7 мая споўнілася 10 гадоў з дня прысваення Жабінцы статусу горада-спадарожніка Брэста

Такому імкліваму развіццю, якое назіраецца ў Жабінцы, можа пазайздросціць усялякі населены пункт. Моцны штуршок быў дадзены дзесяць гадоў таму, калі Жабінка ўвайшла ў сузор’е гарадоў-спадарожнікаў, стала, як паэт некалі казаў, для Брэста “мілым крылом”. Тыя змены, што літаральна адбываюцца на вачах, нельга абмінуць, немагчыма не заўважыць. Днямі знаёмы, які гадоў пятнаццаць не бываў у Жабінцы, прызнаўся: “Павіншуйце мяне: я ў Жабінцы заблукаў!”

Калі так і далей пойдзе, давядзецца яшчэ не раз віншаваць не толькі яго, але і ўсіх нас. Бо за апошнія дзесяць гадоў Жабінка прайшла ў сваім развіцці шлях, на які раней патрабаваліся дзесяцігоддзі!

Першы – гэта пра Жабінку

Так атрымалася, што сярод васьмі беларускіх гарадоў-спадарожнікаў Жабінка адзіная жаночага роду. Таму нездарма артыкул у “Сельскай праўдзе”, прысвечнаны Першаму рэспубліканскаму форуму гарадоў-спадарожнікаў, называўся “Жабінка і сем братоў-гарадоў”. Форум ладзіўся 22 ліпеня 2022 года, ініцыятарамі яго сталі жабінкаўцы. На прадстаўнічую сустрэчу завіталі ўсе “браты”: дэлегацыі з Дзяржынска, Заслаўя, Лагойска, Рудзенска, Скідзеля, Смалявічаў і Фаніпаля. Форум наведалі тагачасны міністр эканомікі Беларусі Аляксандр Чарвякоў і намеснік (зараз першы намеснік) старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. Жабінку прэзентаваў кіраўнік раёна (сёння – намеснік старшыні аблвыканкама) Вадзім Краўчук.

На той час наш горад мог ужо годна дэманстраваць свае поспехі ў рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, будаўніцтве жылля і сацыяльна значных аб’ектаў. Не толькі жабінкаўцы – дзясяткі берасцейцаў ужо атрымалі ключы ад новенькіх кватэр у горадзе-спадарожніку. Выйшаў таксама на маршрут аўтобус № 77, які стаў яшчэ адной важнай транспартнай ніткай, што звязала Жабінку з Брэстам. Яшчэ ў 1970-я гады планавалася: у райцэнтры будуць будаваць дзевяціпавярховыя дамы. Аднак планы спраўдзіліся толькі ў наш час. Мабыць, ён сапраўды выбраў нас.

Шаноўныя госці маглі трохі і пазайздросціць, калі наведалі першы такі “хмарачос” у Жабінцы, пабывалі на заводзе па вытворчасці прэміксаў “Консул”, у новым сучасным дзіцячым садзе на 240 месцаў і ў будынку раённага суда, які змяніўся да непазнавальнасці пасля капітальнага рамонту.

Адбыўся карысны абмен вопытам, былі агучаны прапановы па развіцці гарадоў-спадарожнікаў, падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве ў сферах эканомікі, адукацыі і культуры, будаўніцтва і добраўпарадкавання. А яшчэ было выказана спадзяванне, што Першы форум – не апошні.

Так і адбылося праз год, калі жабінкаўская дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Сяргеем Хізовым выправілася ў іншы “салодкі” горад Скідзель, які “спадарожнічае” ў будучыню разам са старажытнай і вечна маладой Гародняй.

Працяг будзе

За дзесяць гадоў стала відавочным: Указ, падпісаны кіраўніком Беларусі, дзейнічае і прыносіць станоўчыя вынікі. Можаце спытацца ў любога жыхара Жабінкі, ці бачаць-адчуваюць яны гэтыя змены, і ён (або яна) сумленна адкажуць “так”. Гэтыя пераўтварэнні адчуваюць і госці нашага горада, нават тыя, хто ўпершыню тут пабывае. Бо даўно адным з сімвалаў Жабінкі сталі будаўнічыя краны, якія шчыруюць сёння на карысць будучыні.

Галоўнае: існуе і рэалізуецца стратэгія развіцця. У Жабінцы за час, што мінуў паміж форумамі, былі рэалізаваны два буйныя лагістычныя праекты, звязаныя з надзвычай удалым геграфічным месцазнаходжаннем нашага райцэнтра. Ну, і вядома, па-ранейшаму растуць дамы, як грыбы. І гэта не толькі сямі- і дзевяціпавярховікі паблізу вуліцы Міру, але і жытло для тых, хто з большай прыхільнасцю ставіцца да індывідуальнай забудовы.

У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай “Будаўніцтва жылля на 2021–2025 гады” на Жабінкаўшчыне плануецца за кошт усіх крыніц фінансавання ўвесці ў эксплуатацыю каля 70 тысяч квадратных метраў жылля. Для невялікага раённага цэнтра гэта не толькі крок да дасягнення сацыяльных стандартаў у названай сферы, але і выдатны рух да статуса горада-спадарожніка. Паколькі гэты высокі і адказны статус неабходна сваёй працай пацвярджаць у год, які нездарма названы Годам якасці.

Ёсць ужо добрыя набыткі. А яшчэ існуе перакананне: горад-спадарожнік у сваім развіцці будзе ўзнімацца на новыя вяршыні. Пагэтаму, як пішуць часам на газетных старонках, працяг будзе…

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.