4 снежня — Дзень нараджэння Брэстчыны

ГЕРОІ СССР І БЕЛАРУСІ

Сёння Брэсцкая вобласць адзначае чарговую гадавіну. Дзень яе ўзнікнення — 4 снежня 1939-га. Гэта выдатная нагода прыгадаць імёны найбольш слаўных яе сыноў — Герояў СССР і Беларусі.

Герой Савецкага Саюза — найвышэйшая ўзнагарода СССР. Гэтае званне атрымалі 458 беларусаў і нараджэнцаў Беларусі, з іх усяго 18 — берасцейцаў. Першым узнагароджаным беларусам паводле паходжання стаў лётчык Мікалай ГАСТЭЛА.
Восем чалавек — нараджэнцаў Беларусі мелі дзве Зоркі Героя. Першым, хто быў удастоены ўзнагароды двойчы як у Беларусі, так і ва ўсім СССР, быў лётчык з Брэстчыны Сяргей ГРЫЦАВЕЦ, уганараваны высокім званнем у лютым і жніўні 1939 года.
У спісах Герояў Савецкага Саюза няма ніводнага жабінкаўца. Хоць дзве асобы маглі імі стаць. Гэта Мікалай Паўлавіч ГРАЧАНІК (1923–1945) з За-дзерця і стараселец Міхаіл Мікітавіч ЧАРНАК (1911-1943). Аднак замест Геройскіх Зорак яны пасмяротна атрымалі ордэны Славы і Айчыннай вайны адпаведна.
У сучаснасці існуе званне “Герой Беларусі” — найвышэйшая ступень адрознення ў нашай краіне. Яно было ўведзена 13 красавіка 1995 года “за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам, звязаныя з подзвігам, здзейсненым у імя свабоды, незалежнасці і росквіту Рэспублікі Беларусь”.
На сёняшні дзень званне атрымалі 13 чалавек, з іх двое — берасцейцы.
Уладзімір КАРВАТ, падпалкоўнік авіяцыі, узнагароджаны 21 лістапада 1996 года (пасмяротна). Уладзімір Мікалаевіч нарадзіўся 28 лістапада 1958-га ў Брэсце. Яго імя нада-дзена вуліцам у Мінску, горадзе над Бугам, скверу ў Баранавічах. Помнікі пастаўлены ў Брэсце і вёсцы Арабаўшчына Баранавіцкага раёна — на месцы, дзе лётчык здзейсніў подзвіг.
У першы веснавы дзень 2006 года Залатая Зорка ўпрыгожыла грудзі старшыні праўлення Нацыянальнага банка, нараджэнца Пружаншчыны Пятра ПРАКАПОВІЧА.
Апошнімі па часе высокую ўзнагароду атрымалі пасмяротна маёр Андрэй НІЧЫПОРЧЫК і лейтэнант Мікіта КУКАНЕНКА — лётчыкі вучэбна-баявога авіяцыйнага звяна. Свой подзвіг яны здзейснілі ў 12 гадзін 33 хвіліны 19 мая 2021 года, калі адвялі падаючы самалёт ад жылых дамоў у Баранавічах. 24 лістапада лётчыкі абвешчаны Героямі Беларусі.
Анатоль РОСТАЎ