Амаль стапрацэнтная гатоўнасць

На Жабінкаўшчыне да завяршэння падыходзіць правядзенне тэхаглядаў у сельскагаспадарчых арганізацыях. Ужо можна сказаць, што ўся тэхніка, якая будзе задзейнічана на веснавых работах, спраўная і падрыхтаваная. Тэхагляд прайшлі 92 працэнты сельгасмашын. Варта адзначыць, што ў трох гаспадарках раёна: ААТ “Ракітніца”, “Вазнясенскі” і “Рагазнянскі” — тэхніка гатова на 100 працэнтаў.

Прыемна спыніцца

У Жабінцы стартавала рэнавацыя прыпыначных пунктаў. Разам з развіццём транспартных зносін (вялікай папулярнасцю ў жыхароў карыстаецца новы аўтобусны маршрут Брэст — Жабінка) змяненні закрануць і прыпынкі. Яны будуць не толькі мець свае назвы і прывабнае вонкавае аблічча, але і пэўныя зручнасці для пасажыраў. Плануецца, што ўсе прыпынкі выканаюць у адзіным стылі.

Запрашае студатрад

Як паведаміла першы сакратар райкама БРСМ Кацярына Андрасюк, летась у шасці студэнцкіх атрадах было працаўладкавана больш за 40 жадаючых. Хлопцы і дзяўчаты працавалі ў сельскагаспадарчых, вытворчых і сэрвісных атрадах у розных арганізацыях нашага раёна. Напрыклад, моладзь з радасцю прымалі ў ПМК-10, ЖКГ, санаторыі “Надзея”, ААТ “Ракітніца” і іншых калектывах. Спісы жадаючых папрацаваць летам фарміруюцца загадзя, таму ўжо прыйшоў час дзейнічаць! З гэтай мэтай 1 сакавіка ў першай гарадской школе прайшла акцыя “Выбіраем студатрад”. Падчас мерапрыемства школьнікі бліжэй пазнаёміліся з дзейнасцю студэнцкіх атрадаў, а жадаючыя змаглі падаць адпаведную заяву.

Скажы наркотыкам “не”!

Першы веснавы дзень пазначаны на календары як Міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй і незаконным абаротам наркотыкаў. У сувязі з гэтым прафілактычныя мерапрыемствы праходзяць па ўсёй рэспубліцы. Напрыклад, у рамках акцыі другую гарадскую школу наведалі намеснік начальніка Жабінкаўскага РАУС Яўген Самускевіч, старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Аляксандр Хівук, а таксама лідар маладзёжнай арганізацыі Кацярына Андрасюк. Яны падрыхтавалі для школьнікаў цікавае выступленне і правялі віктарыну “Скажы наркотыкам “не”!

Песняры зямлі беларускай

Менавіта так называюць класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янку Купалу. У Ленінскай сельскай бібліятэцы арганізавана кніжная выстава, прысвечаная знакамітым творцам. Яна адкрылася з нагоды правя-дзення літаратурна-музычнай кампазіцыі “Мелодыю мовы славянскай я чую…”, прымеркаванай да 140-годдзя з дня нараджэння Купалы і Коласа. Відэапрэзентацыя нагадала прысутным найбольш значныя моманты з жыцця і творчасці беларускіх песняроў. Удзельнікі сустрэчы прадэманстравалі веды і інтэлект, адчулі сябе сапраўднымі літаратурнымі крытыкамі.

Вясёлая масленіца

Па традыцыі ў нядзелю напярэдадні Масленічнага тыдня (сёлета ён пачаўся 28 лютага і завершыцца 6 сакавіка) у прыходзе храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў Жабінцы адбыўся штогадовы дабрачынны кірмаш “Вясёлая масленіца”, арганізаваны бацькамі выхаванцаў нядзельнай школы. Гасцей частавалі блінамі з начынкамі, рознымі кандытарскімі вырабамі ўласнага прыгатавання, гарачай гарбатай. За гэта ўдзельнікі пакідалі ахвяраванні. Яны змаглі ўнесці ўклад у будаўніцтва храма ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага ў нашым горадзе. 
Падборку падрыхтавала Дар’я НІКАНЧУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.