…І КОСМАС НЕАБСЯЖНЫ СТАЎ БЛІЖЭЙ
60 год таму чалавецтва ўступіла ў новую эру. Збылася шматвекавая мара — пасланец нашай блакітнай планеты, адолеўшы зямное прыцягненне, узнёсся на касмічным караблі ў неабсяжныя высі. Тым, хто першым вобразна дакрануўся да зор, стаў Юрый Аляксеевіч Гагарын. Дзякуючы яму і яго наступнікам міжволі космас неабсяжны стаў бліжэй.
Зусім нездарма тысячы хлопчыкаў, народжаных 12 кра-савіка 1961 года, атрымалі імя Юрый. Хоць доўжылася першае касмічнае падарожжа ўсяго 108 хвілін, але стала падзеяй, што ўзрушыла і перавярнула ўвесь свет, адкрыўшы яркую старонку нашага развіцця. Кожнаму запомнілася цудоўная адкрытая ўсмешка Гагарына. Гэткім праз гады і я ўпершыню пабачыў першага касманаўта, на жаль, ужо пасля ягонай смерці. Аднойчы за рамкай старой карціны ў бабулінай хаце адшукалася пажоўклая газета з партрэтам Юрыя Аляксеевіча, зробленым у тыя красавіцкія дні. Газету зберагалі ў сям’і як рэліквію, таму яшчэ хлопчыкам мне пашчасціла дакрануцца да касмічнай тэматыкі.
І гэта, як аказалася, быў толькі пачатак. У школьныя гады геаграфію нам выкладала Зоя Місейка. Не раз яна згадвала, як настаўнічала ў Камароўскай школе, дзе вучыла будучага першага беларускага касманаўта Пятра Клімука. Петр Ільіч часта прыязджаў на родную Брэстчыну і аднойчы падараваў сваёй настаўніцы партрэт з аўтографам. Зоя Іосіфаўна павезла нас у Камароўку, у цудоўны музей космасу. Сюды першы айчынны касмічны падарожнік перадаў многія рэчы, якія пабывалі з ім у палётах. У музеі ўпершыню я пачуў падрабязны расказ пра касмадром Байканур. Тады нават і не марыў, што праз некалькі гадоў змагу на ўласныя вочы пабачыць месца, скуль стартуюць касмічныя караблі.
Летам восемдзесят сёмага, адолеўшы тысячы кіламетраў, у складзе групы навабранцаў апынуўся на станцыі Цюратам. Побач — не пазначаны на картах горад Ленінск (сённяшні Байканур ці Байканыр). Дарэчы, гэта не проста закрыты ад чужога вока населены пункт, але яшчэ і некалькі соцень пляцовак. Большасць іх рыхтуе і абслугоўвае палёты. Наша часць была адным са шматлікіх “вінцікаў” вялікай праграмы асваення арбіты.
За два гады службы давялося пабачыць шмат цікавага. Нават рыхтаваў прэзентацыю Бела-рускай ССР, калі праходзіла веча-рына, прысвечаная саюзным рэспублікам. У сцэнарый, між іншым, упісаў купалаўскі верш “Хлопчык і лётчык”. Гэтак мо ўпершыню на Байкануры загучала беларускае слова. Прымалі яго апладысментамі, як і вершы ды песні іншых народаў.
Пабываў і на пляцоўцы № 2, якую называлі “гагарынскай”. Менавіта з яе стартаваў карабель “Усход-1”, які пілаціраваў Юрый Аляксеевіч. Давялося таксама пабачыць узлёт ды пасадку першага савецкага карабля-чаўнака “Буран-Энергія” і савецка-французскай касмічнай экспедыцыі. А ўлетку 1989 года разам з саслужыўцамі стаў сведкам, як вялізны самалёт “Руслан”, зрабіўшы вялікае кола над казахстанскім стэпам, упэўнена ўзяў курс на Францыю — на знакамітую выставу авіяцыйнай тэхнікі ў Ля Буржэ. На сваіх крылах магутны “Руслан” вёз на паказ жалезную “птушку”, што вярнулася з арбіты.
Сярод прыемных успамінаў — сустрэча з Германам Цітовым, які следам за Гагарыным накі-раваўся летам шэсцьдзесят першага ў касмічную адысею. Дарэчы, прозвішчы абодвух цяпер увекавечаны ў назвах жабінкаўскіх вуліц. А тады літаральна ўся краіна ведала словы бадзёрай песні: “Будь готов, всегда готов, как Гагарин и Титов!”
Герман Сцяпанавіч завітаў у нашу часць вясной ці летам 1988-га. Памятаю, як усю ноч малявалі транспарант: “Добро пожаловать, товарищ генерал-лейтенант!” А раніцай палотнішча давялося хуценька хаваць, бо “касманаўт № 2”
прыехаў ужо ў званні генерал-палкоўніка!
Было яшчэ адно дзіўнае перакрыжаванне лёсу. У 1998 годзе разам з татам пабываў у польскім горадзе Радам. Тады ў сям’і лічылі, што Мацвей Бензярук знайшоў свой апошні спачын у гэтым горадзе — на могілках савецкіх воінаў-вызваліцеляў. Сярод вялікай колькасці па-хаванняў, пазначаных толькі нумарамі, стаяў невысокі помнік з надпісам “Илья Климук”. Калі ў 1978-м яго сын паляцеў у космас разам з палякам Міраславам Гермашэўскім, урад краіны-суседкі ўвекавечыў магілу бацькі Клімука.
Нарэшце яшчэ раз пашчасціла дакрануцца да касмічнай тэматыкі ўжо ў гэтым стагоддзі. У лютым 2013 года на ХХ Мінскай кніжнай выставе-кірмашы адбылася прэзентацыя маёй гістарычнай аповесці “Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля”. Тады хораша выступіў навуковец і перакладчык Міхась Кенька. А пасля Міхаіл Паўлавіч запрасіў у госці да сябра — Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Івана Міско. Той не адзін год пражыў у Зорным гарадку, ствараючы скульптурныя партрэты касманаўтаў, якія стартавалі з Байканура. У яго “калекцыі” былі не толькі савецкія касманаўты, але й французы, англічане, манголы, немцы ды іншыя. Зараз майстра шчыраваў над бюстам Алега Навіцкага — трэцяга беларуса, які ўзняўся да зор. У той час касманаўт быў на арбіце, нават тэлефанаваў адтуль скульптару.
— Праходзьце-праходзьце, — ветліва запрасіў гаспадар, не адрываючыся ад працы.
Вялікая майстэрня была за-стаўлена яго творамі, і першымі, хто “віталі” гасцей, былі бюсты Гагарына і Клімука. Таму міжволі жартоўна сказаў, здымаючы шапку:
— Дзень добры, Юрый Аляк-сеевіч! І вам доўгіх гадоў жыцця, Пётр Ільіч!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымку: у “касмічнай” майстэрні Івана МІСКО.
