Алег Храмцоў і Храм Муз

У мінулым чэрвені споўнілася 80 гадоў Алегу Храмцову, якога цудоўна ведаюць і згадваюць з удзячнасцю многія ў Жабінцы. Шмат часу і сіл Алег Іванавіч аддаў жабінкаўскай культуры, стварыўшы не адзін Храм Муз, дзе заўжды бурліла творчае жыццё. Гэта не толькі наш ГДК, але і раённы гісторыка-краязнаўчы музей, які нараджаўся пад пільным наглядам сёлетняга юбіляра.

У час юбілеяў нярэдка з настальгіяй гартаюць альбомы. Усё ж ёсць нейкая магія ў старых фотаздымках. Нібыта на машыне часу, яны дазваляюць перанесціся ў былое, у маладосць, і праз многія гады нагадваюць пра розныя прыемныя моманты. Чорна-белае фота, якое вы бачыце, зроблена ў Жабінкаўскім Доме культуры ў сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя. На ім – адзін з такіх прыемных момантаў, калі ў наш райцэнтр прыязджаў вядомы артыст Віталь Саломін. Побач з Віталем Мяфодзьевічам – начальнік аддзела культуры райвыканкама Алег Храмцоў і загадчык аддзела прапаганды і агітацыі райкама партыі Анатоль Старыцкі.

У той час уся краіна з нецярпеннем чакала кожную новую серыю серыяла аб прыгодах Шэрлака Шолмса і доктара Ватсана. Холмса сыграў Васіль Ліванаў, Віталь Саломін быў непаўторны ў ролі вечнага спадарожніка знакамітага сышчыка. Слава гэтай парачкі ўжо даляцела не толькі да Жабінкаўскага Храма Муз, але і да Лонданскага Таўэра. Таму не дзіўна, што на сустрэчу з кіназоркай у будучым горадзе-спадарожніку сабралася поўная зала. Пару гадзін праляцелі, як некалькі хвілін. Віталь Мяфодзьевіч расказваў пра артыстычнае жыццё, чытаў маналогі, дасціпна адказваў на пытанні жабінкаўцаў, а напрыканцы ахвотна згадзіўся на фотасесію. Так нарадзіўся гэты здымак.

Канечне, у тое імгненне, як “вылецела птушачка”, ніхто і ўявіць не мог, што ўсмешлівы маскоўскі госць, будучы народны артыст РСФСР Віталь Саломін пражыве ўсяго 60 гадоў. А вось Алег Іванавіч, таксама народжаны ў ваенную пару, нядаўна адсвяткаваў свае 80-я ўгодкі, з чым яго і віншуем. Да нашых слоў удзячнасці далучаецца дружны хор тых, каму пашчасціла працаваць пад яго кіраўніцтвам.

Марыя Якаўлеўна ЛАГВІНОВІЧ:

– Мы разам прыйшлі ў культуру: Алег Іванавіч – з камсамола, а я – з Кобрынскага раёна. Запомніла яго вельмі разумным, уважлівым да людзей, адказным за свае справы начальнікам. Часам, калі памыляліся, сварыў (і такое бывала), аднак, як узнікала патрэба, вучыў і дапамагаў. Пры ім наша культура грымела, святы былі такія, што Брэст і Мінск зайздросцілі! Ведаеце, які быў зводны хор у Жабінцы? Цэлы стадыён займаў!!! Я жадаю, каб у юбіляра заўжды былі на гарызонце неба з зоркамі, зямля – з кветкамі, а людзі – з любоўю.

Ала Канстанцінаўна МІКУЦ:

– У адрас Алега Іванавіча хочацца выказаць толькі лепшыя словы. Помнім яго як клапатлівага, інтэлігентнага, прыстойнага чалавека. Быў ён строгі (скажу сумленна: нават крыху пабойваліся яго), але заўсёды ведалі, што ён справядлівы, сваіх людзей беражэ і адстойвае, таму перажывалі, калі нешта не атрымоўвалася. Хочацца пажадаць добраму чалавеку здароўя, няхай захоўвае моцны дух і павагу ад былых калег. Ён многіх з нас памятае, і мы памятаем яго таксама з найлепшага боку.

Галіна Генрыхаўна ДУЛЕВІЧ:

– Згадваю, як Алег Іванавіч выказаў сваю мару, маўляў, проста неабходна, каб усе без выключэння работнікі займелі профільную адукацыю. І трэба сказаць, вёў гэтым шляхам кожнага, хто ўладкоўваўся на працу. Культура наша шматгранная, і Алег Храмцоў (гэта было кожнаму вядома) да тонкасцяў разбіраўся ў тым, чым жывуць бібліятэкі, клубы, кінавідэасетка. Прычым, хоць і быў начальнікам аддзела, не цураўся ўзяць у рукі музычны інструмент, так бы мовіць, запраста мог стаць радавым у агульным баявым музычным страі.

Марыя Іванаўна ГАДЖЫЕВА:

– Я адпрацавала ў культуры больш за сорак гадоў, большасць з іх была звязана з Алегам Іванавічам Храмцовым. Вельмі падабалася, што кожнае мерапрыемства, якое праводзілася ў горадзе ці раёне, ён дасканала прадумваў, літаральна сэрцам перажываў, каб усё прайшло, як належна. З яго шмат харошага пачыналася ў жабінкаўскай культуры, у тым ліку ўзлёт “Каруначак” і “Каларыта”, “Аляксандр-парка”, “Хмелеўскіх валацуг” і “Скарбніцы”. І цяпер многія ўдзячны Храмцову за чуласць, мудрасць і цярплівасць.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота з архіва райбібліятэкі

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.