
Столькі мінула часу ад першай электрычкі, што спынілася на станцыі Жабінка, да сённяшняга дня. Згадзіцеся, у такі юбілейны дзень ёсць цудоўная нагода зірнуць як было раней і як цяпер сталася.
Лістапад – адметны месяц для Беларускай чыгункі, а значыцца, і Жабінкі, якая заўсёды развівалася з дапамогай сталёвай магістралі. У апошні восеньскі месяц 1871 года была адкрыта важная лінія Брэст – Смаленск і ўзнікла станцыя Жабінка, якая з лістапада 1882-га пачала абслугоўваць яшчэ і палескі жалезны шлях.
Нарэшце, праз бурлівы век, у лістападзе 1983 года, Жабінку і наваколлі абляцела прыемная вестка: у сувязі з электрыфікацыяй участка Брэст – Баранавічы ў нас спынілася першая электрычка. Чыгунка клапоціцца, каб кожны з камфортам і ў бяспецы прыбыў у патрэбны час да пункта прызначэння.
Гэткім чынам вось ужо 40 год бягуць па рэйках электрацягнікі, перавозячы шматлікіх пасажыраў.
Аднак рух ніколі не спыняецца, тым больш на дарозе. І вось роўна ў 13.00 19 лістапада 2011 года жабінкаўцы ўпершыню віталі хуткасны “Штадлер”, які з гэтага дня пачаў курсіраваць з Брэста ў Мінск і ў адваротным накірунку праз Жабінку.
Пра сучасны дзень станцыі крыху расказала яе начальнік Ірына Мікіцюк. Вось толькі некалькі паказальных лічбаў, агучаных Ірынай Эдуардаўнай. Штодня ў нас спыняецца 22 пары пасажырскіх цягнікоў розных зносін, у тым ліку шэсць пар рэгіянальных ліній эканомкласа і тры пары паяздоў міжрэгіянальных ліній бізнескласа.
І вось яшчэ адна цудоўная лічба – №1. Іншымі словамі, з ліпеня 2023 года чыгуначная станцыя Жабінка з’яўляецца станцыяй першага класа. Да такога высокага прызнання значнасці ў сістэме шляхоў зносін Беларусі яна крочыла паўтара стагоддзя!
Пакуль размаўлялі з Ірынай Эдуардаўнай, да станцыі Жабінка падышла чарговая сучасная электрычка, і новыя пасажыры паспяшаліся заняць свае месцы. Добрай вам дарогі, землякі. 40 гадоў толькі наперад!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%