У 10 гадзін раніцы ля помніка загінулым воінам і партызанам у цэнтры горада адбыўся ўрачысты мітынг. Нягледзячы на складаную эпідэміялагічную сітуацыю, людзей было шмат. Гэта асаблівае свята, якое аб’ядноўвае беларусаў, нагадвае аб подзвігу дзядоў і прадзедаў, захоўвае памяць пра вялікі боль у гісторыі краіны. Падчас урачыстасці прагучалі жахлівыя лічбы загінулых воінаў, спаленых населеных пунктаў, назаўжды перарваных лёсаў мірных жыхароў…
У рамках рэспубліканскага патрыятычнага праекта “Кветкі Вялікай Перамогі” прысутным уручылі бутаньеркі, якія складаюцца з яблыневай кветкі і чырвона-зялёнай стужкі. Гэтая красачка — сімвал чысціні, свежасці, вясны, адраджэння, пачатку новага жыцця, што перадае агульнанародную радасць беларусаў у сувязі з Днём Незалежнасці. Да слова, у народных славянскіх традыцыях яблыня — дрэва, якое адлюстроўвае непарыўную памяць, што яднае пакаленні.
Кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі розных прадпрыемстваў і арганізацый, моладзь усклалі кветкі і вянкі да помніка. Мы памятаем і аддаем даніну павагі доблесці і мужнасці герояў, якія змагаліся за свабоду роднай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
“Край мой — гонар мой”
Вечарам святкаванне Дня Незалежнасці прадоўжылася на пляцоўцы каля гарадскога Дома культуры. На імправізаваную сцэну, у якую ператварыліся прыступкі ГДК, узнімаліся самадзейныя артысты, каб сваімі спевамі падарыць слухачам адчуванне радаснай святочнасці.
Канцэрт “Край мой — гонар мой” быў насычаны меладычнымі віншаваннямі-прызнаннямі ў любові да Беларусі і яе працавітых людзей, якія шануюць сваю зямлю, жадаюць ёй шчаслівай будучыні. Нездарма распачыналася імпрэза кранальнымі песнямі “Мы завемся беларусамі” і “Зямля мая, квяцісты дзіўны край” у выкананні эстраднай групы “Аляксандр-парк” і салісткі Аксаны Пракошынай. А затым сваё майстэрства прадэманстравала трыа, у якім да Аксаны далучыліся Наталля Лосева і Валерый Няменьшы. Высокія ноты, узнятыя імі над гарадской плошчай, нібы іскры ў прыцемках, падхапілі і памножылі сваімі спевамі Лілія Дашкевіч і Юлія Несцярэнка.
Шмат пяшчотных слоў прызнання ў любові Айчыне падарылі ўдзельнікі роднай краіне. Таму гэтак паэтычна гучаў з вуснаў вядучага Барыса Мышкаўца празаічны тэкст: “Дзе б ты ні быў, куды б ні закінуў цябе лёс, дарога заўсёды прывядзе ў мясціны, блізкія твайму сэрцу. Там усё дарагое і блізкае тваёй душы, усё ўмяшчае ў сябе роднае і трапяткое слова РАДЗІМА!”.
Арганічным працягам сталі музычныя нумары, выкананыя Аляксандрай Скарыной і Надзеяй Чэчалевай, Аксанай Пракошынай і Веранікай Куксай, а фінальную кропку ў канцэрце зноў жа паставіў народны гурт “Аляксандр-парк” з песняй “Гучыць напеў”.
Гэта стала своеасаблівым запрашэннем для ўсіх — і артыстаў, і гледачоў — разам выканаць Гімн незалежнай краіны.
Дар’я НІКАНЧУК, Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Дар’і НІКАНЧУК

