Першая настаўніца не забываецца

Першая настаўніца не забываецца

Настаўнік пачатковай школы на новым жыццёвым этапе для кожнага, хто прыйшоў у першы клас, — гэта першы настаўнік, чалавек, які выхоўвае сілу духу, дапамагае зразумець, вывучыць новае, навучыць чытаць і пісаць. Ён становіцца сябрам і застаецца ў памяці калі не на ўсё жыццё, то на доўгі час для кожнага чалавека.
Адной з тых, хто навучаў і выхоўваў, вёў да мэты вучняў пачатковых класаў Жабінкаўскай школы-інтэрната была Зінаіда Пятроўна ХВАЛЬКО. Яна ўспа-мінае, што яшчэ з дзяцінства назірала за працай свайго бацькі Пятра Раманавіча МАЦВЕЮКА — настаўніка матэматыкі, калі ён правяраў сшыткі і выстаўляў адзнакі. Татава работа здавалася ёй вяршыняй дасканаласці. Таму вельмі рана ў Зінаіды ўзнікла мара стаць педагогам і паступіць у адпаведны інстытут. Немалаважным было і тое, што Зінаіда Пятроўна вельмі любіла дзяцей. Пасля заканчэння ў 1976 годзе педінстытута яна працавала ў Падлескай пачатковай школе. А праз год была пераведзена ў школу-інтэрнат. Зінаіда Пятроўна прызнаецца, што было шмат нюансаў у рабоце ў спецыяльнай школе, з якімі яна раней не сутыкалася. Мэтай стала вучоба на факультэце дэфекталогіі ў Мінскім педінстытуце імя Максіма Танка. У 1995 годзе Зінаіда Хвалько атрымала яшчэ адзін дыплом і новыя веды па спецыяльнасці тыфлапедагога. У спецыяльнай школе, сцвярджае Зінаіда Пятроўна, немагчыма працаваць без ведання тыфлапедагогікі і тыфлапсіхалогіі. А з цягам часу, калі ва ўстанове з’явіліся татальна сляпыя дзеці, спатрэбіўся кропкавы шрыфт Брайля. Навучылася педагог і гэтаму майстэрству. А яшчэ трэба было ведаць метады лячэння і папярэджання разнастайных недахопаў маўлення і вымаўлення. Настаўнік пачатковых класаў школы-інтэрната павінен ведаць і лагапедыю, што і выкарыстоўвала Зінаіда Пятроўна ў рабоце з дзецьмі, праяўляючы да іх павагу і разуменне.
Зінаіда Хвалько сцвярджае,
што памятае ўсіх сваіх навучэн-цаў. Як чалавек адказны і добразычлівы, Зінаіда Пятроўна двойчы ездзіла з дзецьмі ў Італію, вазіла іх на аздараўленне. Гэтыя паездкі падарылі шмат прыемных уражанняў і новых знаёмстваў. Ад Зінаіды Пятроўны выхаванцы атрымлівалі наказ: кожны павінен памятаць, што ён чалавек, і ў любой сітуацыі паводзіць сябе па-чалавечы, годна.
Як настаўнік, які працаваў з выпускамі Зінаіды Хвалько, магу сказаць: дзеці з яе класа пераходзілі ў пяты з моцнымі ведамі, уменнем слухаць і чуць, верыць у свае сілы і пераадольваць няўдачы.
З цеплынёй і ўдзячнасцю пры-
гадвае Зінаіду Пятроўну яе былы вучань Эдуард ПІШЧЫК:
— Думаю, не памылюся, калі скажу, што большасць з нас з асаблівай цеплынёй успамінае свае школьныя гады. Я выдатна памятаю той дзень, калі ўпершыню пераступіў парог Жабінкаўскай школы-інтэрната. Адна з самых яркіх падзей школьнага жыцця — першая лінейка і першы ўрок, які ў нас называўся ўрокам міру, а таксама знаёмства з нашай першай настаўніцай — Зінаідай Пятроўнай Хвалько. Пад яе чулым кіраўніцтвам мы рушылі ў падарожжа па Краіне ведаў. Менавіта яна заклала той трывалы фундамент, тыя азы, якія на працягу ўсіх далейшых школьных гадоў дапамагалі нам у асваенні новых ведаў. З велізарным цярпеннем і дабрынёй Зінаіда Пятроўна вучыла нас чытаць і пісаць, складваць і адымаць, памнажаць і дзяліць, маляваць і ляпіць з пластыліну. Памятаю, як яна вучыла мяне правільна трымаць ручку і аловак, вяла маёй рукой па паперы, каб паказаць, як правільна выводзіць тую ці іншую літару. Вельмі захапляльнымі і пашыраючымі кругагляд былі ўрокі прыродазнаўства і спеваў. Яшчэ запомніліся экскурсіі, якія праводзіла для нас Зінаіда Пятроўна. Асабіста для мяне самым незабыўным стала падарожжа на Жабінкаўскі хлебазавод, што знаходзіўся тады праз дарогу ад нашых карпусоў. Было вельмі цікава даведацца і пабачыць на свае вочы ўсе стадыі вытворчасці хлеба, які мы кожны дзень елі ў школьнай сталовай.
Канечне, дзіцячая памяць захоўвае не так шмат падзей з дзяцінства, але веды і ўменні, якія закладвае ў нас першы настаўнік, трывала засвойваюцца і прымяняюцца кожны дзень на працягу ўсяго далейшага жыцця. Толькі з гадамі мы ў поўнай меры пачынаем разумець усю важнасць і незаменнасць педагагічнай працы, у прыватнасці, першага настаўніка. Пражыўшы ўжо дастаткова вялікі адрэзак жыцця і шмат чаго зразумеўшы, я хачу выказаць словы вялікай прызнанасці і ўдзячнасці сваёй першай настаўніцы. Дарагая Зінаіда Пятроўна, дзякуй вялікі за Вашу працу, веды і ўменні, якія дапамаглі нам пераадолець першую прыступку ў нялёгкім і дастаткова доўгім працэсе набыцця новых ведаў, жыццёвага вопыту і фарміравання нас як асоб.
Упэўнена, што да слоў Эдуарда Мікалаевіча далучацца многія іншыя выпускнікі Зінаіды Пятроўны Хвалько.
А мне хочацца павіншаваць былую калегу з надышоўшай вясной і блізкім святам 8 Сакавіка, пажадаць ёй здароўя, міру і дабрабыту.
Раіса МАРГЕВІЧ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top