Гэта быў самы доўгі дзень, і да спякоты прыроднай дадалася гарачыня баёў на зямлі і ў небе. Было 22 чэрвеня 1941 года, і Жабінка з першых хвілін апынулася на галоўным напрамку вайны. Шматлікія дакументы і ўспаміны дазваляюць скласці летапіс першых сутак ліхалецця.
22 чэрвеня
Каля 2:00 – пачалі актыўна дзейнічаць нямецкія дыверсанты. У выніку спынілася правадная сувязь штаба савецкай 4-й арміі з акругай і войскамі.
3:30 – яе атрымалася аднавіць, парыў нашы сувязісты знайшлі ў Жабінцы. Пасля гэтага камандарм генерал-маёр Аляксандр КАРАБКОЎ атрымаў па тэлеграфе загад камандуючага Заходняй акругай аб прывядзенні войскаў у баявую гатоўнасць.
4:15 – масіраваныя артабстрэлы Брэста і крэпасці (у Цытадэлі сярод абаронцаў было каля 30 жабінкаўцаў). Пачатак Вялікай Айчыннай вайны.
5:00 – 6:00 – частыя авіяўдары праціўніка па штабах і складах карпусоў: 14-га механізаванага ў Кобрыне і 28-га стралковага ў Жабінцы, дзе ўспыхнула нафтабаза, што знаходзілася паблізу ад каманднага пункта корпуса. Пад удар трапіў і чыгуначны вузел. Жабінкаўскія пуцейцы цаной уласных жыццяў здолелі адправіць увесь рухомы састаў у кірунку Баранавічаў і Пінска.
5:00 – 10:00 – шматлікія баі ў небе паміж нямецкімі і савецкімі лётчыкамі. У схватку з варожай авіяцыяй уступілі асы 123-га знішчальнага авіяпалка (камандзір маёр Барыс СІРЫН). У небе над Жабінкаўшчынай змагаліся і загінулі старшыя лейтэнанты Іван ФЯДЗЯЙ і Аляксандр ЖМАЕЎ. У іх гонар названы вуліцы ў нашым горадзе.
5:10 – першы налёт люфтвафэ на штаб савецкай 4-й арміі, якой супрацьстаяла 4-я армія вермахта. Па трывозе часцям чырвонаармейскіх падраздзяленняў загадана падрыхтавацца да руху ў раён Жабінкі.
5:45 – камандны пункт 28-га стралковага корпуса (камандзір генерал-маёр Васіль ПАПОЎ) размясціўся ў гаі за 2 км на паўднёвы ўсход ад Жабінкі.
Каля 6:00 – 30-я танкавая дывізія пасля трывогі пачала падрыхтоўку праз гадзіну выступіць з Пружан у Жабінку, каб спыніць наступленне немцаў.
6:00 — 8:00 – часці 22-й танкавай дывізіі пад варожым агнём імкнуцца як мага хутчэй выйсці з Брэста на Варшаўскую шашу (цяпер – М1) і па грунтовай дарозе ўздоўж чыгункі адступіць да Жабінкі. 459-ы стралковы і 472-гі артылерыйскі палкі далучыліся каля райцэнтра да сваёй 42-й стралковай дывізіі.
9:00 – 22-я танкавая дывізія сваімі перадавымі часцямі падышла да Жабінкі. Тут асколкам снарада быў паранены начальнік штаба падпалкоўнік Аляксандр КІСЛІЦЫН.
11:30 – камандарм Карабкоў аддаў загад 28-му стралковаму корпусу не дапусціць далейшага руху ворага на Жабінку. 14-му мехкорпусу прадпісвалася сканцэнтравацца ў раёне Відамля – Жабінка, каб атакаваць праціўніка ў брэсцкім напрамку сумесна з 28-м стралковым корпусам і 10-й змешанай авіядывізіяй. Гэта сведчыла, што пра сапраўдны стан рэчаў у штабе арміі не ведалі.
Пачатак, працяг будзе
Анатоль РОСТАЎ
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
