На варце закону: супрацоўнікі Следчага камітэта Беларусі адзначаюць сваё прафесійнае свята

Сваё прафесійнае свята 12 верасня адзначаюць супрацоўнікі Следчага камітэта Беларусі. З даўніх часоў іх прафесія застаецца адной з самых няпростых і адказных. Яна патрабуе моцных валявых якасцяў: дысцыпліны і рашучасці, вытрымкі і цярплівасці. Пра тое напярэдадні свята ішла размова з начальнікам Жабінкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта падпалкоўнікам юстыцыі Віталем Галенчуком.

Як абмялела малочная “рака”

– Вось ужо дванаццаць год (з часу ўзнікнення нашага аддзела) следчым даводзіцца стаяць на варце законнасці і правапарадку на Жабінкаўшчыне, – зазначыў Віталь Віктаравіч. – Барацьба са злачыннасцю, аднаўленне сацыяльнай справядлівасці і прыцягненне да адказнасці вінаватых – складаныя задачы, вырашэнне якіх залежыць ад прафесіяналізму і асабістай адказнасці нашых супрацоўнікаў.

Прыкладаў паспяховай дзейнасці жабінкаўскіх следчых, якія на добрым рахунку, дастаткова шмат. Ім ёсць чым падзяліцца з калегамі не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Нездарма сёлета ўпершыню на старонках прафесійнага часопіса “Предварительное расследование” пабачыў свет артыкул старшага следчага нашага раённага аддзела маёра юстыцыі Аксаны Шумко. Пытанні, на якіх засяродзілася Аксана Валер’еўна, тычыліся паспяховай практыкі даследавання справы злоўжывання службовымі абавязкамі ў сельскай гаспадарцы. У цэнтры ўвагі аўтара апынуўся выпадак, які летась адбыўся на Жабінкаўшчыне.

Карупцыйнае злачынства, прадугледжанае часткай 3 артыкула 210 Крымінальнага кодэкса, адбылося ў адной з сельгасарганізацый раёна. Больш за два гады брыгадзір жывёлагадоўлі і аператар па штучным асемяненні кралі малако з халадзільнага цэху малочнатаварнай фермы. Дзеянні раскрадальнікаў былі спынены міліцыянерамі, калі аператар па асемяненні жывёлы на сваім аўтамабілі вёз з Жабінкі на продаж у Брэст чарговыя 50 літраў скрадзенага малака. Аднак падчас дасудовага следства ўзнікла складанасць: па паперах у ААТ не было выяўлена фактычнай недастачы прадукцыі, паколькі абвінавачваемыя кралі малако з цэху да правядзення фактычнага ўліку яго колькасці. Аднак канчаткова сляды сваёй злачыннай дзейнасці яны знішчыць не змаглі, прынамсі, у выніку спланаванага ўзаемадзеяння следчага і аператыўнікаў былі выяўлены чарнавікі аб набыцці зламыснікамі малака, пра іх парушэнні закону сведчылі і месенджары на мабільных тэлефонах. Была ўстаноўлена не толькі сума шкоды, нанесенай роднай гаспадарцы, але і сем асоб, якім рабаўнікі прадавалі малако. Тыя былі дапрошаны і заверылі, што не ведалі пра злачыннае паходжанне малочнай “ракі”, што раптам “абмялела”, бо за справу ўзяліся праваахоўнікі, якія спынілі гора-“бізнес”.

Такім чынам было выяўлена, што брыгадзір з аператарам штучнага асемянення скралі больш за 21 тону малака вышэйшай якасці і класа “экстра”, чым прычынілі стратаў сельгаставарыству на суму больш за 26 тысяч рублёў. Сваю віну зламыснікі цалкам прызналі, а суд вынес ім заслужаны прысуд.

– Увогуле, устанавіць ісціну па справе і ліквідаваць прычыны, што спрыялі злачынству, – лічыць кіраўнік раённага аддзела Следчага камітэта, – дазволіла граматная тактыка арганізацыі неадкладных следчых дзеянняў. Гэта не пакінула ў абвінавачваемых ніякіх шанцаў схаваць сляды злачынства.

Кубак завітаў у Жабінку

Аднак не толькі ў прафесійным плане нашы следчыя дэманструюць свае поспехі. У грамадскім жыцці яны таксама ў ліку лепшых.

Напрыклад, напярэдадні прафесійнага свята ўпершыню ў Івацэвіцкім і Бярозаўскім раёнах ладзіўся патрыятычны злёт, прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Спачатку яго ўдзельнікі наведалі вядомы мемарыяльны комплекс партызанскай славы “Хаваншчына”, дзе даведаліся пра побыт і баявыя будні народных мсціўцаў, што змагаліся з ворагам у часы Вялікай Айчыннай вайны. Затым у аграгарадку Спорава (дзе, як вядома, “усім бывае здорава”) каля сотні чалавек (у іх ліку быў і Віталь Галянчук) аб’ядналіся ў чатыры зборныя каманды. Яны паспаборнічалі ў хуткасці, лоўкасці, вынаходлівасці – усіх якасцях, уласцівых людзям, што клапоцяцца аб здаровым ладзе жыцця.

Па выніках патрыятычнага злёту кубак пераможцаў апынуўся ў Жабінцы, дзе і будзе захоўвацца да наступнага спаборніцтва.

За дзень да свята супрацоўнікаў органаў папярэдняга следства папрасілі Віталя Галенчука выказаць пажаданні і віншаванні калегам.

– Віншую кожнага, хто звязаў прафесійны лёс са Следчым камітэтам, усяго найлепшага, – сказаў Віталь Віктаравіч. – Прыміце самыя шчырыя пажаданні моцнага здароўя, дабрабыту, бадзёрасці духу і аптымізму. Жадаю калегам новых поспехаў і росту па службе. Добрыя словы падзякі адрасую родным і блізкім кожнага супрацоўніка. Дзякуючы цярпенню і каханню, разуменню і падтрымцы нашых сем’яў служба становіцца лягчэй. Хочацца таксама сардэчна павіншаваць са святам ветэранаў следства, чые веды і вопыт служаць залогам захавання лепшых традыцый Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.