“РУБЕЖ” УЗЯТЫ ПАСПЯХОВА!

Ужо на працягу пяцігодкі навучэнцы СШ № 3 – удзельнікі ваенна-спартыўнай гульні “Рубеж”, якая праводзіцца ў Брэсцкай крэпасці і прысвечана Дню памежніка і подзвігу пагранічнікаў у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны.

У горадзе над Бугам існуе Інстытут памежнай службы Беларусі, які разам з гарадской арганізацыяй БРСМ ладзіць гэтыя спаборніцтвы. Гульня складаецца з 15 этапаў, сярод іх – страявая падрыхтоўка, пагранічнае следапыцтва, спаборніцтвы снайпераў, віктарына, прысвечаная старонкам гісторыі легендарнай Цытадэлі.

Усё ж нездарма гаворыцца: “Гульня – справа сур’ёзная”. Юнакі і дзяўчаты, прыходзячы на “Рубеж”, выхоўваюць камандны дух, мацуюць узаемападтрымку, маральна-валявыя якасці і, безумоўна, патрыятызм. Вельмі важна, што ў вачах маладых складваецца станоўчы вобраз ахоўніка граніцы. Добры вынік і ў тым, што адзін з выпускнікоў трэцяй гарадской вырашыў у будучым звязаць свой лёс з гэтай адказнай і надзвычай важнай вайсковай прафесіяй.

Аднак – пра гульню. Яна планавалася выключна для кадэцкіх класаў горада Брэста. Жабінкаўскія школьнікі з СШ № 3 у гэтым плане – шчаслівае выключэнне. Вытокі знаёмства і сяброўства з арганізатарамі спаборніцтваў сягаюць у 2017 год, калі вучні з Жабінкі пабывалі на экскурсіі ў Цэнтры падрыхтоўкі спецыялістаў пагранічнага кантролю Інстытута памежных спраў. Між іншым, рабяты пазнаёміліся з бытам на заставе, пабывалі ў вучэбных класах і на месцы службы берасцейскіх пагранічнікаў. Гэтак завязаліся вельмі цёплыя адносіны. З тае пары практычна штогод памежнікі – доўгачаканыя госці ў трэцяй гарадской, дзе яны праводзяць урокі мужнасці і дыялогавыя пляцоўкі па прафарыентацыі.

Што надзвычай прыемна: кожны раз, калі вучні СШ № 3 удзельнічаюць у “Рубяжы”, яны вяртаюцца дамоў з узнагародамі, прычым не толькі каманднымі, але й індывідуальнымі. Асабліва ўдала выступаюць юныя жабінкаўцы ў конкурсе “Снайпер”, дзе некалькі гадоў запар бяруць прызы. Гэты год не стаў выключэннем. Скарбонку школьных узнагарод папоўніў Дзмітрый ЛІСІЦКІ, які перамог у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. А ў этапе “Самы моцны” насамрэч мацнейшым за іншых стаў 11-класнік Антон ГАПОНЧЫК. Увогуле па выніках спаборніцтва вучні СШ № 3 Жабінкі занялі трэцяе каманднае месца.

Вядома, поспех юных змог стаць рэальнасцю толькі пры дапамозе класнага кіраўніка 11 “А” Вольгі ДЗМІТРУК. Пяць гадоў таму менавіта Вольга Віктараўна ажыццявіла ідэю сяброўства з пагранічнікамі і ў гэтым знайшла падтрымку з боку дырэктара школы Святланы КАМЕНЕВАЙ.

– Ваенна-спартыўная гульня настолькі папулярная сярод школьнікаў, – расказвае Святлана Канстанцінаўна, – што жадаючых заўсёды значна больш, чым патрабуецца ў каманду. Таму пры падрыхтоўцы да “Рубяжу” праводзіцца сапраўды сур’ёзны адбор-кастынг. Асаблівасцю года, які прысвечаны гістарычнай памяці, стала тое, што ў гульні паўдзельнічалі юнакі і дзяўчаты з патрыятычнай групы профільнага дзясятага класа. Вынікам мы задаволены, але, лічу, няма “рубяжоў”, якія яшчэ не пад сілу нашым навучэнцам!

Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.