Не выканаўцы, а генератары ідэй
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае якасны склад супрацоўнікаў Генеральнай пракуратуры. Аб гэтым ён заявіў на ўрачыстым мерапрыемстве, дзе пракурорскім работнікам былі ўручаны дзяржузнагароды, а таксама перададзены Сцяг пракуратуры Рэспублікі Беларусь.
“Цяпер я бачу не проста выканаўцаў, сканцэнтраваных у Генеральнай пракуратуры, а людзей, якія генерыруюць вялікія ідэі. Адна з апошніх вашых ідэй (не апошняя, думаю) — гэта расследаванне злачынстваў фашыстаў і іх саўдзельнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта цяжка пераацаніць. Гэта вельмі важна. Запомніце: гэта важна для ўсіх тых, хто сёння кіруе краінай і носіць пагоны”, — адзначыў беларускі лідар.
Дэпутат у акрузе
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Белавежскай выбарчай акрузе № 8 Жанна Стаціўка прыняла ўдзел у пасяджэнні Ленінскага сельвыканкама. Падчас яго былі разгледжаны пытанні сацыяльнай сферы — медыцынскае абслугоўванне і адукацыя, а таксама пытанні добраўпарадкавання населеных пунктаў сельсавета. Потым Жанна Уладзіміраўна наведала Ленінскі выбарчы ўчастак для галасавання № 8.
У гарадскім парку — пункты прыцягнення
Кіраўнік раёна Вадзім Краўчук расказаў, што цяпер праводзяцца работы па рэанімацыі парку ў Жабінцы, уключэнні яго ў гарадскі асяродак з паўнавартаснай зонай камфорту і адпачынку. Служба ЖКГ займаецца ачысткай возера, што дасць магчымасць аднавіць фантан. Ён не працаваў больш за 10 гадоў. Да 1 мая плануецца яго адрамантаваць і ўключыць.
— Вясной установім у парку яшчэ адну дзіцячую пляцоўку. Гульнявы комплекс ужо закуплены. Таксама ёсць ідэі, звязаныя з пражэктарным падсвятленнем. Рэалізаваць задуманае намечана да лета. Хочам, каб у нашым парку з’явіліся новыя пункты прыцягнення. Месца перспектыўнае. Далей будзем разглядаць магчымасць прыходу ў гэту зону індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць у сферы грамадскага харчавання.
Напярэдадні рэферэндуму
Актывісты грамадскага аб’яднання БРСМ пра-водзілі інфармацыйна-растлумачальную работу па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму. Яны нагадвалі жыхарам горада аб падзеі, што адбудзецца 27 лютага. На рэферэндум выносіцца адно пытанне: “Ці прымаеце вы змены і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь?” і два варыянты адказу: за і супраць. Дарэчы, учора пачалося датэрміновае галасаванне.
Сіла Асноўнага Закона
Абласная інтэлектуальная гульня “QUIZ — “Канстытуцыя — сіла Асноўнага Закона” сабрала каля сотні юнакоў і дзяўчат з усёй Брэстчыны ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў. Яна складалася з пяці тэматычных тураў па шэсць пытанняў у кожным і шостага, у якім іх было дзесяць. Практычна ўсе яны тычыліся маючага адбыцца рэспубліканскага рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Жабінкаўскі раён у абласным этапе інтэлектуальнага спаборніцтва прадстаўляла каманда “Эрудыты 2.0” з трэцяй гарадской школы.
Падборку падрыхтавала
Святлана КІСЛАЯ
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%