РОДНАЯ ЗЯМЛЯ, ГЭТА ПАМЯЦЬ ТВАЯ

РОДНАЯ ЗЯМЛЯ, ГЭТА ПАМЯЦЬ ТВАЯ

Высокіх слоў казаць не трэба, бывае досыць прыехаць у Драмлёва і моўчкі пастаяць на памятным трагічным месцы, каб зразумець, якой бядой напоўнена вайна. Такая думка прагучала з вуснаў старшыні райвыканкама Вадзіма КРАЎЧУКА на адкрыцці ў раённым музеі новай экспазіцыі “Злачынствы фашызму. Генацыд беларускага народа”.

Выстава адкрылася 10 лютага. У яе аснове — здабыткі пракуратуры раёна, якая шчыльна займаецца вывучэннем фактаў генацыду на Жабінкаўшчыне ў гады вайны.
На вялікі жаль, ліхалецце пакінула глыбокі і балючы след. У пацвярджэнне — 25 мяшэчкаў з зямлёй. Яны прывезены з месцаў, дзе ў 1941-1944 гадах масава гінулі людзі. Сярод іх — і памятка з Жабінкі, з мемарыяла, прысвечанага воінам-вызваліцелям. Сёлета, па словах Вадзіма Васільевіча, будзе завершана яго рэканструкцыя. Гэту справу, на думку старшыні раённага Савета дэпутатаў Анатоля ШАЛТАНЮКА, неабходна праводзіць удумліва і ўзважліва, бо мемарыял на вуліцы Кірава сапраўды знакавы. Яшчэ памятныя часы, калі сюды на святы вялікім строем прыходзілі ветэраны. Цяпер тых, хто некалі ўзнімаўся ў атаку, засталося ўсяго чацвёра, таму неабходна іх атуліць асаблівай пашанай. А памятаць патрэбна тых, каго ўжо не стала.
Пракурор раёна Алег ЦЫГАНОЎ распавёў, як актыўна апытваліся сведкі трагічных падзей, летась працавала пошукавая група, з Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь атрыманы каштоўныя дакументы — крыніцы нашай памяці.
Так, зроблена нямала, аднак праца не спыняецца. Тым больш, што крок за крокам адкрываюцца ўсё новыя падрабязнасці трагедый у Жабінцы, Ацячызне, Хадасах, у іншых месцах, дзе карнікі пакінулі злачынны след.
Найбольш вядома пра трагедыю Драмлёва. Назва вогненнай вёскі гучала не раз. Прамова Анатоля БЕНЗЕРУКА ўсіх прымусіла міжволі спусціцца па лесвіцы часу ў сорак другі год, калі на Галавасек была знішчана вёска Драмлёва, а затым узгадаць 1982-гі, калі на яе месцы паўстаў мемарыял. Ён увекавечыў 183 драмлёўцаў, якія 11 верасня загінулі ў агні.
Як і сорак гадоў таму, на рускай, украінскай і беларускай мовах прагучалі радкі з верша паэта Міколы Бажана, прысвечаныя памяці. Гісторык і пісьменнік пажадаў надалей развіваць драмлёўскую тэму, падараваўшы музею артэфакты, знойдзеныя ў розныя часы на месцы вогненнай вёскі. Зямля штогод са сваіх глыбіняў выносіць на паверхню гэтыя памяткі, а музей, як навукова-даследчая ўстанова, па крупінках збірае і зберагае іх для нашчадкаў. Таму асобна хочацца падзякаваць культработнікам за клопат пра мінулае, захаванне нашай няпростай, нярэдка трагічнай гісторыі.
Антон БЕРАСТОК
Фота аўтара і Святланы КІСЛАЙ

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top