У СТАРЫМ СЯЛЕ — ШКОЛА МІРУ

22 верасня Старасельская сярэдняя школа атрымала ганаровы міжнародны статус “Школа міру”. З прывітальным словам да школьнікаў звярнуліся кіраўнік Брэсцкага абласнога аддзялення Фонду міру Лідзія РАМАНЮК, кіраўнік раённай пярвічнай арганізацыі Беларускага фонду міру, член Савета Рэспублікі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль ШАЛТАНЮК, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Галіна БУРКО і настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Азятах іерэй Вадзім ЛІТВІНЮК. Навучэнка школы Вольга Друшчыц была адзначана кіраўніцтвам абласной арганізацыі Беларускага фонду міру за перамогу ў конкурсе вершаў.
Дарэчы, у Старасельскай школе шмат намаганняў накіравана на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Вучні разам з педагогамі дапамагаюць ветэранам, адзінокім людзям, удзельнічаюць ў добраўпарадкаванні помнікаў і воінскіх захаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, вядуць пошукавую работу, чым і апраўдалі прысваенне такога значнага статуса. Праект “Школы міру” рэалізуецца Беларускім фондам міру сумесна з Міністэрствам адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквой “Сетка Школ міру ў Рэспубліцы Беларусь”. Ён накіраваны на выхаванне дзяцей і моладзі на прынцыпах сяброўства, узаемадапамогі і згоды.

“САЛОДКІ” СЕЗОН РАСПАЧАТЫ!

Як расказаў генеральны дырэктар ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, на раніцу 26 верасня было назапашана каля 80 тысяч тон цукровых буракоў, з якіх амаль 35 тысяч ужо адправіліся ў перапрацоўку.
— Плануем па выніках года нарыхтаваць не менш за
1 мільён 100 тысяч тон сыравіны. Гэта дазволіць поўнасцю загрузіць прадпрыемства і атрымаць не менш чым 135 тысяч тон цукру, — адзначыў Ігар Іванавіч. — Гэтага аб’ёму з улікам тых, што выпускаюць яшчэ на трох цукраварных прадпрыемствах краіны, дастаткова, каб забяспечыць беларусаў салодкай прадукцыяй і яшчэ частку можна экспарціраваць.
Дарэчы, завод ужо рэалізуе прадукцыю з ураджаю 2022 года ў Расійскую Федэрацыю, Казахстан, заключаны кантракты на пастаўку ў Кіргізію.

“СЯМЕЙНАЕ ФОТА Ў МУЗЕІ”

Гэтак называецца конкурс-сэлфі, абвешчаны сектарам культуры райвыканкама, раённым гісторыка-краязнаўчым музеем, аб’яднаннем прафсаюзаў Жабінкаўшчыны і БРСМ. Ён праводзіцца па 10 кастрычніка ў музеі. Той, хто жадае паўдзельнічаць, павінен накіраваць да гэтай даты свае фотаработы (з кароткім апісаннем уласнай сям’і і заяўкаю) на электронны адрас museum_zhabinka@mail.ru. Асноўнае мерапрыемства конкурсу — эксклюзіўнае сямейнае фота ў экспазіцыйных залах музея. Журы вызначыць пераможцаў у намінацыях “Адпачываем усёй сям’ёй”, “Я — беларус і гэтым ганаруся”, “Мая шчаслівая сям’я”. Удзельнікі конкурсу фатаграфуюцца ў любой зале музея. Вельмі добра, калі бацькі і дзеці будуць апрануты ў касцюмы або элементы касцюмаў, якія адпавядаюць тэматыцы афармлення залы. Узнагароджванне пераможцаў адбудзецца 14 кастрычніка, на Дзень Маці. Шаноўныя жабінкаўцы! Вас чакаюць для сямейнага сэлфі ў Малых Сяхновічах на вуліцы Касцюшкі, дзе месціцца раённы музей.

ЮБІЛЕЙ ПЯТРОВІЧАЎ

Шмат на Жабінкаўшчыне паселішчаў, якія маюць доўгі век. 23 верасня сваё 455-годдзе адзначыла вёска Пятровічы, якая упершыню згадваецца ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага восенню 1567 года. За гэты час населены пункт паспеў пабачыць многае і многіх. Ён стаў радавым гняздом сям’і Дзяконскіх, з якой паходзіў паэт Альбін Міхал ДЗЯКОНСКІ. Сёлета яму споўнілася б 130 гадоў. А ў 1870-м нашы Пятровічы нават маляваў выдатны мастак Напалеон Орда. Каля маёнтка існаваў разлеглы парк, сярод якога ўзвышаліся дубы (старэйшае дрэва мела больш за 300 гадоў). Быў час, калі Пятровічы з’яўляліся нават адміністрацыйным цэнтрам саўгаса “Беларусь” і Пятровіцкага сельсавета.

СВЯТА “ВОСЕНЬ У ЗАВОССІ”

Ёсць у Баранавіцкім раёне цудоўнае месца, якое падаравала свету вялікага паэта Адама МІЦКЕВІЧА. Штогод у верасні ў мясцовым музеі-сядзібе Міцкевічаў ладзіцца рэспубліканскае літаратурна-музычнае свята “Восень у Завоссі”. Сёлета яно сабрала творцаў з усёй краіны ў суботу 24 верасня. На літаратурнай пляцоўцы выступілі і сябры Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Свае вершы і празаічныя творы падаравалі слухачам старшыня абласной творчай суполкі Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ, бярозаўская паэтэса Алёна ПАПКО, паэтка з Баранавічаў Раіса РАМАНЧУК, наш зямляк пісьменнік і журналіст Анатоль БЕНЗЯРУК ды іншыя. Сапраўдным прыгожым аздабленнем свята сталі песні ў выкананні юнай берасцейскай спявачкі Міланы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.