Як вулічны “маляр” “шэдэўраў” наствараў
Давялося працаўнікам Жабінкаўскай ЖКГ брацца за пэндзлі, каб замаляваць “шэдэўры”, якія пакінуў пасля сябе на будынках на вуліцах Камуністычнай, Цэнтральнай, Каштанавай і Францыска Скарыны невядомы “творца”. “Аматару прыгожага” і гэтага паказалася мала, таму ён размаляваў яшчэ і трансфарматарную падстанцыю, размешчаную на вуліцы Маладзёжнай. Камунальнікі, канечне, усё вярнулі ў належны стан, а вось праваахоўнікі ўзбудзілі супраць невядомага справу паводле артыкула 341 Крымінальнага кодэкса краіны за псаванне маёмасці ў грамадскім месцы.
Ён і краў, і кулакамі махаў
Берасцеец Аляксандр К. — “рэкардсмен”: супраць яго на працягу 20 хвілін узбуджаны адразу дзве крымінальныя справы! Па першай ён хуліганіў паблізу Жабінкаўскага камбікормавага завода і пры гэтым рукамі-нагамі пабіў Андрэя Ю. Па другой — таксама нападпітку спрабаваў скрасці веласіпед “Аист”. Толькі тут злодзею не пашанцавала. Толькі ён сабраўся “зрабіць колы” ровару, як з’явіўся гаспадар і не даў Аляксандру давесці пачатае да завяршэння.
Дзесьці нехта цюнар… “сцюрыў”
Яшчэ адна неўсталяваная асоба выняла шкло з аконнага праёма і без запрашэння наведалася ў хату да Святланы Г. Здабычай злодзея стаў не толькі цюнар, але і тэлевізар “LG”. Пагаспадарыўшы ў доме, зламысніку гэтага падалося мала, і ён таксама праз акно ўвайшоў у летнюю кухню, дзе скраў пяць кансерваў. У выніку гаспадыня страціла маёмасці на 290 рублёў, а невядомы набыў крымінальны артыкул. Следчыя спрацавалі аператыўна і хутка раскрылі сапраўднае імя невядомага. Ім аказаўся жыхар Кобрынскага раёна М., які і раней меў праблемы з законам.
Як злодзей “патанцаваў” у “Ягадным вальсе”
Ёсць у Бабрах фермерская гаспадарка з паэтычнай назвай “Ягадны вальс”. Сюды яшчэ мінулай восенню наведаўся Сяргей Я. Завітаў не ў госці, а дзеля крадзяжу. У выніку пасля злодзея зніклі шрубавёрт “Макіта” і металічныя трубы. Агульны кошт скрадзенага склаў 900 рублёў. Супраць грамадзяніна Я. узбуджана справа па частцы 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Аляксей СТРУК, намеснік начальніка Жабінкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%