Нядаўна ў восьмы раз ладзіўся абласны фальклорны фестываль “Радавод”. Нагадаем, ён быў некалі задуманы і ўпершыню праведзены на Брэстчыне дзякуючы нашай зямлячцы Веры ВОЛКАВАЙ. А затым добрую справу падхапіла ўся Беларусь. Фестываль вяртае нас да спадчыны продкаў — сапраўднага нацыянальнага коду беларусаў. Пагэтаму нездарма на ім адзначаюцца выключна мясцовыя гаворкі і аўтэнтычнае мастацтва.
Сёлета ўдзельнікаў з усёй вобласці на працягу двух дзён прымаў гасцінны Пінск. Жабінкаўцы годна прадставілі родны раён на “Радаводзе”. Так, педагог дадатковай адукацыі раённага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі Ірына КОВАЛЬ разам са сваімі навучэнкамі Аняй ШЭФНЕР і Дашай БЕЛАХВОСТ паўдзельнічалі ў конкурсе “Юныя майстры”, дзе ўразілі ўсіх “танцавальнымі лялькамі”. Іх выступленне адзначана дыпломам І ступені. У навукова-практычнай канферэнцыі “Фальклорная спадчына” вызначылася Паліна ПАШКЕВІЧ з Ленінскага (педагог Надзея МОТЫЛЬ). Дзяўчына пазнаёміла журы з асаблівасцямі тэхнікі старадаўняга вязання кручком, якое бытавала на Жабінкаўшчыне (яе навуковая работа таксама атрымала дыплом І ступені).
Яркае ўражанне пакінула шэсце ўдзельнікаў фестывалю па цэнтральнай пінскай вуліцы. Усе былі апрануты ў народныя строі сваіх рэгіёнаў. Можна было наведаць таксама “Бабуліну кухню” і “Горад майстроў”. У ім, між іншымі, ладзіўся майстар-клас ад юных жабінкаўцаў (і яны атрымалі дыплом І ступені). А Паліна ІГНАЦЮК і яе педагог Марына ПРАКОШЫНА сталі другімі. Увогуле за выставы цэнтр творчасці ўзнагароджаны дыпломам
ІІ ступені. Сапраўдны фурор выклікаў фальклорны калектыў пад кіраўніцтвам Таццяны ГРЫЦУК з праграмай “Нам ны трэба заморскых пысэнь, мы спываем своі каждый дэнь”. У юных артыстаў — сапраўднае “жніво” ўзнагарод: два дыпломы першай ступені, адзін — другой!
За свае ўдалыя выступленні фальклорная каманда Жабінкаўшчыны, да таго ж, уганаравана дыпломам
ІІІ ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама. Удзельнікі фестывалю вельмі ўдзячныя Крыўлянскай СШ за прадастаўленыя аўтэнтычныя матэрыялы. Бо іх поспех у Пінску — сапраўды агульная справа.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
