Скажы, навошта лёс нас зноўку звёў?

Многія таленты чалавека пачынаюць праяўляцца яшчэ ў дзяцінстве. Вось і Любачка, як той салавейка, заспявала раненька. Прынамсі, як і яе сястра. Галасы дзяўчатак звінелі званочкамі на ўсё сяло Паўлаўка, што ў Кіраваградскай вобласці Украіны. Суседзі былі ў захапленні ад імправізаваных канцэртаў сястрычак, казалі, што талент ім варта развіваць. Задумалася Любачка: мо, праўду людзі кажуць? Вырашыла паступаць у культурна-асветніцкае вучылішча, што ва ўкраінскай Александрыі. Там дзяўчына атрымала спецыяльнасць кіраўніка харавога калектыву. Вярнулася дадому. Працавала ў дзіцячым садзе, Доме культуры, Доме піянераў. У родным сяле спаткала сваю другую палавінку — Уладзіміра.
— Знаёма з ім была з дзяцінства, — узгадвае Любоў Ільінічна. — А як з вучобы вярнулася, дык другімі вачыма паглядзела: вясёлы, шчод-
ры, надзейны. У армію правяла, ліставаліся. А вярнуўся з войска — адразу шлюбам пабраліся.
Нарадзіліся ў сям’і Васіленкаў сын Валодзя і дачка Вікторыя. У штодзённых клопатах праляталі дні маладой сям’і.
Там жа, непадалёку, жыў Мікалай Лосеў, які “сох” па Любе са школьнай лаўкі. Ды вернай была Любоў свайму Валодзю і сардэчных Мікалаевых пакут не заўважала. Павіншавала яго, як у загс павёў аднакласніцу. Бывала, бачыліся, словам перакінуцца аб справах надзённых — дый годзе.
У 1987-м раптоўна стала Люба ўдавою. Двое дзяцей на руках, у краіне творыцца невядома што: прадпрыемствы зачыняюцца, калгасы развальваюцца. Як жыць, як дзяцей гадаваць? Не пакідалі ў роспачы жанчыну знаёмыя і родныя. А сябра нябожчыка з Жабінкі Генадзь Лойкуць, што разам з памерлым будавалі нафтаправод “Дружба”, часта наведваўся да яе, падтрымліваў, як мог, перанесці боль страты. З цягам часу стаў Любіным другім мужам, дапамагаў гадаваць дзетак. Перабраліся дружнай сям’ёй у Жабінку. Спачатку кватэру здымалі, а потым домік у Алізаравым Ставе прыдбалі. Уладкаваліся ў першую гарадскую школу: Генадзь — рабочым, а Любоў парадкі ў кабінетах наводзіла.
Дачка Вікторыя хутка парадавала бацькоў, што сустрэла сваё каханне, зазбіралася замуж за Віктара. У маладой сям’і зазвінелі галасы дзетак Карыны, Крысціны і Аркадзя. У сына Валодзі, як і ў роднага бацькі, быў нядоўгі век — памёр маладым.
Чатыры гады таму зноў Люба стала ўдавою. Заліваецца чорным горам яе жаночае сэрца… Дачка, клопаты пра ўнукаў не далі жанчыне паддацца самоце. Родныя і сяброўкі юнацтва з Украіны падтрымлівалі яе, пісалі ў сацыяльных сетках пра падзеі роднага сяла.
Аднойчы ў інтэрнэце яна “спаткала” Мікалая Лосева, што быў улюбёны ў яе ў школьны час. Перапіска Любы і Мікалая адбывалася вельмі цікава — “гутарылі” радкамі з песень:
— Ты у меня одна, словно в ночи луна, словно в году весна…
— Цени всё то, что послано нам свыше,
Любите тех, кого нашла душа…
— Скажи, зачем судьба случайно нас свела?
Віртуальная перапіска была нядоўгай. Мікалай запрасіў Любу ў госці, а той даўно хацелася пабачыць сваю радзіму і дом, дзе прайшло дзяцінства. Мікалай сустрэў яе на вакзале з букетам кветак. Любоў наведала радню, школьных сябровак, з якімі не бачылася 20 гадоў, з’ездзіла на могілкі, дзе пахаваны першы муж і сын.
Пачуцці Мікалая да Любы ўспыхнулі з новай сілай. Яго дзеці (сын і дзве дачкі) не былі супраць татавай каханай, і ён зрабіў прапанову рукі і сэрца. 25 чэрвеня мінулага года яны распісаліся ў горадзе Александрыя Кіраваградскай вобласці. У Беларусь вярталіся ўдваіх. Мікалай працуе апальшчыкам на ферме ў Шпіталях, а Любоў — у школе. Яны любяць быць разам, падзяляюць усе гаспадарчыя клопаты папалам, часта сазвоньваюцца, радуюцца дробязям. Прыклад кахання Любові і Мікалая — доказ, што пачуцці непадуладныя часу і ўзросту.
Кацярына ЦІТОВА

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.