Каханне даўжынёю ў паўвека

Для жабінкаўцаў Івана Іванавіча і Лідзіі Канстанцінаўны Мікулікаў сёлетні год багаты на круглыя даты і значныя падзеі. У сакавіку галава сям’і адзначыў сваё 80-годдзе, у ліпені сямейная пара адсвяткавала залатое вяселле і нараджэнне праўнука, якога ў гонар прадзядулі назвалі Ванечкам.

Пружанскага хлопца Івана, які скончыў Маскоўскі тэхналагічны інстытут, і дзяўчыну Ліду з Дзяржынска, якая вучылася ў Мінску, у далёкім 1972 годзе пазнаёміла і паяднала Жабінка. Якімі вятрамі іх занесла ў невялікі райцэнтр паблізу Брэста? Пра гэта далей.

Справы важныя, запатрабаваныя

Іван пайшоў прафесійнай дарогай свайго бацькі, які працаваў закройшчыкам у швейным атэлье. Пераадолеўшы тысячу кіламетраў ад Пружанаў да Масквы, юнак паступіў у сталічны тэхналагічны інстытут на спецыяльнасць “Тэхналогія швейных вырабаў”. На тры гады вучобу давялося перарваць, каб паслужыць Айчыне ў Бакінскай ваеннай акрузе ў зенітна-ракетных войсках. Калі Іван вярнуўся пасля арміі ў студэнцкія аўдыторыі пасталелым і больш сур’ёзным хлопцам, то паставіў сабе мэту скончыць інстытут з чырвоным дыпломам. У 1969 годзе мэта была дасягнута, Івана Мікуліка як аднаго з лепшых студэнтаў рэкамендавалі ў аспірантуру. Аднак ён адмовіўся, бо вырашыў вярнуцца ў родную Беларусь. На размеркаванні юнаку прапанавалі на выбар тры раёны Брэстчыны: Лунінецкі, Іванаўскі або Жабінкаўскі. Апошні прывабіў сваёй блізкасцю да абласнога цэнтра. Так Іван Мікулік апынуўся ў Жабінцы. На шматгаліновым прадпрыемстве “Камбінат бытавога абслугоўвання”, дзе рупілася каля 500 чалавек, Іван Іванавіч быў на той час адзіным работнікам з вышэйшай адукацыяй. Дзевяць гадоў ён адпрацаваў галоўным інжынерам, наступныя 18 – узначальваў КБА. Па колькасці работнікаў камбінат бытавога абслугоўвання ўступаў толькі цукроваму заводу. На прадпрыемстве была наладжана дрэваапрацоўчая, швейная, прадзільная і іншыя вытворчасці. Паслугі КБА былі разнастайныя і, што важна, запатрабаваныя. Ім Іван Іванавіч з ахвотай прысвячаў сябе. Як аўтарытэтны кіраўнік ён пастаянна ўдзельнічаў у розных конкурсах і семінарах, неаднаразова ўзнагароджваўся дыпломамі і граматамі, нагрудным знакам “Выдатнік службы быту”.

Каханне з першага погляду

У 1972 годзе пасля заканчэння Мінскага тэхнікума лёгкай прамысловасці на Жабінкаўшчыну па размеркаванні прыехала і Ліда. Ні Дзяржынск, ні Жабінка тады не былі гарадамі-спадарожнікамі, а цяпер можна сказаць, што ў адным з іх дзяўчына нарадзілася, а ў другім згадзілася. Малады спецыяліст уладкавалася ў жабінкаўскі КБА майстрам прадзільнага цэха.

– Гэта было каханне з першага погляду, – дзеліцца патаемным Іван Іванавіч. – З першай хвіліны знаёмства я адчуў прыцягненне, захапленне і замілаванне Лідзіяй. Дзякуй Богу, яна адказала ўзаемнасцю.

– Іван скарыў мяне сваім розумам, настойлівасцю і рамантычнасцю, абавязковасцю і надзейнасцю, – кажа Лідзія Канстанцінаўна. – Ён ніколі не павышаў голас ні на падначаленых, ні на мяне ў шлюбе. Калі ставіў перад сабой мэту, то дасягаў яе ў любым выпадку, быў чалавекам слова і справы. А яшчэ ў Івана выдатнае пачуццё гумару і тактоўнасці.

Шмат выпрабаванняў прайшло іх каханне, перш чым 14 ліпеня 1973 года Івана і Лідзію Мікулікаў аб’явілі мужам і жонкай у Пружанскім загсе. У сямейным жыцці выявілася, што Іван Іванавіч і кравец, і муляр, і цясляр – на ўсе рукі гаспадар. А Лідзія Канстанцінаўна, каб адпавядаць мужу, які меў вышэйшую адукацыю, завочна скончыла эканамічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У маладой сям’і нарадзіліся дачка Юлія і сын Ягор.

Каб аддзячыць жонцы за доўгачаканага сына, што прыйшоў на свет у канцы снежня, шчаслівы галава сям’і паехаў у Брэст у пошуках кветак. І якім было здзіўленне яго каханай Лідачкі, урачоў і парадзіх, калі Іван Іванавіч завітаў у радзільны дом з жывымі галінкамі бэзу. Зусім не дзіўна, што з тае пары гэта любімыя кветкі Лідзіі Канстанцінаўны. Але найлепшыя “кветкі” – гэта, канешне, дзеткі.

– Дзеці – гэта наша радасць і наш гонар, – кажуць залатыя юбіляры. – Яны выраслі годнымі людзьмі, маюць па дзве вышэйшыя адукацыі, падарылі нам цудоўных унукаў – Маргарыту, Назара ды Іларыю.

Унучка Маргарыта замужам за святаром Максімам Волкам. Сёлета яны адзначылі пяцігоддзе сумеснага жыцця, і гэта стала яшчэ адной нагодай, каб дружная сям’я Мікулікаў сабралася разам за вялікім сталом. А 18 ліпеня Маргарыта і Максім прымалі віншаванні з нараджэннем сыночка, якога ў гонар прадзеда вырашылі назваць Іванам. Дарэчы, у апошні ліпеньскі дзень тры годзікі споўнілася Ульянцы – старэйшай сястрычцы маленькага Ванечкі.

Але і гэта яшчэ не ўсе святочныя нагоды ліпеня. На Дні нашага любімага горада Івана Іванавіча і Лідзію Канстанцінаўну Мікулікаў урачыста павіншавалі з залатым юбілеем сумеснага жыцця, уручылі Віншавальны адрас ад райвыканкама, пажадалі здароўя і кахання на доўгія гады. “Ваша сям’я – цудоўны прыклад таго, як можна і трэба годна і прыгожа жыць разам. Мала каму лёсам даравана такое шчасце – сустрэць залатое вяселле. Вы вырасцілі цудоўных дзяцей, сталі майстрамі ў сваіх прафесіях, многім дапамагалі ў цяжкую хвіліну, працавалі на карысць людзей і зрабілі вялікі ўклад у развіццё нашага раёна. Няхай мір, цяпло, утульнасць і дабрабыт напаўняюць ваш гасцінны дом. З каштоўным юбілеем вас, залатыя маладыя!” – гаворыцца ў Віншавальным адрасе.

Далучаемся да гэтых пажаданняў юбілярам і жадаем сустрэць ізумруднае і брыльянтавае вяселле разам!

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК

Фота з сямейнага архіва МІКУЛІКАЎ і Кацярыны ЯКУБЁНАК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 2%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.