Што хаваецца пад снегам, або У рэйд – з аховай прыроды і цэнтрам гігіены

Што хаваецца пад снегам, або У рэйд – з аховай прыроды і цэнтрам гігіены

Парадак і гаспадарлівыя адносіны да ўласнага падворка, прыдамовых тэрыторый, земляў агульнага карыстання не губляюць сваёй актуальнасці і зараз. Не ўсё можа прыкрыць снег, які сёлета нечакана выпаў 18 лістапада. Што хаваецца пад ім ля кантэйнерных пляцовак, у гаражных масівах і садаводчых таварыствах, выяўлялі ўдзельнікі рэйду, які адбыўся напрыканцы лістапада. У паездку накіраваліся начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір САРОКА, галоўны спецыяліст інспекцыі Наталля ЯКІМАВЕЦ, памочнік урача-гігіеніста Васіль ТАРАСЮК і карэспандэнт “СП”.

Першым пунктам маршруту значылася садаводчае таварыства “Дружба” ў мікрараёне цукровага завода.

– У таварыства, якое складаюць работнікі “салодкага” прадпрыемства, няма кіраўніка, таму вельмі складана вырашаць пытанні, якія ўзнікаюць у сувязі з засмечваннем тэрыторыі, – расказвае Уладзімір Сарока. – Дагавор уладальнікаў “дружных” участкаў з Брэсцкім смеццеперапрацоўчым заводам не заключаны, таму смецце тут валяецца дзе папала. І пустыя бутэлькі, і гнілыя яблыкі, і зрэзаныя кветкі, і галлё садовых дрэў.

Крыху палепшыла настрой удзельнікаў сумеснага рэйду наведванне гаражнага масіву на вуліцы Садовай. Тут панавалі чысціня і парадак. Агульную карціну псавала толькі выстаўленае смецце ля двух гаражоў.

А ў цэлым было такое ўражанне, што ўласнікі добра падрыхтаваліся да зімы: прыбралі друз і смецце самі, каб яно не чарніла белае покрыва снегу.

Лыжку дзёгцю ў бочку мёду дадалі кантэйнерныя пляцоўкі на вуліцах Гагарына і Лесапаркавай. Кантэйнеры былі пустыя, але каля іх горкамі ляжалі раслінныя адходы ды галіны дрэў, а на вуліцы 67 Палка нават стаяла кухонная шафа.

– Такая сітуацыя назіраецца з тае пары, як тэрыторыя ля кантэйнерных пляцовак перайшла на баланс ЖКГ, – патлумачыла Наталля Якімавец. – Брэсцкі смеццеперапрацоўчы завод забірае адходы з кантэйнераў, а тое, што стаіць ля іх, па-за пляцоўкамі, пакідае. Толькі паспеюць камунальнікі прыбраць мяхі і раслінныя адходы, як горы смецця зноў вырастаюць, нібы грыбы пасля дажджу.

Наступны пункт маршруту – могілкі на вуліцы Міру. Кантэйнеры для смецця пустыя, а вось ля іх – два крыжы і кавалкі разбітага помніка.

І яшчэ больш пагоршыла настрой неахайная тэрыторыя ля дома на вуліцы Рампавай, 7. І сам будынак выглядае непрывабна, і ўсё вакол засмечана. Складваецца ўражанне, нібы дом без выгод і ля яго не касілі год.

Напрыканцы ўдзельнікі рэйду вырашылі праверыць кантэйнерную пляцоўку каля аптэкі на Леніна. Камісію парадавала  чысціня. Умеюць жа ўсё-такі жабінкаўцы падтрымліваць парадак, калі захочуць. А гаспадарам смецця, што трапіла ў аб’ектыў фотакамеры, хочацца нагадаць, што для раслінных адходаў існуюць спецыяльна адведзеныя пляцоўкі на вуліцы Лясной, 1; Чкалава, 8; Чарнака, 2; Базанавай, 27 і Заводскай, 2. Для збору і часовага захоўвання буйнагабарытных адходаў абуладкаваны месцы на вуліцы Зарэчнай, 22 і 22 З’езда КПСС, 5.

Жабінка – чысты, прыгожы горад, люстэрка адносін жыхароў да малой радзімы. Давайце не будзем засмечваць нашу прыгажуню ні летам, ні зімой. Згодны са мной?

Наталля СНЕЖАНЬСКАЯ

Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top