Россыпы брыльянтаў, усмешак і бантаў

Для другой гарадской школы сёлетні навучальны год асаблівы – з брыльянтавым адлівам. 31 жніўня ўстанове споўнілася 60 год, і на ўрачыстай лінейцы прысутнічалі яе першакласнікі 1963 года, якія ў далейшым займелі ганаровае званне першых выпускнікоўСШ №2. Акрамя таго, установе сёлета, у Год міру і стварэння, прысвоены статус “Школа міру”. Тут упершыню расчыніў свае дзверы спартыўны клас, з’явілася новае футбольнае поле, абноўлены вучэбныя кабінеты і спартыўная пляцоўка.

Юбілейны год – прыемная нагода для віншаванняў і пажаданняў, якія няспынна гучалі на ўрачыстай лінейцы да Дня ведаў. Старшыня райвыканкама Андрэй Кузьміч пажадаў другой гарадской школе росквіту і развіцця, усім прысутным – міру і дабрабыту.

– Сёлета на Жабінкаўшчыне за парты сядуць 292 першакласнікі, 194 вучні выйшлі на фінішную прамую вучобы і будуць выпускнікамі гэтага навучальнага года, – адзначыў кіраўнік раёна. – У СШ №2 два першыя класы і адзін выпускны. Моладзь – гэта будучыня нашай краіны. Вы – новае пакаленне, гонар нашага раёна!

Чулымі, кранальнымі словамі прывітала дзяцей і настаўнікаў, бацькоў і гасцей свята дырэктар другой гарадской школы Ірына Кашчэва.

Кожны новы навучальны год трывожыць па-новаму, – сказала Ірына Міхайлаўна. – І кожны раз першага верасня мы гаворым: “Прывітанне, школа! Добры дзень, вучоба! Мы ідзём па веды ў паход”.

Кіраўнік СШ №2 падзякавала раённаму выканаўчаму камітэту, цукроваму заводу, якія паспрыялі ў рамонце навучальнай установы, ААТ “Жабінкаўскі” за пастаянную падтрымку і 48-аму асобнаму батальёну радыёэлектроннай барацьбы за ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі і цеснае ўзаемадзеянне з другой школай.

Пракурор раёна Дзмітрый Марачук пажадаў вучням цярпення, уседлівасці, стараннасці, упэўненасці ў сабе, бацькам – упэўненасці ў сваіх дзецях і нам усім – упэўненасці ў заўтрашнім дні.

Клірык храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў Жабінцы айцец Максім Волк сказаў школьнікам словы, якія калісьці запалі яму ў сэрца:

– Час – рэсурс, які не ўзнаўляецца. Мы або штодзённа працуем, ствараем, праводзім час з карысцю, або марнуем яго дарэмна, упустую. Заклік да стваральнай працы, мне здаецца, як ніколі актуальны ў Год міру і стварэння.

Ад бацькоў слова трымала і з Днём ведаў віншавала Марына Дрынюк.

– Дарагія дзеці! Няхай вашы сустрэчы з дырэктарам будуць толькі з нагоды ўзнагароджвання за школьныя заслугі, а сур’ёзныя размовы з бацькамі толькі на тэму “Чым цябе заахвоціць за поспехі?” – сказала Марына Віктараўна.

Упрыгожылі свята ведаў не толькі прыгожыя словы ды ўсмешкі, але й спевы, вершы і вялікі белы мядзведзь, які завітаў у другую школу, каб павіншаваць усіх з пачаткам навучальнага года.

З Днём ведаў! У добры шлях!

Наталля ВАЛОШКА
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 2%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.