Навошта беларусу беларуская мова?
Згадзіцеся, пытанне рытарычнае і разам з тым хвалюючае, бо сфера ўжывання роднай мовы не заўсёды адпавядае статусу першай дзяржаўнай, які носіць беларуская мова. Прывядзем толькі тры доказы яе запатрабаванасці.
МІЛАГУЧНАСЦЬ. Паводле ЮНЕСКА, беларуская мова з’яўляецца самай мілагучнай у свеце пасля італьянскай, настолькі яна самавітая, яркая, мяккая, старадаўняя. Нездарма яшчэ Адам Міцкевіч у сваёй лекцыі ў Парыжы назваў мову беларусаў самай гарманічнай і з усіх славянскіх моў найбольш захаванай.
БАГАЦЦЕ. Яна адна з самых багатых на зямлі. У Беларусі існуюць сотні гаворак. І калі ў літаратурнай мове налічваецца да 500 тысяч слоў, дык у дыялектнай — каля двух мільёнаў. Што цікава, гэтае багацце нярэдка ўспрымаюць іншаземцы. Неаднойчы чуў просьбу: “Прамоўце, калі ласка, па-беларуску, у вас такая прыгожая і багатая гаворка!”
ДЗЯРЖАЎНАСЦЬ. Наша мова — адна з яскравых прыкмет суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. На ёй гучаць словы дзяржаўнага Гімна, яна прапісана на Гербе краіны і грашовых знаках. Кожныя пяць гадоў, прымаючы Прысягу, Прэзідэнт Беларусі прамаўляе яе словы па-беларуску, усклаўшы руку на Канстытуцыю краіны.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Аня Бутрым і Косця Міхайлеўскі сябруюць з родным словам.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
