“Фізкульт-ура!” Патрэбна для жыцця

“Фізкульт-ура!” Патрэбна для жыцця

Мінулая субота, калі краіна адзначала Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту, выдалася асабліва святочнай для настаўніка трэцяй гарадской школы Сяргея Карпука. Ён здаўна прысвяціў сябе здароваму ладу жыцця і разам са сваімі вучнямі гатовы штодня выгукнуць: “Фізкульт-ура!”

Сяргей Аляксандравіч – выпускнік Крыўлянскай школы, якую нездарма называюць кузняй настаўніцкіх кадраў. Пасля заканчэння ў 2012 годзе Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна маладым спецыялістам вярнуўся ў родную навучальную ўстанову, каб папоўніць шэрагі педагогаў Жабінкаўшчыны.

У яго здаўна ўзнікла разуменне: сваё жыццё абавязкова прысвячу фізічнай культуры і спорту! Яшчэ з юнацкіх гадоў яны былі для Сяргея Карпука прыцягальнымі, а цяпер і вясковых дзяцей яму хацелася бачыць дужымі ды здаровымі. Наступнай прыступкай у працоўнай біяграфіі стала праз чатыры гады Жабінка, а калі дакладней – школа №3, наймаладзейшая і адна з буйнейшых у горадзе-спадарожніку. Тут таленавітыя настаўнікі даюць навыкі і веды не менш таленавітым дзецям. У ліку такіх педагогаў і Сяргей Аляксандравіч. Бадай, самай высокай вяршыняй, на якую ён узняўся, стаў рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Звычайна задавальненне ад выступлення ў такім прэстыжным спаборніцтве прыносіць нават алімпійскі прынцып “Галоўнае не перамога, а ўдзел”. Аднак у 2017 годзе настаўнік з Жабінкі не проста паспяхова прайшоў раённы і абласны туры, але й стаў пераможцам у сваёй намінацыі ў фінале. З Мінска ён вярнуўся з дыпломам лаўрэата, і гэты поспех стаў адным з найвышэйшых дасягненняў сярод жабінкаўскіх педагогаў.

За дзесяцігоддзе, якое мінула з часу, калі Сяргей Карпук уліўся ў педкалектыў трэцяй гарадской школы, ён літаральна штодня стараецца рабіць фізічна падрыхтаванымі сваіх выхаванцаў. Рыхтуе і таленавітых спартсменаў. Напрыклад, Дар’я Балакер была пераможцай заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі. Прызёрам абласных тураў станавіўся Кірыл Ігнатчык, яшчэ адзін вучань Сяргея Аляксандравіча. Настаўнік і зараз працуе, каб дзеці мелі добрыя вынікі. Прыкметнай з’явай на рэспубліканскім узроўні вызначаецца праект “Мой школьны футбольны клуб”, які праводзіцца пад эгідай Асацыяцыі федэрацыі футбола Беларусі на базе школы №3 у Жабінцы. У яго рамках у Івацэвічах нядаўна прайшоў традыцыйны рэспубліканскі фестываль футбольных навыкаў. Разам з Сяргеем Карпуком туды накіраўся яго сын Данііл. Хлопчык паказаў выдатны рэзультат – найлепшы ў сезоне ва ўсёй краіне сярод сваіх аднагодкаў – і ў выніку атрымаў першае месца. Разам з Данікам на гэтае сапраўднае свята спорту трапіла і самая маленькая ўдзельніца Маша Ляўковіч. Яна толькі трэцякласніца. Дзяўчынцы давялося спаборнічаць з больш дарослымі дзецьмі. Пры гэтым Маша вельмі годна выступала, добры вынік паказала і другое месца атрымала!

Без Сяргея Карпука не абыходзіцца ніводнае значнае спартыўнае мерапрыемства. Калі, напрыклад, ладзіўся сямейны спартыўны фестываль, ён разам з сынам святкаваў перамогу. На лыжных гонках ужо сам Сяргей Аляксандравіч першым прыйшоў да фінішу, а калі адбываліся валейбольныя матчы сярод прадпрыемстваў раёна, першае месца занялі прадстаўнікі сферы адукацыі. Няцяжка здагадацца, што ў гэтых камандных гульнях настаўнік з трэцяй школы праявіў сябе найлепшым чынам. Усім разам і кожнаму асобна ён жадае моцнага здароўя і дадае:

– Хочацца, каб шкодныя звычкі беглі ад вас прэч, як толькі пабачаць, што цягнецеся да здаровага ладу жыцця, фізкультуры і спорту!

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ