Цягнікі сустракаюцца. Людзі тым больш

Вакзал — нярэдкае месца сустрэч, толькі вось не заўсёды бываюць яны прыемнымі. Ці мог меркаваць шпіталёвец П., што сярод белага дня гэткае спатканне ў Жабінцы прынясе яму галаўны боль у прамым і пераносным сэнсе слова?
А справа была так. Быў гожы летні дзень, калі вырашыў П. з’ездзіць у наш райцэнтр, каб набыць ежу ды тое-сёе для дома. На “шопінг”, трэба сказаць, выправіўся ён нападпітку, кульнуўшы “на дарожку” 200 грамаў гарэлкі. Адразу каля вакзала П. зайшоў у магазін “Асарці”, дзе прыкупіў тое, што жадаў. Настрой быў добры ды й адчуванне нармалёвае. Усё змянілася, калі побач з крамай яго заўважыла мужчынская кампанія. Нехта з іх папрасіў у П., як у народзе кажуць, ручку пазалаціць — даць грошай, каб набыць алкаголю або цыгарэт. Шпіталёвец абурыўся: маўляў, трэба не на лавачцы ся-дзець, а пайсці папрацаваць, тады і капейчына завядзецца. Слова за слова — і канфлікт гатовы. Прычым сваркай справа не скончылася. Так на жаль, бывае: спачатку языкамі зачэпяцца, а хутка і кулакам даюць волю. Адзін з тых, хто сядзеў на лаўцы, падскочыў да П. Гэта быў Аляксандр М. Ён ударыў пацярпелага ў сківіцу і зваліў таго з ног. Хаваючы твар рукамі, П. прысеў на бардзюр. Аднак гэта яшчэ больш распаліла забіяку, які зноў некалькі разоў прыклаўся сваёй рукой да чужой сківіцы. Не змог застацца ў баку ад гэтага і Аляксандраў таварыш Мікалай Ш. Не, ён не спыніў сябрука, не стаў яго ўшчуваць ці адцягваць. Зусім наадварот: калі Аляксандр спыніўся, Мікола працягнуў ягоную справу.
А затым наступіла “прымі-рэнне”: пацярпелы купіў дзве пляшкі віна, закуску, яшчэ і пяцёрку падараваў свайму крыўдзіцелю, каб той не хадзіў пешшу, а паехаў дамоў на таксі… У бальніцу П. у той дзень не звяртаўся. Наведаўся ў лякарню пазней, калі наступным ранкам адчуў, што не можа есці. Тады і выклікаў міліцыянера, якому пажаліўся, што напярэдадні яго збіў невядомы. Неўзабаве П. стаў пацыентам абласной клінічнай бальніцы, дзе высветлілася, што ў мужчыны з двух бакоў зламана ніжняя сківіца.
Праваахоўнікам аказалася не складана адшукаць Аляксандра, які прызнаў сваю віну. Адбыўся суд. Ён прызнаў грамадзяніна М. вінаватым, прычым, асуджаны меў яшчэ і неадбытае пакаранне, вынесенае летам 2020 года судом Ленінскага раёна горада Брэста.
У выніку паводле часткі 1 артыкула 73 Крымінальнага кодэкса краіны па сукупнасці прыгавораў, вынесеных у Брэсце і Жабінцы, Аляксандру М. прызначаны асноўныя пакаранні ў выглядзе абмежавання волі на адзін год без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і штрафу ў 808 рублёў 97 капеек ды дадатковае пакаранне — штраф, які склаў 1450 рублёў. Акрамя таго, адпаведна частцы 1 артыкула 107 КК да Аляксандра прыменены прымусовыя меры па лячэнні ад алкагалізму.
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.