Жабинкаўскі цукровы завод: Ад цукраварні да гіганта індустрыі

Сярод дрыгвы людзі здаўна абіралі для жыцця ўзвышшы. На Купіне ў ХІХ стагоддзі ўзнікла станцыя Жабінка, а праз век на Лысай гары – Жабінкаўскі цукровы завод. Пэўным чынам зараз ён сімвал Жабінкі, пазнавальны ў Беларусі і за яе межамі. Гадоў дзесяць таму ў “Сельскую праўду” прыйшла падзяка з расійскай глыбінкі. Шмат добрага было сказана ў адрас Беларусі. Аўтар нават прапанаваў “прагуляцца” па яго хаце, дзе знайшлося шмат рэчаў з пазнакай “made in Belarus”. Пісаў гэты дамавіты чалавек зімой, аднак заўважыў: маецца ў яго гаспадарцы і трактарэц, зроблены на МТЗ. Як прыйдзе вясна, будзе надзейны беларускі “жалезны конік” дапамагаць рускаму селяніну агарод араць. А пакуль сядзіць гаспадар ля акна, ліст піша ў газету ды чай п’е з… жабінкаўскім цукрам…

А мы завітаем туды, дзе гэтую салодкую прадукцыю вырабляюць, каб пазнаёміцца з мінулым і сённяшнім днём цукравараў.

Усё пачыналася з… трохлітровага слоіка

Той, хто апярэджвае час, нярэдка выглядае ў вачах іншых дзіваком. Менавіта такім лічылі сучаснікі Караля Шпакоўскага, які ў 1838 годзе ўладкаваў у сваіх Вежках першую цукраварню. Гэткім чынам, традыцыя вырабу салодкага прадукту з буракоў мае на Жабінкаўшчыне даўнія вытокі. Тэхналагічны цыкл вытворчасці цукру таксама быў уведзены на Беларусі ўпершыню на Берасцейшчыне. Гэта зрабіў таленавіты навуковец-вынаходнік Аляксандр Скірмунт, стварыўшы ў ХІХ стагоддзі цукраварню пад Янавам.

Аднак павінен быў прайсці яшчэ цэлы век, каб мары палескіх першапачынальнікаў увасобіліся ў выглядзе такога моцнага прадпрыемства, як Жабінкаўскі цукровы завод. Рашэнне пра яго будаўніцтва, прынятае Саветам Міністраў СССР у 1959 годзе, адразу набыло маштаб усесаюзнай будоўлі.

На здымку, які перад вамі, – гістарычны дзень. Перад першым дырэктарам Мікалаем Сарачынскім – паперы аб прыёмцы прадпрыемства ў эксплуатацыю, а побач – трохлітровы слоік з надпісам: “Першы цукар Жабінкаўскага цукровага завода. І-я змена. 25/ХІІ – 63 г.”. З гэтай даты пачынае свой адлік прадпрыемства, што стала візітоўкай краю.

Ад сваіх пачаткаў завод меў стратэгію паступальнага развіцця. Ужо ў першыя дні калектыў здолеў дасягнуць амаль 3000 тон перапрацоўкі цукровых буракоў у суткі, а ў наступным годзе пачаўся выраб і з кубінскага цукру-сырцу.

Цяжка перабольшыць значэнне горадаўтваральнага прадпрыемства ў жыцці Жабінкаўшчыны. Да слова, і горадам Жабінка стала ў канцы 1970-га толькі пасля далучэння пасёлка цукравараў. За сродкі прадпрыемства былі пабудаваны больш за 800 кватэр, сярэдняя школа і дзіцячы сад, Дом культуры і фізкультурна-аздараўляльны комплекс “Бадзёрасць” (сённяшняя ДЮСШ) ды іншага шмат.

У 70-я – 80-я гады мінулага стагоддзя за вялікія вытворчыя поспехі завод не раз атрымоўваў Чырвоны Сцяг ЦК Кампартыі Беларусі, заносіўся на Усесаюзную Дошку Гонару на Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. На грудзях шматлікіх цукравараў зіхацелі дзяржаўныя ўзнагароды, і тон задаваў кіраўнік – заслужаны работнік прамысловасці, кавалер ордэнаў і медалёў Генадзь Вялько, які тры дзясяткі гадоў узначальваў прадпрыемства. Зусім нездарма ў 2017 годзе Генадзь Іванавіч першым сярод нашых землякоў ушанаваны высокім званнем Ганаровы грамадзянін Жабінкаўскага раёна.

А цяпер дайшлі да 10000 тон!

Наш век узброены найноўшымі тэхналогіямі і абсталяваннем, таму ХХІ стагоддзе – гэта час вялікіх маштабаў, хуткасцяў, аб’ёмаў.

На заводзе гэта разумелі даўно, таму нават у няпростыя 1990-я гады распачалі першую сваю значную рэканструкцыю. У выніку магутнасць прадпрыемства павысілася, што дазволіла давесці сутачную перапрацоўку цукровых буракоў да 4500 тон. На той час гэта здаваўся надзвычай добры паказчык.

30 снежня 1995 года Жабінкаўскі цукровы завод быў пераўтвораны ў адкрытае акцыянернае таварыства. Фактычна разгарнулася новая старонка яго развіцця.

Імклівы поступ новага веку выклікаў чарговыя, ужо другую і трэцюю па ліку, буйнамаштабныя рэканструкцыі, якія дазволілі стварыць умовы для імклівага росту.

Таму штогод цукравараў чакаюць новыя рэкорды, сваёй працай памнажаюць яны дасягненні. Вось толькі некалькі яскравых прыкладаў.

У 2005 годзе запрацавала першая лінія па расфасоўцы цукру-пяску ў папяровыя пакеты па 1 кг і ўпаковачная машына для расфасоўкі ў пяціграмовыя пакецікі. У наступным годзе гучна загаварылі пра жэліруючы цукар – навінку, вытворчасць якой першымі ў Беларусi наладзілі ў Жабінцы. З 2010 года цукровая прадукцыя выпускаецца пад брэндам “Sweet line” (“Салодкая лінія”). І яшчэ адна найважнейшая будоўля з тых часоў – узвядзенне склада бястарнага захоўвання цукру на 50 тысяч тон.

У 2017 годзе магутнасць завода дасягнула 8500 тон цукровых буракоў за суткі. Аднак і гэта, як аказалася, была яшчэ далёка не мяжа. Нездарма кожны, хто сёння пажадае наведаць афіцыйны сайт прадпрыемства, міжволі адчуе гонар, які маюць жабінкаўскія цукравары, прамаўляючы: “Наш завод перапрацоўвае 10 тысяч тон цукровых буракоў, вырабляючы каля 1300 тон цукру за суткі”.

У самым канцы 2023 года ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” шырока адзначыў сваё 60-годдзе і ўпэўнена ўступіў у Год якасці, абвешчаны ўказам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Слова “якасць” жабінкаўскія цукравары ўпадабалі здаўна. Нездарма дэвізам на прадпрыемстве з’яўляюцца словы: “Якасць і бяспека прадукцыі сёння – давер спажыўца і надзейная будучыня заўтра”. У правільнасці гэтых слоў, прыкладам, мог пераканацца кожны, хто ў мінулым лістападзе наведаў XXIX Міжнародную спецыялізаваную аптовую выставу-кірмаш “ПрадЭкспа”, дзе салодкая прадукцыя з Жабінкі займала самае годнае месца.

Так, за словамі – надзейныя справы і амбіцыйныя планы. І ўсё ў канчатковым выніку робіцца на прадпрыемстве дзеля таго, каб людзі на ўсёй Зямлі пілі чай з жабінкаўскім цукрам, хвалілі цукравараў і горад, у якім тыя жывуць і вельмі якасна працуюць.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.