
Пятніца, 3 мая, была расквечана не толькі пахучым бэзам, але і шчырымі ўсмешкамі супрацоўнікаў Брэсцкай абласной газеты “Заря”, да якой з мінулага года адносіцца і жабінкаўская “Сельская праўда”. Журналісты Брэста, Маларыты, Жабінкі сабраліся разам, каб павіншаваць адзін аднаго з прафесійным святам – Днём друку, які сёлета супаў са светлым Уваскрэсеннем Хрыстовым.
Усе, хто спрычыніўся да стварэння перыядычных выданняў, прымалі шчырыя віншаванні і цёплыя пажаданні ад начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Таццяны Гагакавай і старшыні абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Галіны Крынец.
Прыемна, што сярод узнагароджаных за шматгадовую добрасумленную працу, прафесіяналізм, актыўны ўдзел у жыцці прафсаюзнай арганізацыі “Зари” і наша калега – аглядальнік раённай газеты “Сельская праўда” Наталля Кавярговіч.
Дзесяць з паловай гадоў таму Наталля Міхайлаўна прыйшла ў раёнку карэспандэнтам аддзела эканомікі, затым працавала больш за пяць гадоў адказным сакратаром – правай рукой галоўнага рэдактара. Мела ўзнагароды за перамогу ў конкурсах, якія былі прысвечаны дзейнасці паштовых работнікаў і пажарных-выратавальнікаў, у прыватнасці супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях (дарэчы, адзін з герояў яе артыкула – Віктар Кавярговіч – стаў мужам Наталлі Міхайлаўны). Між іншым, добры, клапатлівы муж – гэта таксама падарунак лёсу, нават больш каштоўны за ўсе дыпломы на зямлі…
І вось чарговая сёлетняя ўзнагарода – Ганаровая грамата ад роднага прафсаюза. Шчыра віншуем шаноўную калегу і зычым далейшых поспехаў і дасягненняў.
Наталля КАЎПАНЬКА
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
