Жабінкаўшчына – адзін з найбольш перспектыўных раёнаў Брэсцкай вобласці. Яскравай прыкметай імклівага развіцця з’яўляецца не толькі ўзвядзенне жылля, якое зараз назіраецца ў горадзе-спадарожніку і яго наваколлях, але й актыўнае будаўніцтва дарог. Пра тое, што яны павінны адпавядаць сучаснасці, нярэдка даводзіцца чуць ад вясковых жыхароў, калі ў рамках праекта “Вёсачка, жыві!” наведваем розныя населеныя пункты.
І вось паслядоўныя крокі здзяйсняюцца. Прыкладам гэтага можна лічыць участак дарогі, што звязвае вёскі Замошаны, Дзяглі і Пятровічы. Гэты шлях тым больш важны, што ён цягнецца практычна паралельна галоўнай шашы краіны М 1 Брэст – Мінск – граніца Расійскай Федэрацыі.
Рамонтныя работы выконвае Жабінкаўскае ДРБУ-103. Да слова, на сёлетні год у планах нашых дарожнікаў “апрануць” у новы асфальт прыблізна 17 кіламетраў. Участак Замошаны – Пятровічы – адзін з аб’ектаў, на якім праводзіцца асфальтаванне. Каб усё было зроблена як належна, патрабуецца папярэдне выраўняць асфальтабетоннае пакрыццё на ўчастку, а затым на адлегласці два кіламетры пакласці чыставы слой. Праца спорыцца і будзе выканана якасна, сцвярджаюць спецыялісты і заўважаюць: каб прывесці ў належны стан усе жабінкаўскія дарогі, давядзецца яшчэ нямала папрацаваць на працягу некалькіх гадоў. Гэта не толькі вельмі карпатлівая і адказная справа, але і дастаткова дарагая, бо кошт асфальтавання аднаго кіламетра складае каля 300 тысяч рублёў.
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%