Жабінкаўская дыстанцыя пуці: высокая адказнасць, бяспека і якасць

Такія тры найважнейшыя складальнікі поспеху роднага калектыву называе начальнік ПЧ-5 Анатоль Івашкевіч. Адлік сваёй гісторыі пуцевікі вядуць з 2 снежня 1939 года, калі на нашай зямлі ўтварылася Жабінкаўская дыстанцыя пуці. За дзесяцігоддзі было шмат дасягненняў, працоўных рэкордаў, узнагарод, а галоўнае – штодзённых карпатлівых спраў на карысць людзей.

85 паспяховых крокаў

Вось ужо паўтара стагоддзя нельга аддзяліць Жабінку ад чыгункі. Менавіта гонкія рэйкі, што некалі абудзілі палескі край, далі моцны штуршок развіццю Жабінкі і наваколляў, паспрыялі, каб будучы горад-спадарожнік выйшаў на высокую арбіту. Важная падзея, звязаная з утварэннем нашай дыстанцыі пуці, адбылася напрыканцы памятнага трыццаць дзявятага года. І калі кожны год лічыць за крок на шляху да юбілею, дык пройдзены яны вельмі паспяхова з адзнакай “выдатна”.

ПЧ-5 шмат у чым адметная дыстанцыя. Яна ахоплівае ажно дзесяць раёнаў Брэстчыны. У складзе Беларускай чыгункі Жабінкаўская дыстанцыя пуці адна з буйнейшых па сваёй працягласці і разгорнутай даўжыні. Толькі наша дыстанцыя мае два буйныя разгалінаванні і налічвае ажно два дзясяткі станцый, размешчаных ад Жабінкі да Пінска і Лясной. Самы хуткасны ўчастак Беларускай чыгункі таксама знаходзіцца на абшарах Жабінкаўскай дыстанцыі.

І ўсё ж найбольш істотныя дасягненні звязаны з паказчыкам якасці працы і бяспекі. Анатоль Івашкевіч падкрэслівае: у нашых пуцевікоў гэты паказчык найлепшы на ўсёй чыгунцы. За тое Анатоль Юр’евіч не стамляецца дзякаваць сваім падначаленым, бо цудоўна разумее: агульны поспех залежыць літаральна ад кожнага, пачынаючы ад намеснікаў начальніка да манцёраў пуці – усе разам яны робяць важную справу не дзеля юбілейных узнагарод, а на карысць людзей і дзяржавы.

Так, узорнай Жабінкаўская дыстанцыя была і застаецца дзякуючы пакаленням працаўнікоў, якія ва ўсе часы прыносілі славу роднаму чыгуначнаму прадпрыемству. Нездарма ў “Пакоі Славы” на бачным месцы – партрэты найлепшых. Каля трыццаці жабінкаўскіх пуцевікоў станавіліся ардэнаносцамі, больш за два дзясяткі – атрымоўвалі званне “Ганаровы чыгуначнік”. У ПЧ-5 таксама найбольшая колькасць выдатнікаў Беларускай чыгункі. І гэтая колькасць, верым, у будучым будзе толькі расці.

Адданыя працы

Начальнік дыстанцыі пуці лічыць, што так можна сказаць амаль пра кожнага, хто звязаў лёс з ПЧ-5 (а гэта ні больш ні менш – каля паўтысячы работнікаў). Вядома, напісаць пра ўсіх у межах аднаго артыкула – справа нерэальная, таму абмяжуемся толькі некаторымі асобамі, што вызначыліся сваёй працай апошнім часам.

Многімі станоўчымі якасцямі валодае дарожны майстар Андрэй Балакер. Ён працуе на 15-м акалотку, размешчаным на станцыі Жабінка. Андрэй Анатольевіч у поўнай меры майстар сваёй справы, тэорыя ў яго ніколі не разыходзіцца з практыкай. Ён заўсёды гатовы дапамагчы сваім падначаленым, нездарма яго імя некалькі гадоў таму ўпрыгожвала Дошку гонару дыстанцыі пуці.

Непасрэдна пад началам Андрэя Балакера працуе Аляксандр Марчук. Аляксандр Аляксеевіч – з ліку самых вопытных манцёраў, што мае за плячыма 33 гады бездакорнай службы. Ён ахвотна дзеліцца вопытам з малодшымі калегамі, неаднаразова быў адзначаны ўзнагародамі, у тым ліку Ганаровай граматай дыстанцыі і граматай райвыканкама.

Сем гадоў назад звязаў лёс з ПЧ-5 Іван Седлаўскі, які зарэкамендаваў сябе адказным і ўважлівым работнікам. Гэта было адзначана кіраўніцтвам, і сёлета Іван Іванавіч стаў брыгадзірам вызваленым (прадпрыемстваў чыгуначнага транспарту і метрапалітэна). Зусім нядаўна ён быў манцёрам пуці акалотка №8 станцыі Жабінка, а таму дасканала ведае ўсе нюансы гэтай справы, што дапамагае кіраваць брыгадай, якая на добрым рахунку ў дыстанцыі.

Хутка будзе дзесяць год, як у калектыў пуцейцаў уліўся Дзмітрый Балюк. Кіраўніцтва ПЧ-5 пераканана: спагадліваму працаўніку можна даверыць любое заданне і пры гэтым быць упэўненым, што Дзмітрый Аляксандравіч выканае ўсё бездакорна і належным чынам.

Ёсць у дыстанцыі і свае дынастыі. Памочнік вадзіцеля дрызіны Аляксандр Галадзюк з гонарам згадвае прадзеда Васіля Сцяпанавіча, які шчыраваў на чыгунцы яшчэ да вайны. Акрамя таго, зараз намеснікам начальніка дыстанцыі – галоўным інжынерам працуе Леанід Галадзюк, старэйшы Сашаў брат. Увогуле, стаўленне да Аляксандра Аляксандравіча з боку калег выключна станоўчае.

– Хочацца вылучыць і добрых працаўнікоў, якія ўвішна ўпраўляюцца з дэфектаскапічнай цялежкай, – з прыемнасцю працягвае пералік начальнік дыстанцыі Анатоль Івашкевіч. – Надзвычай важна, наколькі аператыўна яны выяўляюць магчымыя дэфекты рэек. Вы ж разумееце, што самае галоўнае – жыццё людзей і захаванасць грузаў. Пагэтаму проста нельга пераацаніць ролю дэфектаскапістаў, у тым ліку такіх прафесіяналаў сваёй справы, як Ігар Уладзіміравіч Літвінюк і Раман Міхайлавіч Кулагін.

Інжынер па пытаннях электра- і цеплагаспадаркі Павел Ляўко таксама выдатна ведае і выконвае свае абавязкі. У ПЧ-5 гавораць: “Бачыце, як светла і цёпла ў нашай дыстанцыі пуці? І ў гэтым немалая заслуга Паўла Віктаравіча!” Ад такой кароткай, але змястоўнай ацэнкі тваёй працы кожнаму стане цёпла на душы і захочацца шчыраваць з агеньчыкам.

Хочацца, каб у святочныя дні шчасце ў пуцейцаў вымяралася доўгімі вёрстамі, а ўдачы заўсёды свяціў зялёны колер семафора.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.