У нядзелю праваслаўныя вернікі святкавалі Тройцу. А ў аграгарадку Хмелева адзначалася двайное свята: тут ладзіўся абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Уладар вёскі — 2022”, а таксама “Хмелеўская Сёмуха”, якая даўно выйшла за раённыя межы. Менавіта тут адроджаны народны абрад “Ваджэнне Куста”.
Гэты прыгожы аўтэнтычны палескі абрад праводзіцца ў Хмелеве каторы год і заўжды выклікае цікавасць як у мясцовых жыхароў, так і гасцей. Сёлета ролю Куста выконвала Лізавета ГАЛОЎЧЫК. Дзяўчыну ўпрыгожылі кляновымі галінкамі і пад песні і танцы павялі па падворках. Народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” з юнымі выканаўцамі ўзорнага фальклорнага калектыву “Дараносіца”, ансамбль народнай песні “Раздолле”, вакальны ансамбль “Таямніца” і рэтраквартэт “Мікс” завіталі да дбайных гаспадароў, каб пажадаць дабрабыту, багацця і моцнага здароўя, а тыя, у сваю чаргу, частавалі гасцей прысмакамі.
Абышоўшы ўсе падворкі, што запрашалі “куст”, артысты вярнуліся на пляцоўку ля сельскага Дома культуры. Тут яны зноў станцавалі для гасцей свята. Затым маленькія артысты паспяшаліся на дзіцячую пляцоўку, а самыя смелыя ўскараскаліся на мотабайкі, каб пракаціцца з ветрыкам па аграгарадку. Завяршылася свята танцавальнай вечарынай “Хмэлёвськый пляц”.
Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара

Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
