жабінка – край выратавальны

Сам Ігар Сяргеевіч не адразу паехаў з малой радзімы. Ён закончыў школу, а праз год накіраваўся ў войска. Пасля службы ў Падмаскоўі зноў вярнуўся ў Карму. Тады і вырашыў замяніць салдацкі шынэль на міліцэйскую форму. Выбар гэты быў свядомы. У лістападзе 1989-га дваццацігадовы юнак вярнуўся дамоў, а ўжо праз месяц працаваў міліцыянерам-вадзіцелем дзяжурнай часці Кармянскага РАУС. Тры гады Ігар Капусцін верай-праўдай адслужыў у мясцовым аддзеле ўнутраных спраў, а затым у яго біяграфіі з’явілася Жабінка.

На двары буяў квеценню красавік 1993 года, калі Ігар Сяргеевіч перавёўся ў наш горад. Як і для многіх перасяленцаў, прычынай, што прымусіла змяніць усход Беларусі на яе захад, сталі сямейныя абставіны. Наш суразмоўца пабраўся шлюбам з прыгажуняй Галінай. Неўзабаве ў сям’і з’явіўся першынец Андрэй. Аднойчы на сямейнай нарадзе Капусціны вырашылі, што здароўе маленькага сына – найважнейшае багацце, якое нельга згубіць. Таму Ігар і Галіна са сваім Андрэйкам згадзіліся выехаць з забруджанай зоны ў горад, дзе ім прапанавалі новую кватэру. Гэтым горадам і аказалася Жабінка – край для іх выратавальны.

– У тым, што мы апынуліся тут, ніводнага разу не пашкадавалі ні я, ні мая сям’я, – упэўнена гаворыць Ігар Капусцін, – паколькі Жабінка – цудоўны горад, а навакольныя мясціны выдатныя для жыцця як дарослым, так і дзецям. Малодшы сын Сяргей нарадзіўся ўжо ў горадзе-спадарожніку. А старэйшы яго брат Андрэй і зараз з сям’ёй жыве ў Жабінцы. Такім чынам ужо сапраўды сваімі каранямі прывязаліся да гэтай зямлі, якая дала нам некалі прытулак, прыняла ветліва, а цяпер стала ўжо цалкам сваёю. Што тычыцца непасрэдна мяне, дык у 2009 годзе звольніўся з міліцыі ў запас, але ж працягваю працаваць на камбікормавым заводзе.

Жыццё, як бачым, працягваецца. Аднак колькі б часу не мінула з той памятнай вясны, калі здарылася чарнобыльская катастрофа, на Радаўніцу ды ў іншыя дні смутку і памяці былыя жыхары адселеных вёсак вяртаюцца ў родныя мясціны, што пацярпелі ад злыбяды.

Не складаюць выключэнне і Капусціны. Там, на Гомельшчыне, і зараз жывуць сваякі. А яшчэ – зберагаюцца магілы продкаў. Пагэтаму праз кожныя тры-чатыры гады Ігар Сяргеевіч са сваімі блізкімі прыязджае ў Карму, каб прыйсці да тых магіл разам з роднымі людзьмі, памянуць кожнага, каго ўжо няма на гэтай зямлі.

Лёсы вельмі многіх закранула спякотная вясна 1986 года. Таму ва ўспамінах жывых працягвае існаваць незагойны след чорнай былі – чарнобыльскай бяды.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара