Мы ўжо паведамлялі пра абсалютны вынік выпускніцы Старасельскай сярэдняй школы, залатой медалісткі Вольгі Друшчыц у сёлетняй уступнай кампаніі. Нагадаем: у яе стабальны атэстат, і па сто балаў дзяўчына атрымала на цэнтралізаваных экзаменах па беларускай мове і гісторыі Беларусі, а таксама на цэнтралізаваным тэсціраванні па грамадазнаўстве. Такі вынік стаў нечаканым нават для самой Вольгі.

У максімальнай колькасці балаў па беларускай мове дзяўчына не сумнявалася, бо з юных гадоў чула роднае слова ад матулі Наталлі Міхайлаўны, паспяхова ўдзельнічала ў алімпіядах і розных конкурсах, да якіх вучаніцу рыхтавала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Каржук. А вось пры напісанні іспыту па гісторыі Беларусі сумненні былі пры адказах на многія пытанні. Трэба сказаць, Вольга ўдзельнічала ва ўсіх трох этапах рэпетыцыйных тэсціраванняў па гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве, якія ў дзяўчыны выкладала Людміла Міхайлоўская. Спачатку вынікі былі вышэй за 80 балаў, потым вышэй за 90. Аднак на ўсе сотні Вольга па сціпласці сваёй не разлічвала. У чаканні рэзультата па ЦТ яна сачыла за поспехамі іншых выпускнікоў. У інтэрнэце з’явілася інфармацыя пра 400-бальнікаў з Ліды, Мазыра, Полацка…
– Могуць жа іншыя, – думала Оля. – Малайцы!
А неўзабаве і сама папоўніла спіс тых, хто займеў у выніку ўсіх выпрабаванняў 400 балаў.
Трэба сказаць, да такога рэзультата Вольга прыйшла без дапамогі рэпетытараў. Паколькі па стане здароўя дзяўчына знаходзілася на хатнім навучанні, настаўнікі Старасельскай школы прыходзілі да яе дадому.
– Педагогі займаліся са мной адной, таму заўжды трэба было старанна рыхтавацца да ўрокаў, – дзеліцца выпускніца. – У нашых настаўнікаў вялікі вопыт, галоўнае, каб у вучня былі матывацыя і жаданне. Калі ты ставіш перад сабой мэту, то крок за крокам да яе набліжаешся. Тут і педагогі табе ў дапамогу, і бацькі, і інтэрнэт.
А яшчэ Вольга заўсёды адчувае падтрымку братоў і сясцёр, прыслухоўваецца да іх парад.
Але гэта яшчэ не ўсе сотні Вольгі Друшчыц. Ёсць яшчэ адна – пятая, не менш важная. У снежні мінулага года ў сталічным выдавецтве Валерыя Квілорыя тыражом у сто асобнікаў выйшла кніга юнай аўтаркі “Самай лепшай вясною”. Пасадзейнічала ў тым, каб гэтае выданне пабачыла свет, былая загадчыца бібліятэкі СШ №19 горада Брэста Лідзія Сабатовіч. Як кажуць, свет не без добрых людзей. Калі ты сам вылучаеш святло і цяпло, як Волечка, то такіх жа светлых, шчырых, неабыякавых людзей і прыцягваеш.

Акрамя таго, што Вольга піша вершы і цудоўныя замалёўкі, яна яшчэ й прыгожа малюе, а таксама вядзе свае старонкі ў “Інстаграме” і “ТыкТоку”, здымае ролікі.
– Гэта прыносіць мне задавальненне, асабліва калі бачу аддачу ад падпісчыкаў (а іх у Олі нямала), – дзеліцца дзяўчына. – У мяне шмат сяброў у інтэрнэце, якім падабаюцца мае відэа пра жыццё, маляванне, мае планы і спадзяванні.
Вольга Друшчыц марыць завочна паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на факультэт культуралогіі і сацыяльна-культурнай дзейнасці.
– Спецыяльнасць выбірала па сваіх ведах і магчымасцях, – кажа абітурыентка. – Яна звязана з менеджментам, маркетынгам, рэкламай. Вабіць работа ў інтэрнэце, яна даступная для мяне, ёсць магчымасць працаваць аддалена.
З 17 ліпеня пачаўся прыём дакументаў ва ўніверсітэт. Гэтымі днямі Вольга з матуляй збіраюцца ў сталіцу. А 24 ліпеня Волечцы споўніцца 17. Шчыра жадаем ёй здароўя, удачы, натхнення, паспяховага паступлення.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
