Напрыканцы мая адзначаюць сваё свята тыя, хто штодня стаіць на варце межаў роднай краіны, якая павінна жыць і квітнець у міры і шчасці. Напярэдадні Дня пагранічніка сустрэліся з жабінкаўцам Валянцінам Панасюком, які служыць у Брэсцкай Чырванасцяжнай памежнай групе імя Ф.Э. Дзяржынскага.
Валянцін здаўна меў мару служыць на граніцы, таму адразу на прызыўной камісіі ў ваенкамаце шчыра сказаў:
– Хачу быць пагранічнікам!
Пажаданне юнака было ўлічана, і ўжо праз пару месяцаў, 26 снежня 2022 года, пасля вучэбнай роты ён заступіў на мяжу. Валянцін не першы і далёка не апошні выхадзец з нашага раёна, што звязаны службай з Брэсцкай памежнай групай. Прыкладам, хутка з часцю развітаецца жабінкавец Юрый Галаваты. А вось Валянцін Панасюк бачыць працяг сваёй біяграфіі непарыўным з пагранічнай службай.
З першых яе дзён юнак упэўніўся, што выбар зрабіў правільны. Хоць да таго вёў выключна грамадзянскае жыццё – скончыў у Жабінцы ліцэй, а затым у сталіцы – дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Але ж веды, атрыманыя на грамадзянцы, і ў службе дапамога (як, напрыклад, веданне замежных моў).
Бацькі-камандзіры ды старэйшыя таварышы, што ўжо не адзін месяц стаялі на варце беларуска-польскай мяжы, хутка дапамаглі радавому Панасюку ўліцца ў дружную сям’ю, якою стала для яго застава.
– У нас нездарма кажуць: “Застава – мой родны дом!” – гаворыць Валянцін. – У гэтых словах схаваны вялікі сэнс, калі адчуваеш, што становішся часткаю агульнай, важнай і адказнай справы, прадаўжальнікам традыцый мінулых пакаленняў ахоўнікаў граніцы.
Тую роднасць ён адчуў у поўнай меры, калі заступіў на варту мяжы. І цяпер усялякі раз з асаблівым гонарам прамаўляе ў адказ на загад камандзіра: “Ёсць заступіць на ахову дзяржаўнай мяжы!” У чым гонар гэтых слоў? Бо з таго імгнення, як ты іх прамовіў, узрастае адказнасць байца не толькі за сябе асабіста і таварышаў па зброі, але і за мір ды спакой роднай краіны і яе жыхароў.
Нярэдка людзей хвалюе пытанне, ці спакойна сёння на мяжы, ці знаходзіцца, як гаворыцца, граніца на замку? На тое Валянцін Панасюк адказвае ўпэўнена і дакладна:
– На ўчастку адказнасці нашай заставы зараз парушальнікамі, на шчасце, становяцца толькі козачкі, вавёрачкі ды лісы. Хоць службу даводзіцца несці ў глыбіні пушчы, буйныя лясныя “госці” не наведваюцца.
Пушчанскія “глыбіні” можа дакладна вымераць толькі той, хто штодня жыве-служыць у рэліктавым лесе. Такое жыццё і такая служба Валянціну па душы. Напрыканцы гэтай зімы ў яго выспела жаданне застацца на заставе ўжо не ў якасці шарагоўца тэрміновай службы, але перайсці на кантракт. Тым больш, што такі крок абяцае рост па службовай лесвіцы. Неўзабаве жабінкавец можа стаць старшыной заставы. Адпаведна і на пагонах з’явяцца сяржанцкія лычкі. Аднак усё ж гэта ў перспектыве. Ды ўсялякая мара робіцца рэальнасцю, калі ёсць жаданне, а галоўнае – разуменне, што справа, якой хочаш прысвяціць далейшае жыццё, патрэбна роднай дзяржаве і яе грамадзянам.
Напярэдадні Дня пагранічніка наш суразмоўнік праз газету выказвае пажаданні тым, хто звязаў лёс з памежнай службай:
– У нас гавораць: “У пагранічніка спакойнай ночы не бывае”. Таму пажадаю, каб усё ж для маіх калег ночы былі добрымі, без каманды: “Трывожная група, у ружжо!” Міру і кахання ўсім на вялікай Зямлі і ў маленькай Беларусі.
Іншага пажадання нельга было чакаць ад таго, хто сцеражэ мір і спакой на дзяржаўнай мяжы ды завецца Валянцінам, бо нарадзіўся ў Дзень закаханых.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%