Рэтра-дыскатэка вяртае ў маладосць

15 ліпеня ў жабінкаўцаў была цудоўная магчымасць вярнуцца на машыне часу ў маладосць, на дыскатэку 80-90-х гадоў мінулага стагоддзя.

Акунуцца ў атмасферу запальных рытмаў і музычных шэдэўраў мінулых гадоў жыхарам і гасцям горада-спадарожніка дапамагла народная эстрадная група “Аляксандр-парк”. Гэты гурт вядомы сваімі яркімі энергічнымі выступленнямі, а іх песні не пакідаюць абыякавымі нават самых патрабавальных меламанаў.

На танцавальнай пляцоўцы ў гарадскім парку ў той вечар было горача не толькі ад ліпеньскай спёкі, але і ад рытмічных кампазіцый “Аляксандр-парка”. Людзі сталага ўзросту і маладога, якія завіталі на рэтра-дыскатэку, актыўна рухаліся пад “Чырвоную руту”, “Жоўтыя цюльпаны”, “Кубачак кавы”, “Чорныя вочы”… Артысты ўзгадалі і пра суседа, які іграе на кларнеце ды трубе, і пра фантазёра, вярнулі ўсіх у “Дзяцінства”, пажадалі танцорам: “Няхай вам пашанцуе ў каханні”.

Адна з самых актыўных танцорак, удзельніца народнага хору ветэранаў Галіна Пасюк адзначыла: работнікі клубнай сістэмы вялікія малайцы, што арганізавалі рэтра-дыскатэку.

– Я па жыцці заўсёды была актыўным чалавекам, – падзялілася Галіна Аркадзьеўна. – Удзельнічала ў розных конкурсах, спаборніцтвах, спявала, танцавала. А што, дома сядзець, тэлевізар цэлы дзень глядзець?

– Толькі чаму артысты спявалі ўсяго гадзіну? Гэта вельмі мала, – казалі прысутныя.

Але ім патлумачылі, што група “Аляксандр-парк” была на “разагрэве”, а далей можна было танцаваць пад кампазіцыі, якія падбіраў работнік клубнай сістэмы Віктар Дзірын.

Жанчыны, з якімі я паразмаўляла, выказалі просьбу, каб такія рэтра-дыскатэкі праходзілі на адкрытым паветры кожную суботу. Добра, каб іх суправаджала работа выязнога гандлю ды можна было наталіць смагу вадой ці ахаладзіцца марожаным.

– Я прыехала ў Жабінку да родных у госці, – сказала пажылая брастаўчанка, якая не пажадала назваць сваё імя. – Мы гулялі, праходзілі міма парку і пачулі музыку – прайсці міма было немагчыма. У Брэсце такія дыскатэкі для тых, каму за…, нярэдкасць. І гэта сапраўды цудоўна: ты нібыта вяртаешся ў маладыя гады, энергічна рухаешся, атрымліваеш мора пазітыўных эмоцый! Калі параўноўваць вашу і нашу рэтра-дыскатэкі, то заўважу: вам трэба больш шырокая рэклама і не менш як двухгадзінная праграма.

А яшчэ танцоры сталага ўзросту выказалі спадзяванне, што на Дзень горада Жабінкі яны таксама знойдуць пляцоўкі па душы.

Упэўнена, у суботу наш любімы горад будзе ярка святкаваць, жыхароў і гасцей Жабінкі цікавай праграмай здзіўляць.

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.