Заўжды дапамогуць
У раённым камітэце БРСМ нагадалі: у будні з 8.00 да 17.00 па нумары 6-95-05 працягвае працаваць “гарачая лінія”. У сувязі з няпростай эпідэміялагічнай сітуацыяй па дапамогу могуць звярнуцца пажылыя грамадзяне і інваліды. У райкаме аператыўна падкажуць нумары тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, гігіены і эпідэміялогіі, устаноў аховы здароўя, а таксама дапамогуць арганізаваць дастаўку прадуктаў харчавання, лекаў і тавараў першай неабходнасці. Зараз можна звяртацца па дапамогу ва ўборцы снегу на сваёй прысядзібнай тэрыторыі. Так, днямі валанцёры атрада “Добрае сэрца” Старасельскай сярэдняй школы дапамаглі ў гэтым жыхару шаноўнага ўзросту. Дабрачынны праект праводзіцца сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам і раённай арганізацыяй Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Тэлефануйце — вам заўжды дапамогуць!
Дзяўчаты — лаўрэаты
Сталі вядомы вынікі ІІ Міжнароднага творчага конкурсу “Навагодні серпанцін”, які завочна праводзіўся ў Варонежскай вобласці (Расія). Сярод пераможцаў — выхаванкі Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Насця Трацэвіч, Марыя Кобак і Вікторыя Кіслая, якія хораша спявалі любімыя песні. Дзяўчаты ўзнагароджаны дыпломамі лаўрэата 1 ступені. Рыхтавалі юных спявачак да конкурсу таленавітыя педагогі Ганна Міхальчук і Алена Казінская.
Зімовыя цуды з саломкі
Якой бывае зіма? Снежнай, марознай, халоднай. А вось у раённым цэнтры творчасці для дзяцей і моладзі зіма незвычайная! Яна — у саламяных карунках! Не верыце? Тады завітайце сюды і ўпэўніцеся самі! Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Залатая саломка” Тамара Казлова разам са сваімі выхаванцамі падрыхтавала экспазіцыю “Зіма ў саламяных карунках”. Атрымалася надзвычай прыгожа і творча! На выставе можна пабачыць Казу, Конікаў, Гаспадара і Гаспадыню, Калядоўшчыкаў з зоркай, мяшэчкі з багаццем, запрэжаных у сані… свіней і многае іншае.
Шашачныя баталіі
Педагог Арцём Серада ў цэнтры творчасці каторы год вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак паводзіць сябе, як сапраўдныя палкаводцы. Так-так, пад кіраўніцтвам Арцёма Сяргеевіча ў выхадныя дні разварочваюцца сапраўдныя вайсковыя дзеянні, праўда, на шахматных дошках. У мінулую суботу ўпершыню ў РЦТДіМ адбыўся турнір па шашках сярод навучэнцаў. У выніку чэмпіёнамі сталі два Мікіты — Рэмеш і Якавук, а таксама Дзіма Кіслы.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%