Жабiнкаўская дыстанція пуці: з мінулага ў будучыню

Слова “дыстанцыя” прыйшло з лацінскай мовы і азначае адлегласці. Гэта цалкам адпавядае нашай дыстанцыі пуці – з Жабінкай няпроста развітацца, бо ўладанні ПЧ-5 ахопліваюць ажно 10 раёнаў Брэстчыны! Увогуле, калі гаворым пра Жабінкаўскую дыстанцыю пуці, не стамляемся ўжываць эпітэты “адзіная”, “першая”, “лепшая”. І гэта не пахвальба, а канстатацыя фактаў, прычым фактаў пераканаўчых. Сярод 20 дыстанцый, на якія падзяляецца Беларуская чыгунка, Жабінкаўская адна з буйнейшых і па працягласці, і па колькасці працаўнікоў, і па разгорнутай даўжыні, а галоўнае – па паказчыках якасці працы і бяспекі. У жабінкаўцах гэты паказчык найлепшы на ўсёй чыгунцы. ПЧ-5 адзіная, што мае два буйныя разгалінаванні, і налічвае 20 станцый. Самы хуткасны ўчастак у краіне таксама на абшарах Жабінкаўскай дыстанцыі.

70 км у гадзіну: хуткасць неверагодная!

У 2005 годзе ў дыстанцыі сталі ствараць “Пакой Славы”, каб паказаць славутае мінулае чыгункі ад яе вытокаў па сённяшні дзень. Пачатак вядомы – восень 1871 года, калі Жабінка сустрэла першы свой поезд. Напрыканцы ХІХ стагоддзя цягнікі разганяліся да неверагоднай для таго часу хуткасці… 70 кіламетраў у гадзіну!

Да верасня 1939 года чыгунка падпарадкоўвалася Віленскай дырэкцыі, стан яе быў заняпалы, на лініі Лунінец – Жабінка “за польскім часам” нават знялі другую каляіну. Пасля ўсталявання Савецкай улады 2 снежня 1939 года на нашай зямлі ўтварылася Жабінкаўская дыстанцыя пуці.

У перыяд Вялікай Айчыннай вайны многія пуцевікі змагаліся з ворагам. У іх ліку – нараджэнец Жабінкі, колішні партызан атрада імя Чарнака, кавалер ордэнаў і медалёў Міхаіл Грыгарук. Першае пасляваеннае дзесяцігоддзе Міхаіл Васільевіч адпрацаваў у роднай дыстанцыі, а затым узначальваў Крычаўскую і Баранавіцкую.

Праз тыдзень, 21 лютага, спаўняецца 35 гадоў з дня смерці сапраўды легендарнага кіраўніка нашай дыстанцыі Сяргея Мікалаева (1908–1989). Ён няпроста ўзначаліў Жабінкаўскую дыстанцыю пуці адразу пасля вызвалення, але і дабіўся, каб рух па ёй распачаўся праз лічаныя дні. За датэрміновае аднаўленне магістралі Брэст – Масква, выключна важнай у ваенную пару, Сяргей Уладзіміравіч быў уганараваны ордэнам Леніна. А на старым здымку, які вы бачыце, ён, усмешлівы і радасны, ідзе наперадзе калоны пуцевікоў. Прычыны для радасці відавочныя: жабінкаўскія чыгуначнікі выканалі план рамонтных работ на 587 працэнтаў!

140 км у гадзіну: хуткасць рэкордная!

Сваю сённяшнюю афіцыйную назву Жабінкаўская дыстанцыя (ПЧ-5) атрымала 11 кастрычніка 1978 года.

На той час яе калектыў абслугоўваў ўжо 400 кіламетраў пуці. На ўчастках устанаўліваліся высокія хуткасці: 140 км/гадз. для пасажырскіх цягнікоў і 80 км/гадз. для грузавых на лініі Жабінка – Лясная, крыху павольней рухаліся паязды на адрэзку Жабінка – Лунінец. Аднак, як упэўнімся ніжэй, і гэтыя “хуткія кіламетры” не сталі максімальнымі для новага, ХХІ-га, стагоддзя.

У 1970 годзе, да сотых ленінскіх угодкаў, калектыў атрымаў юбілейную грамату ЦК Кампартыі Беларусі і Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, а ў алімпійскім васьмідзясятым – дыплом аргкамітэта Алімпіяды-80. Надзвычай важна адзначыць: у дыстанцыі заўсёды клапаціліся пра сваіх працаўнікоў. Найперш, будавалася жыллё: прыкладам, у Жабінцы для чыгуначнікаў з’явіліся ўтульныя 60-ці-, 52-ці- і 12-кватэрныя дамы, якія і цяпер мясцовы люд заве “чыгуначнымі”.

Добрыя справы, адданасць сваёй дыстанцыі і вялікі прафесіяналізм ніколі не заставаліся па-за ўвагай. У пацверджанне заслуг на грудзях каля 30-ці найлепшых пуцевікоў зазіхацелі высокія ўрадавыя адзнакі, у тым ліку трое займелі найвышэйшы ордэн Леніна, пяцёра сталі кавалерамі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, яшчэ дзесяць атрымалі “Знак Пашаны”, а сямёра – ордэн Працоўнай Славы.

174 км у гадзіну: разбег у хуткасны век!

Сённяшні начальнік ПЧ-5 Анатоль Івашкевіч пры сустрэчы крыху спыніўся на сучасных дасягненнях работнікаў дыстанцыі:

– Дзякуючы рэканструкцыі і ўмеламу абслугоўванню чыгункі, забяспечваецца яе надзейнасць і безаварыйны рух цягнікоў. Стан пуці, які рэгулярна ацэньвае камп’ютарны вымяральнік, у нас складае ўсяго 4 “штрафныя” балы пры плане 28. І гэта найлепшы паказчык на ўсёй Беларускай чыгунцы!

Не дзіўна, што ўжо шмат гадоў жабінкаўскія пуцевікі на добрым рахунку: нарыклад, па выніках першага паўгоддзя 2023 года ПЧ-5 была адзначана як лідар на Беларускай чыгунцы!

– Мо нездарма больш за два дзясяткі нашых працаўнікоў у розныя часы атрымоўвалі пачэснае званне “Ганаровы чыгуначнік”. У нас таксама найбольшая колькасць выдатнікаў Беларускай чыгункі – і гэта яшчэ адзін рэкорд у галіне, – дадае з гонарам Анатоль Юр’евіч.

Да слова, 2024 год і для самога начальніка дыстанцыі пачаўся з прыемнай навіны: за шматгадовую добрасумленную працу і дасягненне высокіх паказчыкаў пры выкананні вытворчых заданняў і асабісты ўнёсак у забеспячэнне ўстойлівай працы Анатоль Івашкевіч быў узнагароджаны Ганаровай граматай Брэсцкага аддзялення БЧ. Гэты поспех Анатоль Юр’евіч цалкам падзяляе са сваім калектывам, які рупіцца штодня, каб захоўваліся ў належным стане ўсе элементы пуці. А гэта, у сваю чаргу, забяспечвае бяспечны і бесперабойны рух цягнікоў, якія працавіта дастаўляюць да месца прызначэння пасажыры і грузы.

Сёння час такі: час хуткасці і якасці. Нашы пуцевікі штодня паказваюць якасць у працы. У гэтым можа пераканацца кожны, хто карыстаецца паслугамі Беларускай чыгункі. І самы хуткасны (эксперыментальны) ўчастак у Беларусі таксама належыць Жабінкаўскія дыстанцыі пуці. Ён месціцца паміж Лясной і Даманава. Яшчэ ў 2010 годзе на гэтым участку прайшлі адказныя выпрабаванні: эксперыментальны цягнік швейцарскай фірмы “Штадлер” у загружаным стане змог развіць небывалую для Беларусі хуткасць. Лічыльнік засведчыў рэкорд: 174 кіламетры ў гадзіну!

У ХІХ стагоддзі пра такое пісалі толькі фантасты, у ХХ-м гэта заставалася яшчэ марай, а ў ХХІ-м – стала явай.

Пачынаецца разбег у век імклівай хуткасці і высокай якасці, а яшчэ – у перыяд напружанай працы і неверагодных рэкордаў.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.