2 красавіка — Сусветны дзень распаўсюджання інфармацыі аб праблеме аўтызму

Ім лепш у адзіноце

Многія псіхічныя расстройствы, якія назіраюцца ў дарослых людзей, узнікаюць у дзіцячым узросце. Адным з такіх захворванняў з’яўляецца аўтызм. Сёння мы гаворым пра яго з урачом-псіхіятрам раённай бальніцы Марыяй Вайцюк.
— Марыя Уладзіміраўна, пачнем з таго, што такое аўтызм?
— Гэта парушэнне псіхічнага развіцця з расстрой-ствамі маторыкі і маўлення, якое прыводзіць да складанасцяў пры сацыяльным узаемадзеянні. Параўнальна рэдкая форма паталогіі ўпершыню была апісана амерыканскім псіхіятрам Канерам і аўстрыйскім вучоным Аспергерам. У апошні час гэтае захворванне сустракаецца даволі часта — 5-20 выпадкаў на 10 тысяч дзяцей.
— Як яно праяўляецца?
— Найбольш выразна захворванне праяўляецца ў дзетак ва ўзросце ад двух да пяці гадоў. Пры ім можам назіраць парушэнне камунікацыі, выражаную недастатковасць ці поўную адсутнасць патрэбы ў кантакце з людзьмі, якія побач, эмацыянальную халоднасць да бацькоў, раўнадушша да блізкіх.
— Як вы адзначылі, паводзіны дзяцей з сіндромам аўтызму аднастайныя…
— Сапраўды, такія дзеці гадзінамі могуць здзяйсняць адны і тыя ж рухі, напрыклад, перасыпаць што-небудзь, перабіраць паперы. Яны актыўна імкнуцца да адзіноты, адчуваюць сябе лепш сам-насам.
— Чым такія дзеткі адрозніваюцца ад сваіх аднагодкаў?
— Пры гэтым захворванні адзначаецца нераўна-мернасць развіцця псіхічных функцый: памяці, увагі, мэтанакіраванасці. Як правіла, маецца значная затрымка фарміравання элементарных навыкаў самаабслугоўвання: пры ежы, умыванні, адзяванні і раздзяванні. Маўленне можа развівацца нармальна і з затрымкай, больш пакутуе камунікатыўная функцыя, а “аўтаномная” мова дастаткова развітая. Інтэлект у такіх дзяцей бывае звычайным або адстае ў развіцці.
— Скажыце, калі ласка, якія прагнозы пры такім захворванні?
— У канцы дашкольнага ўзросту назіраецца паступовае сціранне некаторых праяўленняў ранняга дзіцячага аўтызму, а ў малодшым школьным узросце адбываецца трансфармацыя вышэйназваных сімптомаў у іншыя. Пры найбольш спрыяльным цячэнні сіндром можа пераходзіць у псіхапатыю, а ў горшым выпадку — у атыповую форму разумовай адсталасці.
— Якія рэкамендацыі дасьце бацькам, што выхоўваюць такіх дзетак?
— Зразумела, што дзяўчынкам і хлопчыкам з расстройствам аўтычнага спектра неабходна сістэма спецыялізаванай дапамогі. Ім патрэбны асобныя ўмовы, формы і метады навучання, выхавання. Важны фактар лячэбна-рэабілітацыйнага працэсу — ступень удзелу бацькоў і эфектыўнасць узаемадзеяння спецыялістаў з бліжэйшым акружэннем дзіцяці. Татам і мамам хочацца сказаць, што сямейнае кансультаванне і псіхатэрапія — неад’емная частка дапамогі, а карэкцыйная работа, куды ўваходзяць медыкаментозная, псіхалагічная і лагапедычная дапамога, павінна насіць комплексны характар. Безумоўна, для кожнага аўтычнага дзіцяці неабходны індывідуальны падыход па падборы як фармакалагічных прэпаратаў, так і псіхолага-педагагічных стратэгій.
Гутарыла Алеся ДАБРАВЕСТ