ЖЫЦЦЁ ПАСТАВІЛА “ВЫДАТНА”
У гісторыі Жабінкаўшчыны ганаровае званне “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” атрымлівалі найлепшыя педагогі раёна. І вось надзвычай прыемная навіна: у гэтым ганаровым спісе з’явілася новае імя — Аляксандр Іванавіч КАЗЮРА, якому само жыццё паставіла адзнаку “выдатна”.
Добры кіраўнік і ў штыль, і ў буру — на капітанскім мосціку. Яго не толькі слухаюцца — на яго раўняюцца. Гэтыя словы цалкам справядлівыя ў адносінах да дырэктара Крыўлянскай сярэдняй школы Аляксандра Казюры.
…Яму было ўсяго 26, калі маладога настаўніка фізікі Якаўчыцкай школы, учарашняга выпускніка Брэсцкага педінстытута, паклікалі ў Жабінку. Сустрэўся з другім сакратаром райкама партыі Пятром Гопшай і загадчыкам райана Мікалаем Грыневічам. Сэнс размовы быў зразумелы: трэба, маўляў, рухаць маладых, таму прымай, Аляксандр Іванавіч, Крыўлянскую школу! Ад такой прапановы педагог крыху сумеўся, але, разважыўшы, згадзіўся. За акном быў жнівень 1987-га. У тое імгненне Казюра і падумаць не мог, што яго “капітанская вахта” зацягнецца на дзесяцігоддзі.
На першых парах дапамагалі, так бы мовіць, стаць на ногі вопытныя калегі-дырэктары: Пётр Грыцук, Васіль Дошчык, Мікалай Смалюк, Васіль Кузьмін. Ад іх пакрыху набіраўся навыкаў і ведаў, каб школа пад яго кіраўніцтвам была ў ліку лепшых.
І вынікі не прымусілі сябе чакаць. Самы галоўны — дзеці, якія з дапамогай педагогаў станавіліся, як птушаняты, на крыло і выляталі ў вялікі свет.
У выніку са сцен школы выйшла 15 медалістаў: прычым у пяці — узнагароды вышэйшай пробы, яшчэ ў дзесяці — з сярэбраным адлівам.
Між іншымі сярэднюю школу ў Крыўлянах заканчвалі сённяшнія кіраўнікі Сцяпанкаўскага і Крыўлянскага сель-саветаў Віктар Марковіч і Анатоль Марчук, начальнік раённага аддзела надзвычайных сітуацый Алег Бутрым. Былі і тыя, хто сталі дырэктарамі розных школ: Валерый Галавейка ў Якаўчыцах і Сяргей Кісялевіч у Брэсце. Да слова, Аляксандру Іванавічу ўдалося сфарміраваць моцны, працаздольны калектыў, дзе большасць педагогаў — былыя выпускнікі школы.
Ідуць гады, нярэдка ляцяць. І вельмі душу грэе, што крыўлянскія навучэнцы розных гадоў дасюль удзячныя дарагім настаўнікам і свайму дырэктару за разуменне, навуку, дабрыню.
Такія адносіны з боку колішніх вучняў Аляксандру Іванавічу, бясспрэчна, даспадобы. Але ж і афіцыйныя ўзнагароды яго не абміналі.
Амаль за сорак гадоў працы Аляксандр Казюра неаднойчы быў узнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі краіны і аддзела адукацыi Жабінкаўскага раёна. Сёлета, калі яму споўнілася 60 гадоў, асабістая скарбонка ўзнагарод Аляксандра Іванавіча папоўнілася Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта. І вось нарэшце прыйшло найвышэйшае прызнанне заслуг — грудзі выдатнага педагога ўчора ўпрыгожыў нагрудны знак Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”.
На працягу ўсяго свайго дырэктарства Аляксандр Іванавіч жыве неспакойна, не спыняецца на дасягнутым, набіраецца вопыту і цярпення, а мудрасці жыццёвай у яго хапае на дваіх.
Некалькі гадоў таму пісаў нарыс, у якім “капітан крыўлянскага школьнага карабля” быў галоўным героем. Спачатку ён не надта хацеў расказваць пра сябе, затое колькі добрых слоў сказаў у адрас іншых!
— Не перастаю казаць дзякуй людзям, з якімі звёў лёс. З імі рухаўся поруч, набіраўся вопыту і сталеў. Я і цяпер асабліва ўдзячны нашым ветэранам, якія шмат гадоў адпрацавалі на настаўніцкай ніве. Не толькі тым, хто застаецца ў нашых шэрагах, але і тым, каго ўжо няма.
Аляксандр Іванавіч называў імёны з цеплынёй і ўдзячнасцю, нетаропка, быццам успамінаў гады, праведзеныя разам на школьных лінейках, педсаветах, у класах з Марыяй Пятроўнай Свістун, Марыяй Рыгораўнай Марковіч, Марыяй Сяргееўнай Клочка, Аленай Сяргееўнай Ігнатчык, Валянцінам Васільевічам і На-дзеяй Мікалаеўнай Якавенкамі… І гэтаму пераліку, здавалася, не будзе канца. Бо кожнага настаўніка дырэктар лічыць залатым самародкам, які патрэбны, каб зіхацелі веды на зямлі.
Анатоль БЕНЗЯРУК
