Там, дзе прайшла стальная магістраль

Там, дзе прайшла стальная магістраль

Жабінка – з ліку тых населеных пунктаў, што неадрыўна і сваім мінулым, і сённяшнім днём звязана з чыгункай. А яе вакзал – своеасаблівая візітоўка, з якой пачынаюць знаёмства з горадам шматлікія госці. Захавалася досыць шмат фотаздымкаў, на якіх можна пабачыць, як ён мяняўся з часам.

Першы, яшчэ драўляны вакзальны будынак, узнік роўна 150 гадоў таму – напрыканцы 1870-га, а ўжо праз год жыхары паселішча сустракалі на станцыі Жабінка першы паравоз. Гэта адкрыла сапраўдную новую эру ў іх жыцці. Нездарма доўгі час менавіта пачатак руху па магістралі Масква – Брэст у лістападзе 1871 года лічылі за пачатак Жабінкі, хоць населены пункты з такой назвай і існаваў з часоў значна ранейшых.

Да Першай сусветнай вайны быў адбудаваны каменны вакзал, які быў ушчэнт пабураны ў жніўні 1915 года кайзераўскімі войскамі. Калі ўзнік сённяшні будынак, адлюстраваны на старым і сучасным здымках, дакладна высветліць няпроста. Хутчэй за ўсё гэта адбылося ў сярэдзіне 20-х гадоў мінулага стагоддзя, ці, як раней казалі, “за польскім часам”.

Датаваць старую картачку можна больш дакладна. На ёй – першамайская дэманстрацыя, на якую выйшлі працаўнікі Жабінкаўскай дыстанцыі пуці.

У першых шэрагах людзей, апранутых у форму пуцевікоў, бачым невысокую карчакаватую асобу. Гэта начальнік арганізацыі – Сяргей Нікалаеў (1908-1989), які кіраваў дыстанцыяй паміж 1944 і 1957 гадамі. На яго грудзях пакуль няма вышэйшай узнагароды Савецкага Саюза – ордэна Леніна. Яго Сяргей Уладзіміравіч атрымае за датэрміновае аднаўленне да 1950 года магістралі Брэст – Масква, моцна пашкоджанай падчас Вялікай Айчыннай вайны. Затое адзін з яго падначаленых узнімае высока над галавою партрэт з выявамі ажно чатырох правадыроў – Карла Маркса, Фрыдрыха Энгельса, Уладзіміра Леніна ды Іосіфа Сталіна. Гэткім чынам падзея адбываецца недзе паміж 1951 і 1952 гадамі, але не пазней за пачатак сакавіка пяцьдзесят трэццяга, калі памёр “бацька народаў таварыш Сталін” і пачаўся закат ягонага культу.

Калі параўнаць здымак сярэдзіны мінулага веку з сённяшнім, адразу кідаецца ў вочы не толькі тое, што за гэты час значна падраслі кволыя дрэўцы. Адно з іх і сёння кідае асеннюю жоўта-барвовую лістоту пад ногі. ўжо А вось нязграбнага драўлянага плоту каля дома даўно ўжо няма. Прыкметна змяніўся і дах вакзала: замест колішніх гонтаў – сучаснае новае пакрыццё. Наверсе калісь было ажно шэсць комінаў, паколькі вялікі будынак доўгі час ацяпляўся з дапамогаю печаў.

І прывакзальная плошча, па якой шпацыравалі на свята пуцевікі, таксама перажыла змены. Бачна, што некалі яна была ўбрукаваная (гэтак жа абчэсаныя камяні пакрывалі калісь і суседнюю вуліцу Леніна). У нашыя дні і плошча, і вуліца заасфальтаваныя. Ды і ўвесь будынак і плошча вакол яго пакідаюць прыемнае ўражанне кожнаму, хто пажадае пачаць сваё знаёмства з Жабінкай ад месца, праз якое паўтара века таму прайшла стальная магістраль.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top