Алена Валетава: Жыві актыўна і думай пазітыўна!

Сёлета і ў сям’і, і ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання горача віншавалі з 80-гадовым юбілеем Алену Валетаву. Нягледзячы на вельмі паважаны ўзрост, Алена Пятроўна дасюль захоўвае бадзёрасць, імкненне жыць актыўна і быць карыснай.

Двойчы памятны дзень

Слухаючы цёплыя віншаванні ў святочны дзень, яна міжволі згадвала бацьку, які пражыў толькі трыццаць гадоў. І віною таму стала вайна, што абрынулася на нашу зямлю ў агнявыя саракавыя. Ліхалецце завітала і ў родную вёску Антонаў на Гомельшчыне. Лена стала “ваенным дзіцём” – прыйшла на свет ў трывожны час, 24 сакавіка 1943 года.

Тату, прызванага ў войска, яна не памятала. Як рэліквіі захоўваліся ягоны ордэн Славы і лаканічная даведка: “Пётр Фёдаравіч Шван (1914-1945) загінуў у баі 24 сакавіка 1945-га…” – у той самы дзень, калі дачушцы споўнілася два гады. Шукала яго пахаванне семдзесят гадоў, не губляла надзеі, спадзявалася да апошняга.

– Я ж столькі пісала… паўсюль слала лісты: і ў Чырвоны Крыж, і ў архівы Падольска ды Варшавы. Слава Богу, знайшла. Нарэшце атрымала адказ: ляжыць родны чалавек у польскай Цыбінцы (што амаль на мяжы з Германіяй) у безыменнай магіле №189 сярод 10 тысяч савецкіх салдат.

Як тое стала вядома, Алена Пятроўна двойчы ў 2015 годзе з мужам Васілём Інакенцьевічам, дзецьмі Андрэем і Тамарай ды зяцем Андрэем Войнашам наведвала магілу. Хоць было помнікаў безліч, ды адшукалі пахаванне без падказкі, пакланіліся нізка, запалілі памінальны агонь, усклалі кветкі, а яшчэ прымацавалі надпіс з імем-прозвішчам таты і дзядулі, кароткімі датамі яго жыцця і простымі словамі: “Помнім, любім, сумуем”.

Аднак сумненне ўсё ж заставалася: ці дакладна названа магіла, мо яшчэ нехта ў ёй ляжыць? Госці з Беларусі адшукалі ўправу, дзе ім пацвердзілі: адразу пасля бою, які стаў для яго апошнім, Пятра Швана пахавалі паблізу храма, а праз гады перанеслі астанкі ў Цыбінку, менавіта ў магілу №189.

Бабуля – мая выратавальніца”

У мамы, якая так рана аўдавела, яна засталася адна крывіначка. Аднак і жыццё Тамары Мацвееўны было нядоўгім – хворае сэрца матулі, змучанае вайной і пасляваеннымі цяжкімі часамі, раптоўна стамілася біцца, і сямігадовая дзяўчынка засталася поўнай сіратой. Хто ведае, які чакаў бы яе лёс, каб не было побач бабулі – сапраўднай выратавальніцы. Соф’я Цітаўна выхавала ўнучку, не аддала сірату ў дзіцячы дом. Хоць тройчы адтуль прыязджалі па дзяўчынку, жанчына катэгарычна адмовіла:

– Не аддам! Мяне немцы двойчы да брамы ставілі, расстраляць хацелі. Тады чужога чалавека не выдала, а сваю, родненькую, тым больш не аддам!

Тое насамрэч у вайну здарылася. У бабулі жыла Хайка. Калі карнікі па вёсцы яўрэяў шукалі, Соф’я пераапранула бяглянку ў братаву адзежу ды схавала ў свінарніку. А там свіння (мабыць, і жывёліна небяспеку адчула) ляжала ціхенька, не рохкала, прыкрывала гаротную жанчыну, схаваную ў саломе. Акупанты лютавалі, неўзабаве вёску ператварылі ў попел, многіх людзей пастралялі. Тыя, хто паспеў збегчы ў лес, яшчэ доўга жылі ў зямлянках нават пасля ліхалецця.

Як скончыліся гэтыя чорныя дні, Соф’я Цітаўна вельмі хацела даць унучцы адукацыю. Апранала сваю Леначку ў матуліны гожыя сукенкі, якія зберагала як памяць. Штораніцы ўзімку, каб на дзяўчынку не напалі ваўкі, бабуля запальвала факел і вяла яе лесам праз сем кіламетраў у сярэднюю школу ў Галоўчыцы. Не раз мудрая жанчына, што пражыла век, не ведаючы ўрачоў, прыгаворвала:

– Я табе, унучачка, са свайго цяжкага жыцця нічога не жадаю. Адно толькі хачу перадаць – маё здароўе на доўгія гады!

Бабульчыну ласку дзяўчына прымала з удзячнасцю. Як магла, ёй дапамагала, нават пошту ў вольны час за яе разносіла, а працадні запісваліся на Соф’ю Цітаўну. Пасля школы Лена ўладкавалася піянерважатай, трохі давялося і панастаўнічаць, выкладаючы рускую мову і літаратуру. А затым дзяўчыну чакала праца ў райкаме камсамола.

Перарванае шчасце

Камсамольская работа прынесла змены не толькі ў прафесіі, але і ў асабістым жыцці. Хутка дзяўчына сустрэлася са сваёй другой палавінкай. 5 лютага 1966 года Алена Пятроўна і Васіль Інакенцьевіч пабраліся шлюбам, стварыўшы дружную сям’ю. А ўжо напрыканцы восені маладыя бацькі радаваліся з’яўленню першаніцы, якую Алена назвала ў гонар матулі Тамарай.

Гэта зараз дэкрэтны водпуск цягнецца гадамі, а тады – днямі вымяраўся. Маладой жанчыне неўзабаве давялося вяртацца на працу, але цяпер ездзіць у камандзіроўкі, маючы маленькую дачку, станавілася цяжка. Вось і давялося ўзначаліць дзіцячы сад на заводзе “Буддэталі” ў Нароўлі, дзе адпрацавала 14 гадоў. Восенню 1972-га нарадзіўся сын Андрэй. Так і атрымоўвалася, што маці была для сваіх дзяцей і выхавальніцай, бо яны хадзілі да яе ў садзік. А як Тамара з Андрэем падраслі, жанчына папрасіла, каб яе перавялі ў школу.

Той час сапраўды быў напоўнены шчасцем, якое дзень пры дні толькі расло ў новым доме, узведзеным уласнымі рукамі.

– Па жыцці мне шанцавала і на людзей, і на працу, – пераканана наша гераіня. – Мела павагу і любоў ад дзяцей і калег, дый у сям’і прапісаўся лад. Здавалася, жыві – не памірай… Але здарылася вялікае гора для ўсёй Беларусі.

У той бяды ёсць імя, якое цяпер ведае кожны, – Чарнобыль. Яго небяспечная хмара накрыла вельмі многіх, закранула і сям’ю Валетавых, прымусіла іх пераехаць з забруджанай зоны і пачаць усё амаль з нуля. Новым месцам, што дало прытулак, 30 гадоў таму стала наша Жабінка.

Чарговая старонка ў жыцці

1 верасня 1993 года быў святочны і адначасова сумны дзень. Алена Пятроўна развітвалася з роднай школай, завяршалася і яе настаўніцкая праца, якой было так шмат аддадзена часу і сіл. Яе абступілі настаўнікі, дзеці, лілося шмат цеплыні і крышачку слёз. Гэтак жыццё перавярнула чарговую старонку.

Па шчырасці, у Жабінцы прыжывацца было цяжка – усё ж карані цягнулі на радзіму, а яна, атручаная чорнай бядой, засталася ўжо за гарызонтам. Сапраўдным паратункам для жанчыны сталі яе шматлікія захапленні. Дасюль згадвае яна сустрэчу з Марыяй Барысаўнай Плечка. Тая падбадзёрыла і паклікала ў гарадскі хор. А калі з 1995 года ўтварыўся яшчэ і хор ветэранаў, Алена Пятроўна пачала спяваць і ў ім. Бывала такое: крочаць па горадзе дзве Алены (бабуля ды ўнучка), і маленькая Лена пытаецца ў старэйшай:

– А мы ў які хор зараз ідзём, бабулечка, у стары ці малады?

І трэба сказаць, спевы далёка не апошняе захапленне ў нашай суразмоўніцы. Сабе і іншым яна жадае: “Жыві актыўна і думай пазітыўна!” І не толькі жадае – гэтак і дзейнічае.

Шмат гадоў пры раённай бібліятэцы Алена Валетава была ўдзельніцай клуба “Суразмоўнік”, не прапускала, бадай, ніводнай сустрэчы, з ахвотай рыхтавалася да кожнага мерапрыемства. Зараз нярэдка наведвае раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе ладзяцца карысныя сустрэчы з цікавымі людзьмі – валанцёрамі, урачамі, спецыялістамі ў розных галінах. У цэнтры, між іншым, святкавалі і юбілей Алены Пятроўны. Яна любіць удзельнічаць і ў спартыўных спаборніцтвах (напрыклад, у шахматна-шашачных турнірах), падтрымлівае здаровы лад жыцця (нездарма жанчына захапляецца скандынаўскай хадзьбой). Акрамя таго, з задавальненнем разам з іншымі людзьмі залатога веку Алена Валетава наведвае басейн. Гэта і для здароўя карысна, і адчуваеш сябе пазытыўна, быццам зноў маладзееш.

– Жабінка мне падабаецца: чысценькі, дагледжаны, утульны гарадок, – прызнаецца напрыканцы наша гераіня. – Месца проста ідэальнае для жыцця. Мы з мужам рады, што дачакаліся праўнукаў Мацвея і Багдана. Значыцца, ёсць у гэтага жыцця працяг.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канал по ссылке https://t.me/selsk_prav

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.