ДОМ, У ЯКІМ УЛАДАРЫЦЬ ЗАКОН

Амаль трыста дзён таму ў Жабінцы на вуліцы Міру ладзілася ўрачыстасць, на якую завіталі кіраўнік Брэсцкай вобласці Юрый ШУЛЕЙКА, першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый КАЛІНКОВІЧ і старшыня абласнога суда Антон ГУШЧЫН. Нагода была самая прыемная: наш суд пасля маштабнай рэканструкцыі святкаваў наваселле. Напярэдадні Дня юрыста мае сэнс пазнаёміцца з тымі, хто працуе ў доме, дзе ўладарыць Яго Вялікасць Закон.

У той святочны лютаўскі дзень сімвалічны ключ ад будынка, які перажыў сапраўднае другое нараджэнне, атрымаў старшыня суда Жабінкаўскага раёна Віктар НОВІК. У яго за плячыма чвэрць стагоддзя судзейскай практыкі: з кастрычніка 1997 года Віктар Віктаравіч быў суддзёй па адміністрацыйных справах і выканаўчых вытворчасцях суда горада Дзяржынска і Дзяржынскага раёна, затым працаваў у Салігорску, а з мая 2000-га і па сённяшні дзень — старшыня суда нашага раёна. Віктар Новік мае дзве вышэйшыя адукацыі і вялізны прафесійны ды жыццёвы вопыт, што дазваляе не толькі выступаць арбітрам у самых няпростых судовых працэсах, але й паспяхова кіраваць зладжаным калектывам аднадумцаў.
Акрамя Віктара Віктаравіча, працэсы вядзе Людміла РУБАШЭЎСКАЯ. Дзень, калі Людміла Мікалаеўна далучылася да судзейскай кагорты, лёгка запомніць ды амаль немагчыма забыць. І не толькі таму, што ў той дзень быў зроблены важны, вельмі адказны крок у жыцці, які дазволіў апрануць мантыю і ў поўнай меры ўвайсці ў прафесію. Дата ў нечым сімвалічная — 11 лістапада 2011 года, альбо 11.11.11. За адзінаццаць гадоў, што мінулі з таго дня, праз рукі суддзі прайшла вялікая колькасць спраў, і кожная з іх у той ці іншай меры лёсавырашальная. Паколькі Людміле Рубашэўскай даводзіцца, лічыце, штодня, абапіраючыся на нормы закону, выносіць вердыкты, ад якіх без перабольшвання залежыць вельмі шмат у жыцці асобных людзей.
Сёлетні год прынёс падвойны юбілей загадчыку канцылярыі Святлане КАЗЕЙ. Летам Святлана Мікалаеўна адзначыла на жыццёвым календары ўласную круглую дату, пры гэтым роўна палова пражытых гадоў прысвечана працы ў судзе Жабінкаўскага раёна, куды яна прыйшла спачатку ў якасці сакратара, а апошняе дзесяцігоддзе загадвае канцылярыяй.
Пад яе непасрэдным кіраўніцтвам Ірына ЖМАЙЛІК. Ірына Генадзьеўна пачынала працу ў 2006 годзе ў якасці сакратара судовага пасяджэння, а цяпер вось ужо дзве пяцігодкі — сакратар суда. У яе непасрэдных абавязках — накіроўваць судовыя пастановы на выкананне, альбо, як гаворыцца ў народзе, даваць справе ход.
Усе без выключэння супрацоўнікі з удзячнасцю згадваюць час і абставіны, калі далучыліся да калектыву, які стаіць на абароне законных інтарэсаў грамадзян. У сёлетнім студзені адзначыла два дзясяткі гадоў, як пераступіла парог дома, дзе ўладараць права і закон, Анжаліка ЯСКАВЕЦ. За гэты час Анжаліка Мікалаеўна пабывала ў ролі судовага выканаўцы, кансультанта, а са студзеня 2014-га — вядучы спецыяліст суда. Чалавек яна, бясспрэчна, кампетэнтны ва ўсім, што тычыцца ўстановы, размешчанай па адрасе: вуліца Міру, дом 11.
Той памятны майскі дзень 2015 года, калі давялося ўпершыню ўвайсці ў гэты будынак, згадвае і Вольга ПАЎЛАВА. Вольга Леанідаўна — сакратар судовага пасяджэння. А гэта значыць — непасрэдна ўдзельнічае ў працэсе, рыхтуючы, між іншым, дакументы па справах. У гэтым яна калега Веранікі МІСЮК — самай маладой супрацоўніцы, якая далучылася да калектыву тры гады таму. Дарэчы, разумеючы, што патрэбна папаўняць багаж ведаў, Вераніка Андрэеўна зараз вучыцца ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя Пушкіна, каб неўзабаве атрымаць дыплом аб вышэйшай юрыдычнай адукацыі.
Святой святых суда, дзе беражліва і акуратна зберагаюцца тамы шматлікіх спраў, можна назваць архіў, а “ўладарыць” у ім архіварыус. Ужо сем гадоў гэтыя абавязкі паспяхова выконвае Таццяна ПАДЛЕСКАЯ. Таццяне Уладзіміраўне нездарма давераны гэты адказны ўчастак, бо нават праз гады часам ёсць патрэба звярнуцца да мінулага, калі гэтага запатрабуе спрадвечная багіня правасуддзя Феміда.
Заўтра свята ўсіх, хто мае непасрэднае да яе дачыненне. З гэтай нагоды папрасіў супрацоўнікаў суда перадаць прывітанне і словы віншавання калегам-юрыстам. Першае, што пачуў на вуліцы Міру — пажаданне мірнага неба, а затым моцнага здароўя, шчасця, натхнення, ажыццяўлення сваіх запаветных мар штогод, штодня і кожную хвіліну.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымку: супрацоўнікі суда Жабінкаўскага раёна Вольга ПАЎЛАВА, Ірына ЖМАЙЛІК, Святлана КАЗЕЙ, Вераніка МІСЮК, Анжаліка ЯСКАВЕЦ і Таццяна ПАДЛЕСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.