30 ЗОРАК, народжаных на жабінкаўскай зямлі

Завяршаем пералік “30-ці ЗОрак”, народжаных на нашай зямлі. Аднак гэтымі асобамі спіс выдатных землякоў нават прыблізна не вычарпаны. Наша зямля з глыбіняў вякоў багацела сваімі таленавітымі і гераічнымі сынамі і дочкамі. Так было раней, так працягнецца і ў будучым. Таму гэтыя тры дзясяткі жабінкаўцаў — толькі невялікая частка тых, каго патрэбна згадваць у Год гістарычнай памяці і ў наступныя гады. Бо яны сталі гонарам Жабінкаўшчыны, прыкладам для іншых.

СЕКЯРЖЫЦКІ Уладзімір Станіслававіч [нарадзіўся ў 1951 годзе ў вёсцы Жабінка] — сын жабінкаўскага педагога Веры Віктараўны Секяржыцкай, якая са жніўня 1966 года насіла званне “Заслужаны настаўнік БССР”. Са свайго боку, Уладзімір Станіслававіч — кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт, былы загадчык кафедры тэарэтычнай фізікі і астраноміі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна.
СЕКЯРЖЫЦКІ Станіслаў Станіслававіч [нарадзіўся ў 1955 годзе ў гарадскім пасёлку Жабінка] — малодшы брат папярэдняга, таксама кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт БрДУ, кіраўнік падрыхтоўкі каманды студэнтаў Беларусі на міжнародных спаборніцтвах па астраноміі і астрафізіцы. З гэтых “зорных” алімпіяд яго выхаванцы нязменна вярталіся са шматлікімі ўзнагародамі.
СЕРАФІМ (Васіль Іванавіч Пятручык) [нарадзіўся ў 1965 годзе ў гарадскім пасёлку Жабінка] — ігумен Хмелеўскага Свята-Праабражэнскага манастыра (з 1999), “Чалавек года — 2000” на Брэстчыне. Імя і справы айца Серафіма шырока вядомы далёка па-за межамі Жабінкаўшчыны.

СІДАРУК Павел Фёдаравіч [нарадзіўся ў 1950 годзе ў вёсцы Мышчыцы] — расійскі грамадскі і палітычны дзеяч, журналіст, старшыня Кабардзіна-Балкарскага грамадскага руху “За адзінства — «Сябры»”. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2022).
ТРАФІМУК Андрэй Аляксеевіч [нарадзіўся ў 1911 годзе ў вёсцы Федзькавічы — памёр у 1999 годзе] — акадэмік, прафесар, доктар геалагічных навук, Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер шасці ордэнаў Леніна і трох Дзяржаўных прэмій СССР і Расійскай Федэрацыі, адкрывальнік радовішчаў нафты і газу ў СССР, Румыніі, Кітаі.
ТРЭМБІЦКІ Антоні Вікенцій [нарадзіўся ў 1764/1765 годзе ў маёнтку Плошча (зараз ужо не існуе) паблізу Жабінкі — памёр у 1834 годзе] — палітычны і грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай, дыпламат, заканадаўца, дэпутат Чатырохгадовага сейма, на якім была зацверджана Канстытуцыя дзяржавы (1791). Атрымаўшы за мяжой агранамічную адукацыю, Антоні Трэмбіцкі вызначыўся як пачынальнік многіх тэхналагічных навацый у сельскай гаспадарцы, стаў заснавальнікам мануфактуры, выступаў за ўтварэнне Вышэйшай сельскагаспадарчай школы.
УЛАДЗІМІР (Уладзімір Іванавіч Лявіцкі) [нарадзіўся ў 1842/1843 годзе ў вёсцы Вялікія Сяхновічы — памёр у 1923 годзе] — протаіерэй (з 1879), настаяцель Свята-Мікалаеўскай царквы ў французскай Ніцы (1867-1878), заснавальнік і настаяцель у 1878-1922 гадах праваслаўнага храма Раства Хрыстова і Міколы Цудатворца ў Фларэнцыі (Італія).
ЧАРНАК Міхаіл Мікітавіч [нарадзіўся ў 1911 годзе ў вёсцы Старое Сяло — памёр у 1943 го-
дзе] — удзельнік руху за ўз’яднанне Беларусі, у чэрвені 1941 года стаў адным са стваральнікаў партызанскага атрада, які пасля яго гібелі атрымаў імя Чарнака. У гонар Міхаіла Мікітавіча названы сквер у Старым Сяле і вуліца ў Жабінцы. Ён быў пахаваны ў цэнтры роднай вёскі.
ШОРАХ Рыгор Паўлавіч [нарадзіўся ў 1930 годзе ў вёсцы Налезнікі] — доктар медыцынскіх навук (1975), прафесар шпітальнай медыцыны (1980), быў загадчыкам кафедры неадкладнай хірургіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў. Узнагароджваўся медалём Пірагова, выдатны хірург атрымаў ганаровае званне “Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь”.
ЯСІНСКІ Мікалай Несцеравіч [нарадзіўся ў 1937 годзе ў вёсцы Дзяменічы — памёр у 1996 годзе] — слынны механізатар, у 1957-1992 гадах працаваў у Камянецкай машынна-трактарнай станцыі, а затым у калгасе “Запаветы Ільіча” (Падлессе). Мікалай Ясінскі — першы і адзіны на Жабінкаўшчыне поўны кавалер ордэна Працоўнай славы.
Анатоль БЕНЗЯРУК