МІЦІНЫ СНЫ

МІЦІНЫ СНЫ

Быў Галавасек. Вецер церушыў сівы попел. Да глыбокай ночы разносіў яго па ваколіцах з месца, дзе дагаралі дамы і людзі.
Коміны, бы маўклівыя званы з вырванымі языкамі, узносіліся ў набрынялае дымам неба.
Чорныя дрэвы, нібы рукі, заламаныя ў роспачы, працягвалі агню скалечанае галлё.
Скразныя раны пад сэрцам на ўсё жыццё атрымалі тыя, хто выжылі, — дрэвы і людзі.

***

Успамінае берасцеец Васіль Васільевіч ВАШЧУК, 1930 года нараджэння, у час Галавасека — жыхар суседняга сяла Сцяпанкі:
— Восенню сорак другога, падчас драмлёўскай трагедыі, мне ішоў дванаццаты год. У той дзень я з матуляй Ганнай, дзедам Ціханам ВАШЧУКОМ і бабуляй Марфай былі ў полі — убіралі ўраджай на палетках паблізу ўласнага хутара. Месціўся ён каля вёскі Сцяпанкі. Нашы надзелы межаваліся з драмлёўскімі (былі ўсяго за тры кіламетры ад гэтай вёскі).
Памятаю той сонечны цёплы дзень у пачатку восені. Раптам дарослыя заўважылі слупы дыму і агнявыя водбліскі з боку Драмлёва. Усе кінуліся на выратаванне, але наткнуліся на моцнае кола немцаў, якія адусюль абхапілі сяло. Карнікі забаранілі нам ісці далей. Бабуля Марфа крычала, колькі мела сіл:
— Пусціце! Пус-ці-це! Там мае сваякі!!!
Я з дзедам і маці панурыя вярталіся назад. Хоць і не ведалі пакуль пра сапраўдны маштаб трагедыі, але ж нават тое, што бачылі здалёк, выклікала смутак і жах.
Пасля працы па-сямейнаму прыселі парадзіцца, выказвалі розныя здагадкі. Аднак сапраў-днасць аказалася значна страшнейшай за прыдумкі.
Вечарэла, і на палетках заў-важылі хлопчыка. Ён ледзь цягнуўся на паўсагнутых нагах паміж палоскамі жыта, ішоў з боку Драмлёва на хутар Кірылы НОВІКА, нашага суседа. Калі ўбачылі хлопца, кінуліся да Новікавай хаты. Высветлілася: гэта быў шасцігадовы Міця ЮРАСІК, пляменнік Кірылавай жонкі Вольгі. Яна моцна прыціснула да грудзей хлопчыка, ён дрыжаў і плакаў, вопратка была ўся ў крыві, ледзь выгаворваў:
— Хачу піць.
Яго паклалі, напаілі, скінулі акрываўленую сарочку і жахнуліся — амаль пад сэрцам была скразная рана, пакінутая куляй. Знайшоўся самагон, якім апрацавалі месца ранення, і наклалі павязку. Усіх непакоіла, ці не зачапіла куля сэрца. Заставалася спадзявацца толькі на цуд. І ён адбыўся — Міця выжыў.
Ён і распавёў пра тое, што адбылося ў Драмлёве. На світанку вёску акружылі карнікі, якія правялі вобыск у дварах, хатах і хлявах драмлёўцаў. Затым сагналі ўсіх у хлебныя клуні ды пусцілі кулямётныя чэргі. Усе пападалі. Ад параненай маці Міця пачуў:
— Сыночак, вылазь цераз адтуліну пад дзвярыма ззаду хлява ды схавайся ў кустоўі сада. Як пабачыш, што навокал няма немцаў, паўзі па разорах да цёткі Олі.
Так ён і зрабіў. Якія ж мужнасць і сіла волі былі ў раненага хлопчыка, каб выканаць мацярынскую просьбу! Гэтак ён уратаваў уласнае жыццё і стаў жывым сведкам бязлітаснасці акупантаў.
Мінулі гады, я выбраў для сябе прафесію ўрача. Даўно ведаю, што зрабіў гэта свядома. На тое паўплывалі дзве падзеі з вайны: смерць ад эпідэміі малога брата, якому не было каму дапамагчы; і карціна таго, як людзі ратавалі Міцю Юрасіка ды маліліся, каб ён не памёр, бо нельга было паклікаць да раненага нікога, акрамя Бога…

***

Міця ўспамінаў не пакінуў. Хоць мог сказаць многае: і пра сваё выратаванне, і пра тое, як у драмлёўскім агні загінулі яго бацькі Якаў Ерамеевіч і Матрона Яўсееўна, старэйшы брат Рыгор і малодшы Васька, сёстры Лідка і Анечка. Найменшай не хапіла 28 дзён, каб справіць першую гадавіну з дня нараджэння…
Так, Дзмітрый Якаўлевіч Юрасік не напісаў успамінаў. І вершаў ён таксама не складаў. За яго праз шмат гадоў пасля спалення Драмлёва гэта зрабіў паэт Расціслаў БЕНЗЯРУК, аўтар паэтычнага “Маналога Змітра Юрасіка”:

Ніколі не забыць таго,
Як вёска гінула і людзі.
Пякельна-жудасны агонь
Яшчэ дасюль начамі будзіць.
Прачнуся — болю не суняць,
І кліча да сябе Айчына,
Дзе ў сэрца кожнаму глядзяць
Тры вечна сумныя жанчыны.

Як жа гэта сугучна таму, што прыкмецілі ў сваіх вандроўках па месцах ваенных падзей стваральнікі кнігі “Я з вогненнай вёскі” Алесь Адамовіч, Янка Брыль і Уладзімір Калеснік: “Пра сны свае, ваенныя, пасляваенныя, нам расказвалі многія. Бо ў снах тых — працяг іхніх пакут. Зноў і зноў, як самую рэальнасць, перажываюць людзі ўсё тое — разам з загінуўшымі і як бы за іх ужо”.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымках: “…у сэрца кожнаму глядзяць тры вечна сумныя жанчыны”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top