“ШАГ” за “ШАГ”ам на шляху да ведаў

Ужо не першы год у трэцяй гарадской школе праводзяць “ШАГ” — школу актыўнага грамадзяніна. Пры гэтым стараюцца запрашаць у госці цікавых суразмоўнікаў.

Нядаўна ў СШ № 3 пабывалі афіцэры-памежнікі, якія выкладаюць у Інстытуце пагранічнай службы: падпалкоўнік Андрэй АСАПРЫЛКА і капітан Таццяна КУРОХЦІНА. З іх навучальнай установай у жабінкаўскіх школьнікаў усталяваліся цесныя сувязі.
Усё пачалося вясной 2018-га з ініцыятывы Вольгі Дзмітрук — класнага кіраўніка тагачасных васьмікласнікаў, якія зараз ужо выпускнікі. Перш-наперш жабінкаўскія вучні пабывалі ў горадзе над Бугам на экскурсіі ў школе прапаршчыкаў, агледзелі навучальныя кабінеты, папрактыкаваліся на спецыяльным абсталяванні, у тым ліку пабачылі, як правяраюцца дакументы на мяжы. Дзеці наведаліся і на заставу Кіжаватава, дзе пабачылі працу кінолагаў, памежную паласу, пазнаёміліся з практычнай службай пагранічнікаў.
На наступны год у Брэсцкай крэпасці навучэнцы СШ № 3 паўдзельнічалі ў абласной ваенізаванай гульні “Камарын”, прысвечанай вызваленню першага райцэнтра Беларусі. Прычым юныя жабінкаўцы сталі нават пераможцамі гульні.
Не перарываюцца сувязі і па сённяшні дзень. Як прыклад — сустрэча з афіцэрамі-выкладчыкамі ў Жабінцы. “ШАГ” атрымаўся выніковым, паколькі адзін з выпускнікоў трэцяй гарадской пажадаў пасля школы паступаць у згаданы інстытут.
Апошнім па часе стаў “ШАГ”, на які быў запрошаны свяшчэннік Свята-Пакроўскай царквы Максім ВОЛК. Да мерапрыемстваў звычайна актыўна далучаюцца маладыя спецыялісты, якія сёлета папоўнілі шэрагі настаўніцкай сябрыны. Яны выкладаюць розныя прадметы, але аб’ядноўвае іх галоўнае — любоў да прафесіі і дзяцей. Гэта настаўнікі пачатковых класаў Ганна НАТЫНЧЫК і Вераніка КРУГЛАЯ, працоўнага навучання Аліна ЗАШЧУК (яны прыбылі ў наш раён па размеркаванні з Кобрына і Пінска). Чацвёрты малады спецыяліст — наша зямлячка Тамара СТАРЫЦКАЯ, якая вучыць школьнікаў англійскай мове.
— Нашы маладыя спецыялісты ўсе вельмі таленавітыя, арганічна ўпісаліся ў педкалектыў. Маю надзею, што яны замацуюцца на першым працоўным месцы, — зазначае дырэктар Святлана КАМЕНЕВА.
— Вельмі прыемна, што маладыя педагогі багатыя на творчыя здоль-насці. Напрыклад, падчас сустрэчы з айцом Максімам Аліна Зашчук падаравала яму вітраж з выяваю храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў Жабінцы (на здымку).
Гэткім чынам, “ШАГ” за “ШАГ”ам набліжае да ведаў і творчасці не толькі вучняў, але і педагогаў.
Антон БЕРАСТОК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.