У рамках Года гістарычнай памяці ў Маціе-віцкай базавай школе прайшла сустрэча са старшынёй Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццянай ДЗЕМІДОВІЧ і пісьменнікам, гісторыкам, журналістам Анатолем БЕНЗЕРУКОМ.
Таццяна Анатольеўна расказала пра сябе і сваю творчасць, пра работу аддзялення, літаратурныя навінкі. Правяла з вучнямі віктарыну па творах дзіцячай літаратуры і падарыла школе кнігі берасцейскіх пісьменнікаў-калег, у тым ліку і сваю.
Анатоль Расціслававіч спыніўся на гісторыі стварэння літаратурнай старонкі “Плынь”, якая на працягу многіх дзясяткаў гадоў радуе чытачоў раённай газеты “Сельская праўда”. Нагадаў імёны жабінкаўскіх паэтаў, чые творы друкаваліся ў “Плыні”, і прачытаў вершаваныя радкі масцітых аўтараў-землякоў: Васіля САХАРЧУКА, Алеся КАСКО, Леаніда ГЛУШКО, юнай паэткі са Старога Сяла Волечкі ДРУШЧЫЦ. Да слова, іх творы ўпрыгожылі майскі выпуск літстаронкі.
Госці папрасілі дзяцей не саромецца і дзяліцца сваёй творчасцю, звяртаючыся ў абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў і рэдакцыю раённай газеты, дзе заўсёды падкажуць і дапамогуць, дзе юны талент не застанецца незаўважаным.
Дар’я НІКАНЧУК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
