Гэты год нездарма праходзіць пад знакам гістарычнай памяці. Сярод мноства мерапрыемстваў, прымеркаваных да яго, і праект “Шчасце жыць у мірнай краіне”. Нядаўна ў Брэсце падведзены вынікі абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу “Мір у душы — мір у краіне!”, які ладзіцца ў рамках названага праекта. У ім паўдзельнічалі дзеці з усіх раёнаў Брэсцкай вобласці, і жабінкаўскія юныя таленты выступілі надзвычай годна.
Конкурс быў арганізаваны ў пачатку года Беларускім фондам міру сумесна з Міністэрствам адукацыі краіны і з блаславення Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі ВЕНІЯМІНА.
Юныя творцы, якія перамаглі ў раённым этапе, цяпер спаборнічалі на абласным узроўні. Работы прадстаўляліся ў трох намінацыях: “Жывапіс”, “Верш” і “Проза”.
Першую намінацыю судзіў вядомы айчынны мастак-ювелір, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай КУЗЬМІЧ. Мікалая Пятровіча нездарма называюць Лазарам Богшам ХХ стагоддзя. Менавіта яму выпаў гонар з блаславення тагачаснага Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі ФІЛАРЭТА ў 1997 годзе абнавіць страчаную святыню — крыж Ефрасінні Полацкай. Цяпер жа яму давялося ацэньваць малюнкі, дасланыя з усіх куткоў Брэстчыны на творчы конкурс. У выніку для ўдзелу ў рэспубліканскім этапе была адабрана 21 работа. Сярод іх — малюнак “Свята-Мікіцкая царква — жамчужына палескага дойлідства” (на здымку), выкананы 12-гадовым вучнем Жабінкаўскай СШ № 1 Арцеміем ДЗЕМЧУКОМ.
Паэтычныя і празаічныя творы судзілі сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ і Анатоль БЕНЗЯРУК. Сярод дзясятка вершаў, якія будуць прадстаўляць Брэстчыну ў сталіцы, і “Вёсачка” Вольгі ДРУШЧЫЦ. Свой верш дзяўчына прысвяціла роднаму Старому Сялу. Сярод эсэ адбор быў яшчэ больш жорсткі, паколькі даслаць з вобласці ў Мінск патрабавалася ўсяго пяць празаічных твораў. У гэтую шчаслівую пяцёрку ўвайшло эсэ прадстаўніцы другой гарадской школы Вікторыі МАСІЕВІЧ. Свой твор 12-гадовая аўтарка назвала так, як завецца конкурс — “Мір у душы — мір у краіне!”.
Абласная прыступка паспяхова адолена. Наперадзе сталіца. Пажадаем нашым юным талентам перамогі!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
