15 лютага — Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

“Я ВЯРНУЎСЯ ЖЫВЫМ”

Для дзясяткаў землякоў, якія ў 80-я гады мінулага стагоддзя апынуліся далёка ад дома, на той неабвешчанай вайне, афганская тэма і сёння не проста радок у біяграфіі, але няпросты ўспамін, што заўсёды з табою. Напярэдадні чарговага Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў сустрэліся з кіраўніком іх раённай арганізацыі Аляксандрам ЯЎСТРАТАВЫМ.

Услед за дзядамі

Яго дзяды ваявалі ў Айчынную. Палкоўнік Пётр Юрасаў дайшоў да Кёнігсберга, затым узначальваў 112-ы крапасны артылерыйскі полк у горадзе над Бугам. Капітан Сямён Яўстратаў — камандзір танкавай роты — у майскія дні пераможнага сорак пятага года браў Прагу, што стала апошняй яркай кропкай Вялікай Айчыннай вайны.
Дзедаўскі прыклад у нечым паўплываў на выбар вайсковай прафесіі ўнука Аляксандра. Да таго ж і нарадзіўся ён 23 лютага, калі святкаваўся Дзень Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту.
Пасля першай гарадской школы юнак цвёрда вырашыў звязаць свой лёс з арміяй і накіраваўся ва Ульянаўскае вышэйшае ваенна-тэхнічнае вучылішча. У восемдзесят пятым змяніў курсанцкія пагоны на лейтэнанцкія. А неўзабаве маладога афіцэра чакала першае месца службы — Забайкальская ваенная акруга, дзе Аляксандр Яўстратаў узначаліў у аўтапалку службу паліва.
Гэта быў трывожны час. Далёка на поўдні палаў Афган. Яго знішчальны агонь крануў многіх, у тым ліку і Яўстратава.

Нечаканая сустрэча

На календары значыўся самы канец кастрычніка 1986 года. У Чыце, скуль ён вылятаў да месца новай службы, ужо прыкметна пахаладала. У Кабуле, дзе прызямліўся самалёт, прырода радавала цеплынёй. Аднак палітычнае “надвор’е” стаяла спякотнае. Паколькі ў гэтых неспакойных краях вось ужо сёмы год ішла неабвешчаная вайна.
Месцам службы стаў гарадок Гардэз у правінцыі Пакція. Аляксандр Веціслававіч быў прызначаны начальнікам службы паліва 56-й дэсантна-штурмавой брыгады, якая вызначылася сваімі славутымі вайсковымі справамі яшчэ ў гады Вялікай Айчыннай. Задачу камандаванне паставіла зразумелую і адказную: бесперабойна забяспечваць палівам падраздзяленні, што непасрэдна выконвалі баявыя аперацыі.
Рухаліся калонамі бензавозаў па крутых горных дарогах-перавалах сярод гарачай афганскай зямлі. Машыны з палівам суправаджала бранятэхніка. Сам груз быў вельмі небяспечны, а тут яшчэ і пагрозы з боку маджахедаў, якія абстрэльвалі з засадаў, пакідалі на вузкіх горных серпанцінах міны…
У час, калі Аляксандр Яўстратаў знаходзіўся ў Афганістане, ён быў адзіным жабінкаўцам на ўсю брыгаду. А вось побач, у 181-м мотастралковым палку, сваю службу праходзіў яго зямляк старшы лейтэнант Аляксандр Сінкевіч.
Сустрэліся толькі аднойчы, калі баявыя калоны рухаліся на Кандагар. Успомнілі агульных знаёмых, вучобу ў жабінкаўскай школе ды вучылішчы ў горадзе на Волзе. Надзвычай цёплым атрымалася гэтае спатканне на чужой зямлі, дзе кожны дзень мог стаць апошнім.

Мы памятаем іх жывымі

Афган сапраўды для многіх стаў апошнім радком біяграфіі. Не абмінуў ён і наш край. Год таму ў цэнтры Жабінкі быў адкрыты абноўлены мемарыял воінам-інтэрнацыяналістам. Пад звонам, што сімвалізуе наш боль, — прозвішчы тых, чый подзвіг “памятаюць гарачыя вятры Афганістана”. Гэта старшы лейтэнант Васіль Дудар і гвадыі яфрэйтар Валерый Мігель, прапаршчыкі Сяргей Грудніцкі і Мікалай Мароз.
Аднак і пасля вяртання “з-за рэчкі” ў многіх афганцаў няпроста склаліся лёсы.
— Яны нарадзіліся ў 50-60-я гады. Здаецца, яшчэ жыць ды жыць… Аднак многія з пакалення, якое закранула полымя далёкай вайны, на жаль, ужо развіталіся з гэтым светам, але і сёння мы памятаем іх жывымі, — гаворыць Аляксандр Веціслававіч.
Каля двух дзясяткаў удзельнікаў Афганскай вайны пахаваны ў нашай зямлі. Найбольш — у райцэнтры і яго ваколіцах. Самая вялікая колькасць магіл воінаў-інтэрнацыяналістаў паблізу Свята-Пакроўскай царквы. Тут ляжаць астанкі Сяргея Куяна і Юрыя Мацвяенкі, Мікалая Сінішына і Юрыя Суслава.
На новых гарадскіх могілках, каля Матыкальскай трасы, свой апошні спачын знайшоў Валянцін Мразоўскі, на старых, на вуліцы Міру, — Мікалай Мароз, Сяргей Лісюк і Васіль Бяшчук.
— Перад вачыма і цяпер той цёплы летні вечар, калі Васіль вярнуўся на малую радзіму. Быў 1980 год, усе размовы — пра Алімпіяду ў Маскве. А ён прыйшоў на танцпляцоўку ў параднай форме. Усе былі ўзрушаныя, кінуліся да афганца. А ён раптам схіліўся долу і выгукнуў зусім па-старэчаму: “Я дома! Я вярнуўся жывым…” Мне было ўсяго шаснаццаць, ці мог тады ўявіць, што і мяне не абміне Афганістан?..
Аляксандр Веціслававіч спыніўся на імгненне, а затым працягнуў свой рэквіем.
У былым Здзітаве ляжаць астанкі маёра Нігматжана Жумалеева — сына казахскага народа, ардэнаносца, якому таксама выпала выконваць інтэрнацыянальны абавязак. На могілках у колішніх Шчэгліках пахаваны Аляксандр Каменка.
— З Сашам нас радніць многае, — успамінае Яўстратаў. — Не толькі імёны агульныя. Вучыліся ў адной школе, затым разам — у вучылішчы, а потым і ў Афганістане ваявалі.
Свой баявы шлях прайшлі і Уладзімір Гарэйка (яго праху можна пакланіцца ў Федзькавічах), крыўлянец Васіль Балюк ды Анатоль Яцэвіч, пахаваны ў Хмелеве. А ў Мацеевічах ляжаць побач у роднай зямлі Міхаіл Шэвель ды Мікалай Андрайчук. На сяхновіцкіх могілках — помнік Мікалая Шумікоўскага. З вайны ён вярнуўся кантужаны, да апошняга дня не давалі спакою ветэрану баявыя раны…

Падзяка на развітанне

Каб дапамагаць былым воінам-інтэрнацыяналістам і іх сем’ям, у пачатку дзевяностых была створана раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. Аляксандр Веціслававіч узначальвае яе з 2008 года. Разам з былымі сябрамі па зброі ён клапоціцца, каб захоўвалася памяць пра падзеі той вайны і людзей, што прайшлі агнявымі дарогамі Афгана. Зараз арганізацыя аб’ядноўвае 59 чалавек. Кожны з іх мае досвед баявых дзеянняў у далёкай паўднёвай краіне, дзе выконваў свой абавязак.
— Адным з нашых пачынанняў, — гаворыць напрыканцы Аляксандр Яўстратаў, — стала вялікая рэканструкцыя мемарыяла на вуліцы Кірава. Год таму ён быў адкрыты, і гэта нас сапраўды радуе. Тыя, хто не па фільмах ці кнігах, а па ўласнай біяграфіі вывучаў згаданыя падзеі, шчыра ўдзячныя за такую памяць, за маштабнае абнаўленне, якое праводзілася пад кіраўніцтвам райвыканкама.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Святланы КІСЛАЙ