Жабінкаўскія ліцэісты зрабілі першы крок у вялікую навуку

Напрыканцы студзеня ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася рэспубліканская канферэнцыя “Першы крок у навуку”. У яе рабоце прынялі ўдзел больш за 200 старшакласнікаў, а таксама педагогі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Дарэчы, у такім фармаце форум праводзіўся ўпершыню.

Арганізаваў мерапрыемства Савет маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук. Канферэнцыя ладзілася з мэтай пошуку навучэнцаў, якія цікавяцца навуковай дзейнасцю, развіцця імі навыкаў прэзентацыі вынікаў эксперыментаў, фарміравання ў юных даследчыкаў уяўленняў аб сучасных дасягненнях беларускай навукі.

Ад Жабінкаўшчыны ў сталіцы пабывалі і свае навуковыя распрацоўкі прадэманстравалі навучэнцы 11 класа гарадскога ліцэя Валерыя Андрэева, Паліна Андрасюк і Аляксандр Крупко разам са сваімі педагогамі Людмілай Яўгенаўнай Прановіч, Элінай Уладзіміраўнай Чарнецкай і Ганнай Іванаўнай Васілюк.

– Мерапрыемства было арганізавана на высокім узроўні, – сказала Ганна Іванаўна. – Мы паслухалі выступленні маладых вучоных Акадэміі навук, пазнаёміліся з выставай іх навукова-тэхнічных распрацовак, наведалі інстытуты НАН.

Ствараць лялькі – гэта навука

Найбольшае хваляванне ў гэты дзень адчувала Паліна Андрасюк: у секцыі “Гісторыя і культура” ёй выпала выступаць першай. Аднак як толькі дзяўчына пабачыла зацікаўленасць і адабрэнне ў вачах слухачоў, хваляванне як рукой зняло. Паліна прэзентавала навуковую работу “Анучныя і нітачныя лялькі: значэнне і роля ў народнай культуры ўсходніх славян”, падрыхтаваную пад кіраўніцтвам Эліны Чарнецкай.

Паліна з маленства займалася рукадзеллем у раённым цэнтры творчасці для дзяцей і моладзі, таму з задавальненнем стварыла 12 народных лялек з анучак і нітак для календара. Гэта работа стала практычнай часткай даследавання, якое дзяўчына прэзентавала ў сталіцы нашай рэспублікі.

– Складана ўкласці ў пяць хвілін, адведзеных для выступлення на канферэнцыі, усе “разынкі” даследавання, але мы пастараліся, – падзялілася Паліна Андрасюк. – Акрамя таго, я правяла майстар-клас для ўдзельнікаў па вырабе дзвюх лялек і адну з іх падарыла на памяць старшыні журы.

Галоўная мэта, якую ставіла перад сабой дзяўчына, – зацікавіць равеснікаў народнай культурай усходніх славян і лялечнай творчасцю. Па словах Паліны ўсё задуманае атрымалася.

Горад у вершах і малюнках

Адзінаццацікласніца Валерыя Андрэева займаецца ў ліцэі ў гуманітарным класе, таму не дзіўна, што яна цікавіцца навуковымі распрацоўкамі ў галіне філалогіі. Таму калі настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Прановіч прапанавала для даследавання тэму “Гарадскі тэкст у рускай паэзіі другой паловы ХХ стагоддзя (на прыкладзе твораў Вадзіма Шэфнера і Аляксандра Кушнера) Валерыя з інтарэсам пагадзілася.

– Работу я пісала каля года, – расказала юная даследчыца. – За аснову ўзяла гарадскі пейзаж Санкт-Пецярбурга. Разгледзела з дапамогай лірычных твораў Шэфнера і Кушнера гэты цудоўны гераічны горад з усіх бакоў: якім ён быў і як змяніўся.

– Актуальнасць гэтай тэмы ў тым, што мы жывём у горадзе-спадарожніку, які штогод мяняецца, развіваецца, – уключаецца ў размову кіраўнік навукова-даследчай працы Людміла Прановіч. – Нядрэнна было б, каб на сценах новых будынкаў у Жабінцы з’явіліся муралы з вершамі-прызнаннямі ў любові да роднага горада, як мы можам назіраць у Брэсце.

Каляндар з выявамі вуліц і храмаў Санкт-Пецярбурга, які дапоўніў тэарэтычную частку Лерынай навукова-практычнай работы, праілюстраваны ў тым ліку і яе ўласнымі малюнкамі. Колькі год таму дзяўчына скончыла Жабінкаўскую дзіцячую школу мастацтваў, адшліфаваўшы на выдатна свае навыкі і ўменне прыгожа маляваць.

Да слова, і Валерыя, і Паліна мараць стаць дызайнерамі. Гледзячы на іх прыгожыя малюнкі і лялькі, упэўнена: у дзяўчат усё атрымаецца. А падмурак для напісання курсавых і дыпломнай работ у выглядзе навукова-практычных работ ужо ёсць.

Метад Крупко: паспяваць усё

А вось Аляксандр Крупко, у адрозненне ад дзяўчат, мае матэматычны склад розуму і займаецца ў эканамічнай групе ліцэя. На суд журы і ўдзельнікаў канферэнцыі юнак вынес навукова-даследчую працу “Метады рашэння трыганаметрычных ураўненняў”. Саша выступаў у Аб’яднаным інстытуце праблем інфарматыкі НАН Беларусі ў секцыі “Матэматыка, інфарматыка”.

– Лічу, што гэта першы крок Аляксандра ў вялікую навуку, а не проста першы крок у навуку, – кажа навуковы кіраўнік юнака, настаўніца матэматыкі Ганна Васілюк. – Саша неаднаразова прымаў удзел у школьных, раённых і абласных канферэнцыях, дзе паступова набываў вопыт. Публічных выступленняў ён не баіцца, як і сцэны, на якую з дзяцінства выходзіць у складзе ўзорнага ансамбля народнага танца “Каруначкі”.

Як Саша ўсё паспявае, толькі ён знае: ён і вядучы, і танцор, і юны даследчык, і актывіст маладзёжнага саюза.

Хлопцу пашчасціла на канферэнцыі трапіць у аб’ектыў тэлекамеры і адказаць на пытанні журналістаў. А пасля яго выступлення журы пацікавілася, дзе можна прымяніць метады рашэння трыганаметрычных ураўненняў, прапанаваныя юнаком і яго навуковым кіраўніком.

– Пры напісанні цэнтралізаванага экзамену, тэсціравання, на ўроках і алімпіядах, – не раздумваючы, адказаў Аляксандр Крупко.

Усе трое нашых юных даследчыкаў і іх педагогі атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў рэспубліканскай канферэнцыі “Першы крок у навуку”, а Паліна Андрасюк – яшчэ і памятную кнігу ў падарунак.

Нашы навукоўцы-ліцэісты падзяліліся, што зарадзіліся энергіяй на новыя даследаванні і распрацоўкі. Пажадаем ім далейшых поспехаў!

Наталля КАВЯРГОВІЧ
Фота аўтара і Кацярыны ЯКУБЁНАК

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.